Каманда Офіса Святланы Ціханоўскай падрыхтавала адказы на актуальныя пытанні наконт запыту Літвы ў Міжнародны суд для пачатку расследаванняў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі. Расследаванне закране злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя рэжымам з 2020 года, і тыя наступствы, з якімі ўжо чатыры гады сутыкаюцца беларусы як унутры краіны, так і за яе межамі.
1. Запыт у міжнародны суд – што гэта? Чарговы фармальны дакумент?
Запыт пракурору Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) – гэта просьба дзяржаў-удзельніц Рымскага Статута расследаваць адны з самых цяжкіх злачынстваў, якія здзяйсняюцца на якой-небудзь тэрыторыі. У выпадку, калі пракурор МКС пачне вытворчасць па сітуацыі, апісанай у запыце, гэта можа прывесці да выдачы міжнароднага ордара на арышт Лукашэнкі, а далей – і (або) іншых высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.
2. А што за нагода для падачы запыту ў МКС?
Факты, якія сабралі беларускія дэмакратычныя сілы і праваабарончыя арганізацыі (пазней матэрыялы прааналізавалі супрацоўнікі літоўскіх дзяржаўных органаў). Даныя сведчаць: у Беларусі мэтанакіравана ажыццяўляецца шырокамаштабны і сістэматычны напад на частку цывільнага насельніцтва па палітычных падставах. Акрамя таго, з 2022 года распрацавана і прымяняецца спецыяльнае рэпрэсіўнае заканадаўства, накіраванае на пазбаўленне фундаментальных правоў гэтай часткі насельніцтва.
3. Лукашэнку і ягоных памагатых абвінавачваюць у злачынствах супраць чалавечнасці, праўда?
Насамрэч, злачынствы супраць чалавечнасці – гэта цэлы набор розных міжнародных злачынных дзеянняў. Напрыклад, дэпартацыя, пераслед і іншыя бесчалавечныя дзеянні, учыненыя супраць цывільнага насельніцтва па загадзе высокапастаўленых палітычных, праваахоўных і ваенных кіраўнікоў. Тое, што частка элементаў гэтых злачынстваў была ўчыненая на тэрыторыі Літвы, робіць гэтыя злачынствы часова, тэрытарыяльна і матэрыяльна (па прадмеце) такімі, што трапляюць пад юрысдыкцыю МКС.
4. «Гвалтоўнае перамяшчэнне беларусаў ці дэпартацыя»? Сур’ёзна?!
У практыцы міжнародных крымінальных трыбуналаў дэпартацыяй лічыцца не толькі прымусовае перасяленне людзей, але і сітуацыі, калі грамадзяне вымушаныя пакідаць дамы з-за наўмысна створанага клімату страху, тэрору і пераследу. Згодна з артыкулам 7 Рымскага Статута, дэпартацыя ў гэтых выпадках разглядаецца як гвалтоўнае перамяшчэнне людзей з іх законных месцаў пражывання, учыненае без прававых падстаў.
5. Хто ініцыяваў падачу запыту ў Міжнародны крымінальны суд?
Літоўская Рэспубліка па прапанове Дэмакратычных сілаў Беларусі: Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Народнага Антыкрызіснага Упраўлення, Офіса Святланы Ціханоўскай праваабарончага цэнтра «Вясна» і іншых праваабарончых арганізацыяў.
6. Чаму ініцыявалі запыт мы, а падавала Літва?
Згодна з правіламі, ініцыяваць расследаванне сітуацыі можа сам пракурор, дзяржава-падпісант Рымскага Статута або грамадзянская супольнасць. Пры гэтым дзяржава, якая ініцыюе просьбу, праводзіць пільны аналіз сабраных сведчанняў таго, што здзяйсняецца сур’ёзнае злачынства. Больш за тое, калі мы кажам пра такое злачынства супраць чалавечнасці, як недобраахвотная дэпартацыя, яно пачынае здзяйсняцца ў адной краіне (у нашым выпадку – у Беларусі), а канчаецца – у іншай (у большасці сваёй у Літве, Польшчы і іншых сумежных дзяржавах). Пры такіх абставінах дзеянні Літвы цалкам лагічныя і паслядоўныя, бо ў тым ліку гэтая дзяржава сутыкаецца з наступствамі найгрубейшых парушэнняў правоў чалавека з боку рэжыму Лукашэнкі.
