Святлана Ціханоўская знаходзіцца з працоўным візітам у Лондане, дзе сустрэлася з групай «За дэмакратычную Беларусь», якая працуе ў брытанскім парламенце.
Беларуская лідарка правяла брыфінг для палітыкаў і ў сваім вітальным слове падзякавала групе за нязменную падтрымку і адзначыла: падтрымка партнёраў застаецца ключавой у шляху да дэмакратычнай Беларусі.
Брыфінг прайшоў з удзелам старшыні групы Вэндзі Мортан.
«Беларусь хутка ператвараецца ў ваенную майстэрню для расійскай ваеннай машыны. 287 дзяржаўных кампаніяў працуюць на расійскую армію. Цяпер яны разам з Расіяй будуюць завод па вытворчасці беспілотнікаў, каб выпускаць да 100 тысячаў адзінак у год. Уся гэтая зброя прызначана для забойства ўкраінцаў або для арганізацыі правакацыяў супраць Польшчы і Літвы.
Нашая мэта — пабудаваць жыццяздольную альтэрнатыву рэжыму. Мы павінны быць гатовыя да Беларусі пасля Лукашэнкі.
Мы не ведаем, калі з’явіцца магчымасць, але мы павінны быць гатовыя вярнуць нашую краіну. Змены часта прыходзяць нечакана. Дыктатуры здаюцца стабільнымі, пакуль раптам не абвальваюцца.
Я часта кажу, што шлях да міру і бяспекі ў Еўропе праходзіць праз свабодную Беларусь і свабодную Украіну. Дапамагаючы Украіне, мы дапамагаем вызваліць Беларусь, і наадварот. І спосаб забяспечыць мір у Еўропе — гэта ўсталяваць сапраўдную дэмакратыю ў нашай краіне.
Дзякуй, што дапамагаеце будаваць гэтую будучыню».
