Святлана Ціханоўская трэці год запар возьме ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Мерапрыемства збірае ў Германіі вядучых палітыкаў, экспертаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці для разгляду ключавых пытанняў бяспекі ў свеце.
Падчас візіту лідарка ўздыме крытычна важныя пытанні, што датычацца бягучай палітычнай і сацыяльнай сітуацыі ў нашай краіне. Яна распавядзе пра рэпрэсіі супраць беларускага народа, праблемы ціску з боку Расіі і пагрозы, што ідуць ад размяшчэння атамнай зброі на тэрыторыі Беларусі.
- Што такое Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы?
Гэта мерапрыемства, дзе абмяркоўваюцца найбольш вострыя і актуальныя пытанні міжнароднай бяспекі і палітыкі. Падчас Канферэнцыі напачатку лютага 2022 года ішлі дыскусіі пра магчымую ўзброеную агрэсію Расіі супраць Украіны, а таксама абмяркоўваліся розныя рэгіянальныя канфлікты. У 2023-м цэнтрам абмеркавання стала вайна ва Украіне. Таксама аналізавалася праблема, датычная краінаў з аўтакратычнымі ўрадамі, што спрабуюць змяніць міжнародныя правілы і парадак.
- Хто ўдзельнічае ў Канферэнцыі?
У Мюнхене збіраюцца сусветныя лідары, эксперты ў вобласці бяспекі, палітыкі і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Вядомыя ўдзельнікі апошніх гадоў – прэзідэнты Эмануэль Макрон, Джо Байдэн, Уладзімір Зяленскі, а таксама канцлер Германіі Олаф Шольц, віцэ-прэзідэнтка ЗША Камала Харыс, Генеральны сакратар ААН Антоніа Гутэрыш і Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен.
- Чаму Канферэнцыя важная?
Канферэнцыя служыць платформай для дыялогу, пошуку рашэнняў і супрацоўніцтва паміж краінамі для забеспячэння міру і стабільнасці ў свеце. Важнасць Канферэнцыі ў тым, што яна збірае сусветных лідараў для разгляду комплексных выклікаў і тэндэнцыяў, што ўплываюць на міжнародную бяспеку. Гэта і глабальная ахова здароўя, і адсутнасць харчовай бяспекі, і гендарная перспектыва ў палітыцы бяспекі.
- Якія яшчэ асаблівасці ў Канферэнцыі?
Падчас Канферэнцыі прысуджаецца прэмія Эвальда фон Клейста за ўнёсак у «справу міру і вырашэння канфліктаў», а таксама Прэмія Джона Маккейна – за падрыхтоўку дысертацыяў, прысвечаных трансатлантычным адносінам.
Акрамя таго, існуе праграма «Мюнхенскія маладыя лідары». Каб аб’яднаць будучых кіраўнікоў і дапамагчы ім пашырыць міжнародныя сувязі, 25 маладых прадстаўнікоў урадавых інстытутаў, парламентаў, аналітычных цэнтраў, медыя і кампаніяў штогод выбіраюцца ў якасці маладых лідараў.
Таксама з 2023 года пачала працаваць праграма, якая яднае новае пакаленне жанчынаў-парламентарак з Бундэстага і Еўрапарламента. Абраная група цягам года распрацоўвае новыя ідэі для палітыцы бяспекі і развіцця Германіі ў розных фарматах.
- Аб чым будзе гаварыць на Канферэнцыі Святлана Ціханоўская?
Беларуская лідарка ўздыме шэраг крытычна важных пытанняў, што датычацца бягучай палітычнай і сацыяльнай сітуацыі ў Беларусі і яе ўплыву на міжнародную бяспеку.
Ціханоўская распавядзе пра праблему атамнай зброі на тэрыторыі Беларусі, а таксама пра палітычны і вайсковы ціск з боку Расіі. Акрамя гэтага, лідарка актуалізуе інфармацыю пра рэпрэсіі супраць беларусаў. Мюнхенская канферэнцыя дасць магчымасць звярнуцца да міжнароднай супольнасці з заклікам да падтрымкі дэмакратычнай Беларусі і ўзмацнення міжнароднага ціску на рэжым.
- Якія плануюцца сустрэчы?
Ціханоўская плануе сустрэцца з сусветнымі лідарамі, каб абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі і заклікаць да падтрымкі беларускага народа, што змагаецца за свае правы і свабоды нават ва ўмовах дыктатуры. Асноўная мэта гэтых сустрэчаў — упэўніць міжнародных партнёраў у неабходнасці супольных высілкаў для падтрымкі змагання беларусаў за дэмакратыю.
- Чаму ўдзел беларускай лідаркі важны?
Удзел Святланы Ціханоўскай на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы мае выключную важнасць для Беларусі і яе будучыні, бо ён сімвалізуе прызнанне беларускай лідаркі як прадстаўніцы беларускага народу на міжнароднай арэне. Гэта падымае пытанне Беларусі на вышэйшы ўзровень міжнароднага дыялогу.
Акрамя таго, гэта паказвае салідарнасць міжнароднай супольнасці ў падтрымцы беларусаў і спрыяе ўзмацненню ціску на рэжым.