У сталіцы Бельгіі пачалося пасяджэнне Кансультатыўнай групы Еўрасаюза па Беларусі — пляцоўкі, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасці і еўрапейскіх інстытутаў.
Сёлета сустрэчы сканцэнтраваныя на:
➖палітычнай сітуацыі ў Беларусі і рэгіянальнай бяспецы;
➖візавай мабільнасці беларусаў у ЕС;
➖стане незалежных медыя і супрацьдзеянні прапагандзе;
➖падтрымцы дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці.
Гэта ўжо пятая такая сустрэча. Папярэднія праходзілі з удзелам ключавых партнёраў з Еўрасаюза і прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных структураў, актывістаў, грамадзянскай супольнасці. Рашэнні, якія выпрацоўваюцца ў межах групы, дапамагаюць каардынаваць дзеянні ЕС па падтрымцы дэмакратычнай Беларусі.
Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці пасяджэння, дзе падкрэсліла важнасць супрацы:
«Еўрапейскі Саюз — не проста наш саюзнік. Ён — мэта для дэмакратычнай Беларусі. І я веру, што мы яе дасягнём».
Далей лідарка ўзяла ўдзел у панэлі, прысвечанай палітычнай сітуацыі ў Беларусі, дзе падкрэсліла ключавыя праблемы ў Беларусі:
📌 Рэпрэсіі ў краіне:
«Мы зараз назіраем больш вытанчаныя формы рэпрэсіяў, накіраваныя супраць усіх слаёў грамадства. Рэжым перайшоў ад аўтарытарызму да таталітарызму, прыкрываючыся вайной і «ўнутранымі ворагамі».
📌 Саўдзел рэжыму ў вайне:
«Вайна стала выгодай для Лукашэнкі. Прынамсі 287 дзяржаўных прадпрыемстваў пастаўляюць тавары для расійскай арміі. Рэжым прапануе тэрыторыю і інфраструктуру для расійскіх дронаў у абмен на падтрымку Пуціна».
📌 Эканоміку:
«Рэжым здабывае выгаду з шчылінаў у санкцыях, рээкспартуючы забароненыя тавары ў Расію і прадаючы калій праз расійскія марскія парты. Гэтыя ваенныя даходы дапамаглі стабілізаваць эканоміку і павысіць ВУП. Мінск пашырае сувязі з Кітаем, Іранам, Кубай і Паўночнай Карэяй, імкнучыся не толькі да рэсурсаў, але і да міжнароднай легітымнасці».