Для аналогіі, можам узгадаць нядаўнюю справу па дэпартацыі насельніцтва рахінджа з М’янмы ў Бангладэш. Суд пастанавіў: нягледзячы на тое, што М’янма не з’яўляецца ўдзельнікам Рымскага Статута, злачынства можа быць разгледжана, бо частка злачынных дзеянняў адбылася на тэрыторыі Бангладэш – краіны, якая з’яўляецца членам МКС.
7. На чым заснаваныя доказы, прадстаўленыя ў суд?
На сведчаннях відавочцаў і пацярпелых ад меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасці, а таксама пісьмовых матэрыялах і даных ад сумежных краінаў, куды беглі беларусы. Злачынствы таксама фіксаваліся шматлікімі міжнароднымі механізмамі пры такіх арганізацыях, як АБСЕ, ААН.
8. Колькі гадоў працягваюцца злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі?
Калі мы гаворым пра такое злачынства супраць чалавечнасці, як недобраахвотная дэпартацыя, то ўжо больш за чатыры гады – з пачатку масавых мірных пратэстаў.
9. Якія злачынствы былі зафіксаваныя за гэтыя гады?
Катаванні, гвалт, знікненні людзей, адвольныя арышты і забойствы. Аднак трэба мець на ўвазе, што Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай Рымскага Статута. Таму не ўсё з зафіксаваных злачынстваў можа расследаваць МКС. У выпадку сённяшніх падзеяў гаворка ідзе пра злачынствы супраць чалавечнасці, у тым ліку дэпартацыю, пераслед і іншыя бесчалавечныя дзеянні.
10. Як рэжым Лукашэнкі пераследуе беларусаў, якія знаходзяцца за межамі краіны?
Беларусаў працягваюць пазбаўляць правоў, запалохваць і падвяргаць судовым рэпрэсіям. Яскравы прыклад – асуджэнне ў спецыяльнай вытворчасці без гарантыяў, прадугледжаных артыкулам 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама накладанне арышту і наступная канфіскацыя маёмасці тых, хто вымушана ўцёк з краіны, баючыся дзяржаўнага тэрору.
11. Якія краіны ўжо падтрымалі міжнароднае расследаванне супраць Лукашэнкі?
Літва афіцыйна падала запыт у Міжнародны крымінальны суд. Мы таксама заклікаем іншыя краіны рушыць услед прыкладу Літоўскай Рэспублікі, перадаўшы аналагічныя просьбы аб узбуджэнні справы ў МКС.
12. Якія міжнародныя прававыя механізмы пойдуць у ход для прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці?
Калі па дадзенай просьбе будзе ўзбуджаная сітуацыя, то Офіс пракурора МКС пачне расследаванне. Пры гэтым паўнамоцтвы пракурора шырокія: апытанні відавочцаў і пацярпелых, розныя следчыя дзеянні. Пасля вынясення міжнароднага ордара на арышт рушыць услед просьба ўсім дзяржавам, якія ратыфікавалі Рымскі Статут, аб неадкладным затрыманні і арышце Лукашэнкі і дастаўленні яго для выканання правасуддзя.
13. Якое значэнне мае рашэнне Літвы для беларусаў?
У першую чаргу, яно дае надзею на правасуддзе і пакаранне вінаватых у пераследзе сотняў тысячаў нашых грамадзян.
14. Што азначае гэты кейс для Беларусі?
Гэта азначае, што ўсе адказныя ў Беларусі за міжнародныя злачынствы рана ці позна будуць пакараныя, а таксама гэта перадумова для патэнцыйнага арышту і міжнароднага суда над самім Лукашэнкам.
15. Які патэнцыял мае гэты працэс для змены палітычнай сітуацыі ў Беларусі?
У выпадку выдачы міжнароднага ордара на арышт Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў, яны ў вачах цывілізаванага свету становяцца ў адзін шэраг з іншымі дыктатарамі. Гэта істотна скарачае магчымасці рэжыму ў міжнародных адносінах.
16. Як зменіцца сітуацыя ў Беларусі пасля падзення рэжыму?
Беларусь плануе ратыфікаваць Рымскі статут і стаць часткай міжнароднай прававой супольнасці. Гэта дазволіць разглядаць у МКС не толькі злачынствы, звязаныя з гвалтоўнай дэпартацыяй, але і іншыя: гвалтоўныя знікненні, катаванні, забойствы, а таксама масавы дзяржаўны тэрор.