У Офісе Святланы Ціханоўскай у Вільні адбылася сустрэча дарадцы па дыпламатычных пытаннях Дзяніса Кучынскага з Педра Уручурту, кіраўніком міжнародных сувязяў каманды венесуэльскай дэмакратычнай лідаркі Марыі Карыны Мачада.
Галоўнай тэмай сустрэчы стала пашырэнне супрацоўніцтва з Венесуэлай і іншымі краінамі Лацінскай Амерыкі. Бакі дамовіліся развіваць кантакты з палітыкамі, парламентарыямі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці рэгіёну пры падтрымцы венесуэльскіх партнёраў, а таксама рыхтаваць сумесныя мерапрыемствы з удзелам Марыі Карыны Мачада.
Сярод ініцыятываў, над якімі плануецца працаваць:
– Правядзенне ў 2027 годзе сумеснай парламенцкай канферэнцыі «Два шляхі да свабоды: Венесуэла і Беларусь супраць дыктатуры».
– Арганізацыя экспертных сустрэч з прадстаўнікамі Лацінскай Амерыкі, прысвечаных дэмакратычнаму пераходу, пераадоленню наступстваў дыктатуры і прыцягненню вінаватых у рэпрэсіях да адказнасці.
– Пашырэнне сувязяў з парламентамі, праваабарончымі арганізацыямі, універсітэтамі і незалежнымі медыя рэгіёну, а таксама правядзенне сумесных мерапрыемстваў у краінах Лацінскай Амерыкі.
Асобную ўвагу надалі магчымасцям узаемнай падтрымкі на міжнародных пляцоўках. Для беларускіх дэмакратычных сілаў важна вывучаць досвед краін Лацінскай Амерыкі, якія прайшлі праз дыктатуры, і дзяліцца ўласнымі напрацоўкамі па падрыхтоўцы дэмакратычных рэформаў.
«Беларусаў і венесуэльцаў аб’ядноўвае барацьба за свабоду і дэмакратыю. Мы дамовіліся пашыраць кантакты ў Лацінскай Амерыцы, праводзіць сумесныя мерапрыемствы і шукаць новых партнёраў»,
— адзначыў дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі.
