«Гэтай ноччу Расія зноў нанесла ўдар па Кіеве. У выніку атакі былі пашкоджаныя жылыя дамы і лініі электраперадачы, без электрычнасці засталіся каля 140 тысяч чалавек. Загінулі мірныя жыхары, дзеці і ратавальнікі.
Пад агнём апынулася і Кіева-Пячэрская лаўра — аб’ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і адзін з найстаражытнейшых манастыроў Усходняй Еўропы. За стагоддзі свайго існавання святыня неаднаразова перажывала разбурэнні і напады, але заставалася сімвалам веры, якая аб’ядноўвала ўкраінцаў і беларусаў праз пакаленні.
На жаль, для ідэалогіі «рускага свету» не маюць значэння ні жыцці мірных людзей, ні культурная спадчына, ні гістарычная памяць. Яна імкнецца перапісваць гісторыю на свой лад, не спыняючыся перад знішчэннем таго, што мае каштоўнасць для мільёнаў.
Тыя, хто сцвярджае, што падтрымлівае «духоўныя каштоўнасці», прыносяць ракеты і падпальваюць святыя месцы. У гэтым і ёсць сапраўдны твар расійскай імперыі. І яе неабходна спыніць.
Беларусы разам з Украінай у гэты цяжкі час. Сёння як ніколі важна заставацца разам — у абароне свабоды, праўды і ўсяго таго, што расійская агрэсія імкнецца знішчыць».
