Спецыяльны дакладчык ААН – пасада, якая займае важнае месца ў барацьбе за правы чалавека ў Беларусі. Эксперт праводзіць незалежны маніторынг таго, што адбываецца з правамі чалавека ў нашай краіне, рэгулярна рыхтуе рэкамендацыі па паляпшэнні сітуацыі. Акрамя таго, ён адсочвае выкананне міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь у сферы павагі і захавання правоў чалавека.
Сёння ў Жэневе на пасяджэнні 57-й сесіі Рады ААН па правах чалавека на пасаду спецдакладчыка па Беларусі быў прызначаны Нілс Муйжніекс, эксперт у сферы абароны правоў чалавека з 25-гадовым вопытам. Ён займаў пасаду Камісара па правах чалавека ў Радзе Еўропы, узначальваў рэгіянальнае прадстаўніцтва Amnesty International у Еўропе і супрацоўнічаў з беларускімі праваабаронцамі. Раней пасаду спецыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі займала Анаіс Марын.
Каманда Офіса Святланы Ціханоўскай:
«Вопыт і кампетэнтнасць Нілса Муйжніекса працягнуць важную справу па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Дзякуем яму за гатоўнасць узяць на сябе гэтую складаную, але вельмі значную задачу. Гэты мандат робіць важны ўнёсак у справу абароны правоў беларусаў, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў і дзяржаўнага тэрору ў Беларусі.
Мы ўдзячныя і Анаіс Марын. Яе незалежная, адданая і самаахвярная праца прывяла да таго, што сусветная грамадскасць даведалася пра сістэмныя парушэнні, якія адбываюцца ў Беларусі кожны дзень. Яе праца па абароне правоў беларусаў стала значным укладам у барацьбу за аднаўленне справядлівасці ў нашай краіне».
Фота: СоЕ