У Варшаве Святлана Ціханоўская наведала новую выставу «Дэпатрыяцыя», якая праходзіць у Музеі Вольнай Беларусі. Экспазіцыя прысвечаная памяці пра беларускія пратэсты, салідарнасць і супраціў. На выставе прадстаўлены асабістыя рэчы ўдзельнікаў маршаў і дваровых ініцыятыў, а таксама сімвалы пратэсту і прадметы, якія даводзілася хаваць ад ператрусаў.
Падчас адкрыцця Святлана Ціханоўская адзначыла важнасць захавання памяці пра падзеі апошніх гадоў і падзякавала ўсім, хто працягвае працаваць дзеля Беларусі, нягледзячы на выгнанне, пераслед і ціск. Яна падкрэсліла, што такія праекты дапамагаюць захаваць сувязь паміж беларусамі і нагадваюць, дзеля чаго працягваецца барацьба за свабоду.
«У такія складаныя часы, якія Беларусь перажывае цяпер, важна захоўваць салідарнасць, праяўляць эмпатыю, трымацца разам і знаходзіць саюзнікаў. Неабходна не забываць, якая наша мэта і дзеля чаго мы працуем — дзеля свабоднай Беларусі. Часам прастора для дзейнасці зусім малая, але мы ўсё роўна павінны рабіць усё, што ад нас залежыць. І пакуль мы здольныя падтрымліваць адзін аднаго, пакуль у нас ёсць такія моцныя людзі — Беларусь жыве».
