• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Візіты ў Польшчу, Эстонію і Вялікабрытанію, адкрыццё мяжы Літвы з Беларуссю, вызваленне святароў і ўкраінскіх грамадзянаў з беларускіх турмаў. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 17–23 лістапада

    24 лістапада, 2025

    ВІЗІТ У КРАКАЎ

    17–18 лістапада Святлана Ціханоўская знаходзілася з візітам у Кракаве, дзе правяла сустрэчы з мэрам горада Аляксандрам Мішальскім і старшынём гарадской рады Якубам Косэкам, а таксама з прадстаўнікамі беларускай дыяспары і культурніцкіх ініцыятываў. На перамовах з мэрам і старшынём гарадской рады былі абмеркаваныя асноўныя патрэбы беларусаў. Таксама ў Кракаве адбылося адкрыццё 10-га Саміту «Эканоміка адкрытых вачэй» — міжнароднага форуму, прысвечанага ідэі эканомікі, заснаванай на каштоўнасцях. У сваёй прамове Святлана Ціханоўская адзначыла, што будучыня беларускай эканомікі патрабуе дакладнага і адказнага плану пераменаў.

    ВІЗІТ У ЛОНДАН

    19–20 лістапада Святлана Ціханоўская знаходзілася з візітам у Лондане, дзе правяла брыфінг для парламенцкай групы «За Дэмакратычную Беларусь», які прайшоў з удзелам старшыні групы Вэндзі Мортан. Таксама лідарка прыняла ўдзел у публічнай дыскусіі «Будучыня Беларусі ў мірнай Еўропе», арганізаванай Centre for European Reform (CER) і Прадстаўніцтвам ЕС у Вялікабрытаніі. Да таго ж, у Лондане адбылася цырымонія ўзнагароджання Прэміі за свабоду выказвання 2025, якую штогод уручае міжнародная арганізацыя Index on Censorship. Сёлета лаўрэаткай прэміі стала Святлана Ціханоўская.

    ВІЗІТ У ЭСТОНІЮ

    20–21 лістапада Святлана Ціханоўская знаходзілася з візітам у Эстоніі, дзе сустрэлася з прэзідэнтам Эстоніі Аларам Карысам. Бакі дамовіліся працягваць цеснае супрацоўніцтва ў 2026 годзе — асабліва ў сферах міжнароднай ізаляцыі рэжыму, вызвалення і падтрымкі палітвязняў, умацавання бяспекі ў рэгіёне. З міністрам унутраных справаў Эстоніі Ігарам Таро абмеркавалі ваенна-палітычную сітуацыю ў Беларусі, праблемы беларускай дыяспары, а таксама далейшае ўмацаванне двухбаковага супрацоўніцтва. З міністрам замежных справаў Эстоніі Маргусам Цахкнай абмеркавалі вынікі міністэрскай сустрэчы ў Бруселі, а таксама прапановы ЗША па спыненні вайны ва Украіне. Таксама беларуская лідарка адкрыла міжнародную канферэнцыю «Аўтарытарызм і супраціў: урокі Беларусі і Грузіі».

    СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ — ПРА ВЫЗВАЛЕННЕ ГРУПЫ ЎКРАІНСКІХ ГРАМАДЗЯНАЎ З БЕЛАРУСКІХ ТУРМАЎ

    22 лістапада быў вызвалены 31 грамадзянін Украіны, якія знаходзіліся ў беларускіх турмах. 

    Святлана Ціханоўская: «Я вітаю вызваленне 31 грамадзяніна Украіны, якія ўтрымліваліся беларускім рэжымам у якасці закладнікаў, уключаючы тых, хто адкрыта супраціўляўся расійскаму ўварванню. Іх вызваленне стала магчымым дзякуючы намаганням ЗША, а таксама цеснай каардынацыі з Украінай і Еўрапейскім Саюзам. Я шчыра радая, што гэтыя сем’і ўз’ядналіся. Мы працягваем змагацца за вызваленне ўсіх 1300 палітвязняў і за спыненне рэпрэсіяў».

    СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ — ПРА АДНАЎЛЕННЕ ПРАЦЫ ПАМЕЖНЫХ ПУНКТАЎ ПРОПУСКУ ЛІТВЫ

    19 лістапада Літва абвясціла аб датэрміновым адкрыцці мяжы з Беларуссю. 

    Святлана Ціханоўская адзначыла: «Я вітаю рашэнне Літвы датэрмінова аднавіць працу памежных пунктаў пропуску. Адкрытыя межы пашыраюць магчымасці беларусаў і беларусак свабодна перасоўвацца, падтрымліваць сямейныя сувязі і заставацца адкрытымі да Еўропы. Для захавання адкрытых межаў важна, каб рэжым Лукашэнкі спыніў правакацыі і не ізаляваў нашую краіну ад суседзяў».

    ЗАЯВА СВЯТЛАНЫ ЦІХАНОЎСКАЙ АБ ВЫЗВАЛЕННІ БЕЛАРУСКІХ СВЯТАРОЎ І НЕАБХОДНАСЦІ СПЫНЕННЯ РЭПРЭСІЯЎ СУПРАЦЬ ЦАРКВЫ

    20 лістапада былі вызваленыя каталіцкія святары Генрых Акалатовіч і Анджэй Юхневіч

    Святлана Ціханоўская: «Я шчыра вітаю вызваленне беларускіх святароў кс. Генрыха Акалатовіча і айца Анджэя Юхневіча. Гэта вельмі важны крок, які вяртае надзею іх сем’ям, вернікам і ўсім, хто маліўся за іх свабоду. Іх вызваленне — гэта напамін, што салідарнасць і міжнародная ўвага і дзеянні маюць значэнне».

    КАМЕНТАР ДАРАДЦЫ СВЯТЛАНЫ ЦІХАНОЎСКАЙ ПА НАВУЦЫ І АДУКАЦЫІ ПАЎЛА ЦЕРАШКОВІЧА З НАГОДЫ РАЗМОВЫ ЛУКАШЭНКІ З ВУЧОНЫМІ

    На фоне праведзенай Лукашэнкам «вялікай размовы з вучонымі» дарадца Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі Павел Церашковіч тлумачыць, чаму стан беларускай навукі сёння — вынік не «адсутнасці вынікаў у вучоных», а шматгадовай палітыкі дыктатуры. Ён нагадвае пра рэальныя месца Беларусі ў міжнародных рэйтынгах, пра хранічнае недафінансаванне, архаічныя мадэлі кіравання і кадравыя прызначэнні, якія адарваныя ад навуковай супольнасці.

    ФІНЛЯНДЫЯ ВЫДАЛА ПЕРШЫ ДАЗВОЛ НА ЖЫХАРСТВА НА ПАДСТАВЕ ПРАЯЗНОГА ДАКУМЕНТА ЗАМЕЖНІКА

    Упершыню пасля змянення фінскага заканадаўства дзіцяці быў выдадзены дазвол на жыхарства на падставе праязнога дакумента замежніка. Дзякуючы працы дэмакратычных сілаў, Офіса Святланы Ціханоўскай і Місіі дэмакратычных сілаў у Таліне, у закон былі ўнесены неабходныя змены. Цяпер ён прадугледжвае, што патрабаванне аб праязных дакументах можа быць адменена ў асобных выпадках — калі існуе значная прычына або калі гэтага патрабуюць інтарэсы дзіцяці.

    МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ СТУДЭНТА

    Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава звярнулася да студэнтаў з нагоды дня студэнта: «Я ганаруся беларускімі студэнтамі. Вы выраслі ў няпэўнасці і ператварылі яе ў незалежнасць. Вы вучыцеся, пераязджаеце, адкрываеце бізнесы, вывучаеце новыя мовы, змяняеце прафесіі, краіны — і ўсё адно застаяцеся сабой. Вы не чакаеце дазволу — вы ствараеце сваю будучыню. Кожны курс, кожная праца, кожны невялікі праект, які вы пачынаеце, ужо змяняе Беларусь. Вы даказваеце, што беларуская моладзь — гэта выдатныя прафесіяналы, а не тыя, хто чакае».

    МЕДЫЯ

    На гэтым тыдні Ціханоўская дала інтэрв’ю наступным выданням: Sky News (Вялікабрытанія, міжнароднае), The Times (Вялікабрытанія, міжнароднае), The Times Radio (Вялікабрытанія, міжнароднае), Financial Times (міжнароднае), SBS (Аўстралія), Euromaidan Press (міжнароднае), Puls Krakowa (Польшча), PAP (Польшча), Latika Takes (Аўстралія).

    Апошнія навіны