Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі футбольнага клуба «Пагоня» ў Варшаве. У сустрэчы ўдзельнічалі сузаснавальнік клуба Ілля Шыла і беларускі футбаліст, майстар спорту міжнароднага класа Віталь Гайдучык.
Падчас размовы абмеркавалі развіццё беларускага спорту ў эміграцыі, ролю спартыўных ініцыятываў у згуртаванні беларускай супольнасці, а таксама актуальныя выклікі, з якімі сутыкаецца клуб.
Святлана Ціханоўская:
«Беларусам за мяжой патрэбныя не толькі культурніцкія і адукацыйныя праекты, але і месцы, дзе людзі могуць збірацца, камунікаваць, будаваць супольнасць і адчуваць сябе часткай чагосьці большага. ФК «Пагоня» якраз выконвае такую ролю.
У клуба ёсць ідэя адкрыць дзіцячую футбольную школу. Важна, каб маленькія беларусы мелі магчымасць займацца спортам у сваім асяроддзі, знаходзіць сяброў, чуць беларускую мову і адчуваць сувязь са сваёй культурай. І я вельмі спадзяюся, што гэты праект атрымае развіццё і падтрымку».
Асобную ўвагу надалі пытанням інфраструктуры і пошуку магчымасцяў для развіцця. Сярод галоўных патрэбаў клуба — доступ да трэніровачных пляцовак, пошук дадатковых крыніц фінансавання і падтрымка ў наладжванні кантактаў з патэнцыйнымі партнёрамі.
Сёння BKS Pahonia працягвае развівацца і адкрыты да супрацоўніцтва. Звязацца можна па пошце: partners@bkspahonia.com
