ПРЭАМБУЛА
Еўрапейскі эканамічна-сацыяльны камітэт (ЕЭСК), кансультацыйны орган ЕС, які прадстаўляе арганізаваную грамадзянскую супольнасць, і дэмакратычныя сілы Беларусі, якія прадстаўляюць дэмакратычныя памкненні беларускага народа, далей разам званыя «Бакі»,
Прызнаючы агульныя каштоўнасці дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона,
Усведамляючы важнасць падтрымкі беларускага грамадзянскага грамадства і незалежных СМІ,
Асуджаючы пераслед і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, здзейсненыя рэжымам Лукашэнкі супраць палітычных і грамадскіх актывістаў, а таксама супраць беларускага грамадства ў цэлым,
Прытрымліваючыся імкнення да ўзаемаразумення і пашырэння супрацоўніцтва ў сферах узаемнай зацікаўленасці,
ПАГАДЗІЛІСЯ АБ НАСТУПНЫМ:
Артыкул 1: Мэта
Гэты Мемарандум аб паразуменні ўстанаўлівае неабавязваючую юрыдычна аснову для паглыблення супрацоўніцтва паміж Бакамі з мэтай умацавання сувязяў паміж грамадзянскай супольнасцю і незалежнымі СМІ ЕС і Беларусі, а таксама садзейнічання ўдзелу беларускіх дэмакратычных суб’ектаў у выгнанні ў еўрапейскіх сетках грамадзянскай супольнасці. Мемарандум не стварае асацыяцыі паміж падпісантамі, не прадугледжвае выключнасці супрацоўніцтва і не мае на мэце стварэння юрыдычных правоў ці абавязкаў.
Артыкул 2: Сферы супрацоўніцтва
Бакі дамаўляюцца супрацоўнічаць у наступных галінах:
- садзейнічаць умацаванню ўзаемадзеяння паміж ЕЭСК, яго членамі і сеткамі грамадзянскай супольнасці, якія яны прадстаўляюць, і дэмакратычнымі сіламі Беларусі (Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет, Каардынацыйная рада) і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці ў выгнанні шляхам інстытуцыйнага дыялогу і практычнай падтрымкі;
- рэалізоўваць сумесныя мерапрыемствы па павышэнні дасведчанасці аб унутранай сітуацыі ў Беларусі ў дачыненні да парушэнняў правоў чалавека, уключаючы палітычны пераслед, сітуацыю з палітвязнямі, уціск свабоды слова і сходаў, а таксама пазбаўленне грамадзянаў выбарчых правоў;
- падтрымліваць і прасоўваць беларускія незалежныя СМІ і журналістаў праз прадастаўленне пляцовак для бачнасці, супрацоўніцтва і развіцця патэнцыялу;
- сумесна арганізоўваць мерапрыемствы, прысвечаныя папулярызацыі беларускай спадчыны, культуры і мовы ў ЕС;
- распрацоўваць і ажыццяўляць сумесныя ініцыятывы па супрацьдзеянні дэзінфармацыі і прапагандзе, асабліва ў дачыненні да Беларусі і шырэйшага еўрапейскага рэгіёна;
- прасоўваць візію новай дэмакратычнай Беларусі, распрацоўку і ацэнку рэформаў, а таксама абмен найлепшымі практыкамі і экспертызай у пераходзе да дэмакратыі.
Артыкул 3: Рэалізацыя і каардынацыя
- Кожны Бок прызначыць кантактную асобу для каардынацыі рэалізацыі гэтага Мемарандума, забеспячэння эфектыўнай камунікацыі і планавання будучых мерапрыемстваў.
- ЕЭСК, у межах сваіх унутраных працэдураў і магчымасцяў, будзе прадастаўляць доступ да сваіх памяшканняў для арганізацыі мерапрыемстваў і ініцыятываў, што сумесна рэалізуюцца з беларускімі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці.
- Бакі будуць рэгулярна праводзіць сустрэчы для ацэнкі прагрэсу супрацоўніцтва і вызначэння далейшых магчымасцяў і новых напрамкаў.
Артыкул 4: Фінансавыя аспекты
Гэты Мемарандум не з’яўляецца юрыдычна абавязковым фінансавым абавязацельствам. Любы фінансавы або лагістычны ўклад з боку аднаго з Бакоў будзе ажыццяўляцца па асобных дамоўленасцях і пры наяўнасці адпаведных рэсурсаў.
Артыкул 5: Тэрмін дзеяння і спыненне
- Гэты Мемарандум уступае ў сілу з моманту яго падпісання абодвума Бакамі і дзейнічае на працягу трох гадоў, з магчымасцю падаўжэння па ўзаемнай згодзе.
- Кожны Бок можа спыніць дзеянне гэтага Мемарандума, паведаміўшы пра гэта за месяц у пісьмовай форме.
Падпісана ў Бруселі 18 чэрвеня 2025 года ў двух арыгінальных асобніках.
За ЕЭСК За дэмакратычныя сілы Беларусі
Олівер Ропке Святлана Ціханоўская
Прэзідэнт ЕЭСК Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі