Сёння ў Берліне адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай з новай спікеркай Бундэстагу Юліяй Клёкнер.
Святлана Ціханоўская распавяла пра актуальную палітычную сітуацыю ў Беларусі: працяг рэпрэсіяў, абмежаванні для незалежных журналістаў, культурніцкіх ініцыятываў і арганізацыяў грамадзянскай супольнасці. Асобна адзначыла маштаб беларускай дыяспары ў Германіі і яе значны ўклад у падтрымку беларускай культуры і прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцяў.
Ціханоўская падзякавала за падтрымку ініцыятывы стварэння парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», запуск якой адбудзецца падчас візіту. Яна падкрэсліла, што група стане важнай пляцоўкай для сістэмнай, доўгатэрміновай працы з беларускімі дэмакратычнымі структурамі і дапаможа трымаць беларускае пытанне на палітычным парадку дня Германіі і ЕС.
Падчас сустрэчы абмеркавалі намаганні па вызваленні палітвязняў і дамовіліся працягваць супрацоўніцтва паміж Бундэстагам і інстытутамі дэмакратычных сілаў Беларусі.
Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета падзякавала спікерцы за асабістую ўвагу да беларускай тэмы і за нязменную салідарнасць Германіі з беларускім народам.
Спікерка Юлія Клёкнер запэўніла, што Бундэстаг падтрымлівае і будзе падтрымліваць дэмакратычную Беларусь, беларускіх палітвязняў і грамадзянскую супольнасць, а таксама гатовы і надалей развіваць супрацоўніцтва з дэмакратычнымі інстытутамі.
