Дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька ўзяў удзел у пасяджэнні Парламенцкай Асамблеі «Еўранэст», якое прайшло ў Ерэване. Падчас пасяджэння быў запушчаны працэс надання прадстаўнікам дэмакратычных сілаў Беларусі статусу наглядальніка.
Удзел у мерапрыемстве ўзялі таксама прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Каардынацыйнай Рады: Юрый Губарэвіч, Валерый Мацкевіч, Аліса Рыжычэнка, Арцём Брухан.
Анатоль Лябедзька распавёў пра вынікі:
«Мы зрабілі ўсё неабходнае, каб ужо на наступным пасяджэнні Асамблеі прадстаўнікі дэмакратычнай Беларусі маглі ўдзельнічаць не як госці, а наглядальнікі. Гэта якасна новы ўзровень узаемадзеяння. Так, трэба будзе ўнесці змены ў працэдуры і статут, але калі ёсць палітычная воля — а яна ёсць — працэс перайдзе з дэ-факта ў дэ-юрэ. Дзякую дэпутатам Еўрапарламента, парламентарыям з Вярхоўнай Рады Украіны і ўсёй беларускай дэлегацыі за супольную працу і сінергію».
Да таго ж, у межах пасяджэння «Еўранэст» была прэзентаваная ініцыятыва Альянсу дэпутацкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» і «Пазітыўнай альтэрнатывы», якая стала часткай дарожнай карты еўраінтэграцыі Беларусі.
Анатоль Лябедзька падзякаваў за супрацоўніцтва парламентарыяў Украіны і Малдовы, дзе ўжо працуюць групы «За дэмакратычную Беларусь» і запрасіў далучыцца да Альянсу парламент Арменіі. Таксама дарадца прапанаваў кааперацыю працы па рэформах і праектах закона.
Беларуская дэлегацыя працягвае працу на міжнародных пляцоўках, каб голас дэмакратычнай Беларусі быў пачуты.
