Сёння Лукашэнка правёў «вялікую размову з вучонымі». Дарадца Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі Павел Церашковіч тлумачыць, чаму стан беларускай навукі сёння — вынік не «адсутнасці вынікаў у вучоных», а шматгадовай палітыкі дыктатуры. Ён нагадвае пра рэальныя месца Беларусі ў міжнародных рэйтынгах, пра хранічнае недафінансаванне, архаічныя мадэлі кіравання і кадравыя прызначэнні, якія адарваныя ад навуковай супольнасці.
Павел Церашковіч: «У той час, калі чыноўнікі ад адукацыі яшчэ не паспелі выканаць загады па разгрому магістратуры, Лукашэнка знайшоў новую ахвяру для прыкладання сваёй актыўнасці. Гэтым разам ёй стала навука. У яе гаротным стане, як высвятляецца, вінаватыя самі навукоўцы, якія «не даюць вынікі». І на самой справе ў сусветным заліку вынікі выглядаюць не вельмі. Гаворка ідзе не пра абяцанкі стварыць беларускі электрамабіль, вакцыну ад кавід-19 ці струнны транспарт. Міжнародная статыстыка ацэньвае ўзровень развіцця навукі па колькасці публікацыяў у аўтарытэтных выданнях. Па гэтым паказчыку Беларусь займае 79 месца ў свеце, саступаючы Макаа і Непалу. У пераліку на душу насельніцтва нашая задача — абагнаць Коста-Рыку. У параўнанні з Латвіяй, Літвой, Польшчай паказчыкі Беларусі на душу насельніцтва ў пяць разоў ніжэйшыя, з Эстоніяй — у дзесяць.
І хто ж у гэтым вінаваты? Адказ на гэтае пытанне можна знайсці ў Глабальным індэксе ведаў. Агулам, там пазіцыі Беларусі не такія дрэнныя: па параметры «Даследаванні, развіццё і інавацыі» — 66 месца паміж Паўночнай Македоніяй і Батсванай у 2024 г. Але па «Спрыяльнасці асяроддзя» для даследаванняў — 85 пасля Танзаніі, па «Спрыяльнасці кіравання» — 131 (са 141 магчымага) пасля Гвінеі.
У дадзеным выпадку цяжка не згадаць кадравую палітыку Лукашэнкі, згодна з якой кіраўнікамі Акадэміі навук станавіліся выпадковыя, не маючыя аніякіх адносінаў да навукі асобы накшталт Мясніковіча ці Караніка. Ці Гусакова. Гэты акадэмік сваю няздольнасць пераадолець боязь выкарыстання камп’ютару пераўтварыў у ідэалогію: маўляў, сапраўдны навуковец павінен пісаць свае творы «ад рукі», на паперы. І шмат якія дырэктары інстытутаў страчылі ад рукі справаздачы на дзясяткі старонак.
Акадэмія навук як форма арганізацыі даследчай дзейнасці — рэч глыбока архаічная. У краінах, якія сапраўды з’яўляюцца сусветнымі лідарамі навуковых распрацовак, Акадэміі існуюць хіба як клубы навукоўцаў, пляцоўкі для дыскусіяў ці цырымоніяў для ўручэння навуковых узнагародаў. У ХХІ ст. вытворчасць інавацыяў ажыццяўляецца ў навукова-тэхналагічных кластарах, накшталт «Крэмніевай даліны» ў ЗША і «Крэмніевай вадзі (пустыні)» у Ізраілі. Гэта асяроддзе, у якім аб’ядноўваюцца намаганні ўніверсітэтаў, навукова-даследчых інстытутаў і лабараторыяў, бізнес-карпарацыяў з адпаведнай фінансавай, інфармацыйнай і лагістычнай інфраструктурай.
Справа не толькі ў адсутнасці адэкватных арганізацыі і кіравання. Жаданне атрымаць навуковы вынік і толькі потым за яго плаціць, як абяцае Лукашэнка, падобнае на імкненне даіць карову ў абмен на абяцанкі даць есці, толькі калі малако будзе якаснае. Вынік ад такога гаспадарання прадказаць няцяжка — не будзе ані малака, ані самой каровы. Тое ж і з беларускай навукай. Фактычна Лукашэнка яе забіў. Напэўна, няма іншай галіны беларускай эканомікі, у якой яго ўмяшанне прывяло да такіх разбуральных вынікаў. Савецкая навуковая спадчына, пра якую так любяць успамінаць праўладныя ідэолагі, выкінутая на сметнік.
Па долі выдаткаў на сферу даследаванняў і распрацовак ад ВУПу (Валавога ўнутранага прадукту) — каля 0,5% Беларусь займае 68 месца ў свеце, пасля Габона, Сенегала і Танзаніі. Гэта прыкладна ў пяць разоў меней за сусветны паказчык (2,67%). З пачатку 2000-ых гг. выдаткі на гэтыя мэты скараціліся ў два разы.
Але яшчэ больш уражваюць абсалютныя лічбы. Згодна з дадзенымі Дзяржкамстата выдаткі на даследаванні ў нашай краіне ў 2024 г. склалі 1447 млн. рублёў, то бок каля 424 млн. долараў. Гэта шмат ці не? Нагадаю, што гадавы бюджэт толькі аднаго Гётынгенскага ўніверсітэта ў Германіі дасягае 1438 млн. еўра. А калі пералічыць выдаткі на душу насельніцтва, то ў Беларусі гэта 46 долараў у год. У Швецыі — адным з сусветных лідараў па фінансаванні навуковых распрацовак — яны ў 50 разоў большыя, у Ізраілі — у 70.
Уласна ўнёсак дзяржавы ў сферу даследаванняў і распрацовак — трохі болей за 30% (рэшту дае прыватны бізнес). Гэта каля 125 млн. долараў. Я скажу далікатна: трэба мець рэдкую ступень навукова-тэхналагічнай наіўнасці, каб чакаць, што за гэтыя грошы табе зробяць электрамабіль ці вакцыну ад кавід-19. Карпарацыя Pfizer ўклала ў сваю вакцыну каля 2 мільярдаў долараў, яе партнёр BioNTech — яшчэ 445 мільёнаў.
Ці значыць усё гэта, што проста грошаў у Лукашэнкі няма? Не. Проста іх не давалі на навуку. Каб у гэтую сферу пайшло хаця б 10% ад таго, што зарылі ў неэфектыўную сельскую гаспадарку, то мы б жылі ў зусім іншай краіне».
