Падчас візіту ў Лондан Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у публічнай дыскусіі «Будучыня Беларусі ў мірнай Еўропе», арганізаванай Centre for European Reform (CER) і Прадстаўніцтвам ЕС у Вялікабрытаніі. Разам са Святланай у размове ўдзельнічала намесніца кіраўніка па знешняй палітыцы Цэнтра стратэгій «Новая Еўразія» Кацярына Глод, дыскусію мадэраваў дырэктар CER Дамінік Кангэ. Да сустрэчы далучылася больш за 100 дыпламатаў, экспертаў, акадэмікаў, прадстаўнікоў урадаў і медыя.
Беларуская лідарка адказала на шэраг пытанняў пра ролю дэмакратычных сілаў, настроі ў беларускім грамадстве, уплыў рэпрэсіяў, геапалітычныя рызыкі і будучыню Беларусі ў Еўропе:
Пра бачанне будучыні Беларусі:
«Нашая візія простая — свабодная, дэмакратычная, еўрапейская Беларусь. Мы працуем з усімі: грамадствам, дыяспарай, актывістамі, элітамі і нашымі міжнароднымі саюзнікамі. Беларусь — еўрапейская краіна, і бяспека Еўропы немагчымая без свабоднай Беларусі».
Пра грамадскія настроі і ідэнтычнасць
«Беларусы стомленыя, але не зламаныя. Мы не здаліся. І нават пад пагрозай людзі працягваюць супраціў маленькімі, але вельмі смелымі ўчынкамі».
Пра геапалітыку і кантакты з ЗША
«Мы цэнім любыя гуманітарныя намаганні, якія могуць прывесці да вызвалення закладнікаў рэжыму. Але трэба разумець: дыктатар заўсёды будзе шукаць абходныя шляхі, каб захаваць сваю ўладу і стварыць уражанне, нібыта ён — істотны гулец у міжнароднай палітыцы. Гэта маніпуляцыя. Лукашэнка не прадстаўляе беларускі народ і не мае мандату гаварыць ад імя Беларусі. Таму любыя кантакты з ім не павінны забываць пра галоўнае: пакуль у краіне працягваюцца рэпрэсіі, пакуль людзі сядзяць у ізаляцыі, пакуль штодня затрымліваюць і катуюць — гаварыць пра змены палітыкі рэжыму Лукашэнкі недапушчальна».
Святлана Ціханоўская заклікала міжнародных партнёраў не легітымізаваць рэжым. Яна падкрэсліла важнасць падтрымкі беларусаў праз візы, стыпендыі і праграмы абмену, а таксама неабходнасць выразна адрозніваць народ ад рэжыму. Ціханоўская адзначыла, што Еўропа павінна пакідаць для беларусаў адкрытыя дзверы і дэманстраваць гатоўнасць да будучага супрацоўніцтва: «Еўрапейскія краіны павінны гаварыць: Беларусь, мы чакаем цябе. Твая будучыня з намі».
