ВАРШАЎСКІ ФОРУМ ПА БЯСПЕЦЫ
Падчас Варшаўскага форуму па бяспецы Святлана Ціханоўская правяла шэраг сустрэчаў і выступіла на міжнародных дыскусіях, прысвечаных расійскай пагрозе, падтрымцы Украіны і бяспецы Беларусі. Беларуская лідарка ўзяла ўдзел у панэлі «Дэмакратычны фронт: лідарства супраць расійскага аўтарытарызму» і круглым стале «Беларусь: поўнамаштабная мілітарызацыя», дзе BELPOL прадставіў даклад пра вайсковае супрацоўніцтва рэжыму Лукашэнкі з Расіяй.
На палях форуму Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных спраў Украіны Андрэем Сібігам, прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі НАТА Маркушам Перэштрэлу, міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім і іншымі міжнароднымі партнёрамі. Асноўнымі тэмамі размоваў сталі вызваленне палітвязняў, санкцыйны ціск на рэжым, супрацьдзеянне транснацыянальным рэпрэсіям, падтрымка беларускіх добраахвотнікаў і падрыхтоўка да дэмакратычных пераменаў у Беларусі.
УДЗЕЛ У ДЫСКУСІІ МЮНХЕНСКАЙ КАНФЕРЭНЦЫІ ПА БЯСПЕЦЫ
14 кастрычніка Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у дыскусіі «European Defence Townhall» у Варшаўскай школе эканомікі, арганізаванай у межах Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Мерапрыемства сабрала больш за 300 удзельнікаў, у тым ліку прадстаўнікоў Польшчы, Румыніі і міжнародных бяспекавых арганізацыяў.
Ціханоўская звярнула ўвагу на пагрозы, звязаныя з расійскай вайсковай прысутнасцю ў Беларусі, размяшчэннем ядзернай зброі і выкарыстаннем беларускай тэрыторыі для гібрыдных атак супраць еўрапейскіх краін. Яна падкрэсліла, што свабодная і дэмакратычная Беларусь з’яўляецца важнай умовай бяспекі ўсходняга фланга NATO.
БЕЛАРУСЫ З ПРАТЭРМІНАВАНЫМІ ПАШПАРТАМІ ЗМОГУЦЬ ПАДАЎЖАЦЬ ДАЗВОЛ НА ЖЫХАРСТВА Ў ІРЛАНДЫІ
15 кастрычніка стала вядома, што беларусы з пратэрмінаванымі пашпартамі змогуць падаўжаць дазвол на жыхарства ў Ірландыі. Рашэнне было прынятае пасля некалькіх месяцаў працы пры ўдзеле беларускай дыяспары ў Ірландыі і дэмакратычных арганізацыяў.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў адзначыў, што каманда гатовая дапамагаць беларускім уцекачам абгрунтоўваць немагчымасць атрымання новага пашпарта. Раней аналагічныя рашэнні прынялі Іспанія, Швецыя і Данія.
СУПРАЦЬДЗЕЯННЕ ТРАНСНАЦЫЯНАЛЬНЫМ РЭПРЭСІЯМ
14 кастрычніка Святлана Ціханоўская выступіла на мерапрыемстве «Транснацыянальныя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі: неабходны скаардынаваны міжнародны адказ» у межах Варшаўскай канферэнцыі па чалавечым вымярэнні АБСЕ.
Падчас сустрэчы былі прадстаўленыя два новыя даследаванні: справаздача iSANS пра эвалюцыю транснацыянальных рэпрэсіяў і даклад «Wanted by Dictator: Red Notice State», падрыхтаваны Офісам Святланы Ціханоўскай сумесна з BELPOL пры падтрымцы Кіберпартызанаў. У цэнтры ўвагі былі механізмы пераследу беларусаў за мяжой і неабходнасць скаардынаванай міжнароднай рэакцыі.
ВЫСТУП НА ВІЛЕНСКІМ САМІЦЕ СВАБОДЫ
15 кастрычніка Святлана Ціханоўская выступіла з асноўнай прамовай на Vilnius Freedom Summit, арганізаваным Міністэрствам замежных справаў Літвы і Freedom House. Саміт аб’яднаў прадстаўнікоў дэмакратычных урадаў, праваабаронцаў, былых палітвязняў і грамадзянскай супольнасці з Еўропы і Лацінскай Амерыкі.
Удзельнікі абмеркавалі падтрымку палітвязняў, рэабілітацыю вызваленых, супрацьдзеянне супрацоўніцтву аўтарытарных рэжымаў і абарону людзей ад рэпрэсіяў. Ціханоўская заклікала дэмакратычныя краіны захоўваць адзінства і салідарнасць у супрацьстаянні дыктатурам.
ДАКЛАД ААН ПРА ПАРУШЭННІ ПРАВОЎ ЖАНЧЫН У БЕЛАРУСІ
16 кастрычніка дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях інклюзіўнасці і раўнапраўя Юлія Міцкевіч пракаментавала даклад спецдакладчыка ААН па Беларусі Нілса Муйжніекса, прысвечаны парушэнням правоў жанчын.
У дакладзе адзначаецца сістэмны характар дыскрымінацыі жанчын у Беларусі і выкарыстанне заканадаўства як інструмента палітычнага пераследу.
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ — ДА ДНЯ МАЦІ
14 кастрычніка Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды Дня маці. У гэты дзень асаблівую ўвагу яна надала беларускім маці, якія перажываюць разлуку з дзецьмі, палітычны пераслед і вымушаную эміграцыю.
Washington Examiner (ЗША), POLITICO (Міжнароднае), TVP World (відэа, Польшча), ČTK (Чэхія), Česká televize (Чэхія), ELTA (Літва), Le Devoir (Канада), TVP Wilno (Польшча), Polskie Radio (Польшча).
