22 кастрычніка Святлана Ціханоўская выступіла ў Палаце дэпутатаў Люксембурга на сумеснай сустрэчы з кіраўніцтвам парламента і Камітэтам па замежных справах. У ёй удзельнічалі віцэ-спікер Андрэ Баулер, кіраўнік групы «За дэмакратычную Беларусь» Поль Галес і дэпутаты розных палітычных партый.
Асноўныя тэмы сустрэчы:
- Вызваленне палітвязняў і спыненне рэпрэсій. Ціханоўская заклікала працягваць міжнародныя намаганні па вызваленні ўсіх палітвязняў і падтрымліваць іх сем’і. Яна падкрэсліла, што вызваленні павінны суправаджацца поўным спыненнем рэпрэсій.
- Дапамога рэпрэсаваным беларусам. Абмеркавалі працяг працы Міжнароднага гуманітарнага фонду, праграмы рэабілітацыі і падтрымку людзей, якія пацярпелі ад дзеянняў рэжыму.
- Праблемы беларусаў за мяжой. Асобную ўвагу надалі дакументам, легалізацыі, мабільнасці і доступу да адукацыі. Ціханоўская адзначыла важнасць рэалізацыі «Люксембургскіх рашэнняў» — рэкамендацый па вырашэнні гэтых праблем.
- Беларуская мова і культура. Гаворка ішла пра дапамогу незалежным культурным ініцыятывам і адукацыйным праектам, захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці ва ўмовах русіфікацыі і рэпрэсій.
- Еўрапейская перспектыва Беларусі. Беларуская лідарка заклікала падтрымліваць еўрапейскі выбар беларусаў, пашыраць супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі і захоўваць Беларусь у еўрапейскім парадку дня.
- Падтрымка Украіны. Удзельнікі падкрэслілі неабходнасць далейшай дапамогі Украіне, супрацьдзеяння расійскай агрэсіі і недапушчэння выкарыстання тэрыторыі Беларусі для вайны.
- Парламенцкае супрацоўніцтва. Разгледзелі магчымасць заключэння мемарандума паміж парламентам Люксембурга і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, пашырэнне сумеснай працы ў ПАРЕ, Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Альянсе парламенцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь».
Ціханоўская прапанавала правесці ў Люксембургу ў 2027 годзе парламенцкі круглы стол па рэалізацыі «Люксембургскіх рашэнняў», а таксама разгледзець магчымасць стажыровак для маладых беларусаў у парламенце краіны.
Беларуская лідарка падзякавала Люксембургу за падтрымку незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці, два фінансавыя ўнёскі ў Міжнародны гуманітарны фонд, парламенцкія рэзалюцыі 2023 і 2025 гадоў і падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў на міжнароднай арэне. Асобна яна адзначыла працу Поля Галеса ў Альянсе парламенцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь» і паслядоўную падтрымку з боку міністра замежных спраў Ксав’е Бетэля.
