Беларуская лідарка далучыцца да Саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці, што пройдзе 18 ліпеня ў Вялікабрытаніі. Мерапрыемства наведаюць 46 лідараў еўрапейскіх дзяржаў, у тым ліку кіраўнікі Еўрапейскага Саюзу, АБСЕ, Рады Еўропы і НАТА. Сярод удзельнікаў – Шарль Мішэль, Олаф Шольц, Эманюэль Макрон, Джорджа Мелоні, а таксама Нікол Пашынян з Арменіі, Ільхам Аліеў з Азербайджана, Аляксандр Вучыч з Сербіі. Новы прэм’ер Вялікабрытаніі Кір Стармер запрасіў Святлану Ціханоўскую як адмысловую госцю.
Падчас саміту беларуская лідарка акцэнтуе ўвагу на пытаннях падтрымкі беларусаў, захавання незалежнасці нашай краіны, вызвалення палітычных вязняў, а таксама еўрапейскай будучыні Беларусі.
«Гэта запрашэнне – гэта знак салідарнасці з беларускім народам, з нашымі палітвязнямі, гэта мэсэдж падтрымкі беларусам, якія бачаць краіну свабоднай, дэмакратычнай і еўрапейскай дзяржавай. Удзел у саміце дазволіць нагадаць пра барацьбу беларусаў за свабоду, а таксама абмеркаваць спосабы вызвалення нашых палітвязняў з турмаў. Я хацела б, каб Беларусь бачылі як партнёра. Бо Беларусь – гэта не рэжым, гэта беларускі народ», – адзначыла Святлана Ціханоўская перад Самітам.
Раней Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю, дзе заклікаў запрашаць дэмакратычныя сілы Беларусі ўдзельнічаць у працы Еўрапейскай палітычнай супольнасці і даць ім статус назіральніка.