• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Дарадца Ціханоўскай пра Ноч растраляных паэтаў і яе разбуральны ўплыў на беларускую культуру, мову і адукацыю

    29 кастрычніка, 2025

    Дарадца Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі Павел Церашковіч узгадаў жудасную падзею з беларускай гісторыі – Ноч растраляных паэтаў –  і расказаў як тэрор таго часу нанёс страшную шкоду беларускай культуры і адукацыі:

    «З ночы з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. па загадзе, падпісаным асабіста Іосіфам Сталіным, было забіта 102 прадстаўнікі эліты беларускага грамадства. Сярод іх — як мінімум 20 літаратараў. Менавита таму гэтая дата атрымала назву “Ноч растраляных паэтаў”. Але забівалі не толькі пісьменнікаў. У тую ж жудасную ноч расстралялі трох рэктараў БДУ, акадэміка і двух член-карэспандэнтаў Акадэміі навук, двух міністраў народнай асветы, трынаццаць выкладчыкаў і даследчыкаў.

    І гэта працягвалася не адну ноч. Гэта быў татальны тэрор — вынішчэнне інтэлектуальнай эліты грамадства. На працягу 1930-х гг. было рэпрэсавана 30 акадэмікаў і член-карэспандэнтаў Акадэміі навук БССР. Са 134 аспірантаў Акадэміі навук, якія навучаліся ў 1934 г., у 1938 г. на волі засталося толькі 6. 

    Ахвярамі тэрору былі не толькі беларусы: рэпрэсавалі яўрэяў, літоўцаў, латышоў. Быў разгромлены цэнтр літоўскай гісторыі і культуры пры Акадэміі навук — усе яго супрацоўнікі, у тым ліку два акадэмікі, трапілі ў ГУЛАГ або ў ссылку.

    Ад рэпрэсій пацярпела і беларуская мова. Рэформа 1933 г. была накіраваная на максімальнае ўніфікаванне з рускай: яна скажыла традыцыйнае вымаўленне і выкінула вялікія пласты гістарычнай лексікі.

    Згодна з сумнавядомым загадам № 33, тысячы кніг і рукапісаў падлягалі канфіскацыі і знішчэнню. У жніўні 1937 г. іх спальвалі ў унутраным двары Менскай турмы НКУС БССР.

    У 1930-я гады ў БССР былі зачынены амаль усе культавыя будынкі, разбураны архітэктурныя ансамблі старажытных манастыроў у Віцебску, Воршы, Полацку. У Магілёве толькі за адну ноч узарвалі дзевяць помнікаў сакральнай архітэктуры. Ад шматлікіх ідэалагічных пастаноў істотна пацярпелі музейныя калекцыі; музеі і іх супрацоўнікі былі рэпрэсаваныя.

    Рафаэль Лемкін, ураджэнец Беларусі і аўтар Канвенцыі ААН аб прадухіленні і пакаранні за злачынства генацыду, пісаў, што генацыд не абавязкова азначае выключна татальнае фізічнае вынішчэнне. Мэта генацыду — знішчэнне сацыяльнай групы, народа, нацыі як супольнасці. “Часцей за ўсё гэта скаардынаваны план, накіраваны на разбурэнне базавых асноў жыцця нацыянальных груп так, каб гэтыя групы зачахлі і памерлі, як расліны, якія пацярпелі ад хваробы”. Гэта культурны генацыд, які ажыццяўляецца праз «апаганьванне» і знішчэнне культурных сімвалаў (кніг, прадметаў мастацтва, рэлігійных рэліквій і г. д.), знішчэнне культурнага кіраўніцтва і культурных цэнтраў (гарадоў, цэркваў, манастыроў, школ, бібліятэк).

    Ці мае сэнс складаць чэк-ліст злачынстваў, што адбываліся ў Беларусі ў 1930-я гады, дзеля высвятлення іх адпаведнасці паняццю культурнага генацыду? Здаецца, усё відавочна».

    Апошнія навіны