16 чэрвеня ў Варшаве ў Амбасадзе Італіі кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета правяла брыфінг для амбасадараў і дыпламатаў Аўстраліі, Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, ЗША, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Канады, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Мальты, Нарвегіі, Новай Зеландыі, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Швецыі і Японіі.
У брыфінгу таксама ўзялі ўдзел намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка, дарадца па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі і галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Падчас брыфінгу беларуская лідарка распавяла пра планы дэмакратычных сілаў, намаганні па вызваленні палітвязняў, санкцыйную палітыку і неабходнасць падтрымкі незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці.
Падчас сустрэчы абмеркавалі:
— наступныя крокі па вызваленні палітвязняў;
— вынікі першага візіту Святланы Ціханоўскай ва Украіну і ўкраінска-беларускае супрацоўніцтва;
— неабходнасць захавання ціску на рэжым, пакуль не будуць спыненыя рэпрэсіі і не пачнуцца сістэмныя перамены ў Беларусі;
— неабходнасць выдаваць больш шэнгенскіх візаў і ствараць праграмы мабільнасці;
— шляхі прыцягнення рэжыму да адказнасці праз міжнародныя суды;
— падтрымку беларускіх незалежных медыя, грамадзянскай супольнасці і культурніцкіх ініцыятываў;
— транснацыянальныя рэпрэсіі і праблемы з легалізацыяй беларусаў за мяжой;
— падрыхтоўку да «постлукашэнкаўскай» Беларусі і сцэнары пераменаў.
Святлана Ціханоўская:
«Так, сітуацыя можа выглядаць цяжкай, але яна не безнадзейная. І я застаюся аптымісткай. Цяпер нам трэба надаць новы імпульс, умацаваць нашыя магчымасці і падрыхтавацца да новых магчымасцяў, якія могуць узнікнуць тады, калі іх ніхто не чакае. І я ведаю, што на гэтым шляху мы не самотныя. У нас ёсць саюзнікі. У нас ёсць вы. Мы ёсць адно ў аднаго. І разам мы ўсё пераадолеем».
