9 лістапада ў Берліне Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з дзяржаўным сакратаром Міністэрства замежных спраў Германіі Гезам фон Гайрам. Галоўнымі тэмамі сталі сітуацыя ў Беларусі і рэгіёне, санкцыйная палітыка, вызваленне палітвязняў і праблемы легалізацыі беларусаў у Германіі.
Ціханоўская падзякавала Германіі за прынцыповую падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці, а таксама за цвёрдую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.
Падчас сустрэчы абмеркавалі:
– Неабходнасць захавання адзінай стратэгіі Еўрасаюза па Беларусі і санкцыйнага ціску дзеля сканчэння рэпрэсій і спынення падтрымкі расійскай агрэсіі. Асобна абмеркавалі недапушчальнасць аднаўлення транзіту беларускіх калійных угнаенняў праз Еўрасаюз, пакуль не будуць спыненыя рэпрэсіі.
– Бяспеку Беларусі і рэгіёна. Закранулі расійскую ваенную прысутнасць у Беларусі, неабходнасць уключэння беларускага пытання ў будучыя перамовы аб міры ва Украіне і еўрапейскай бяспецы. Асобную ўвагу надалі пагрозам русіфікацыі, мілітарызацыі моладзі і неабходнасці ўзмацнення незалежнасці Беларусі.
– Прызначэнне спецыяльнага пасланніка Германіі па Беларусі. Ціханоўская прапанавала прызначыць асобнага прадстаўніка для сістэмнай працы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю.
– Праблемы беларусаў у Германіі. Ціханоўская звярнула ўвагу на складанасці з атрыманнем дакументаў, легалізацыяй і міжнароднай абаронай. Яна перадала прапановы беларускай супольнасці і праваабарончай арганізацыі Libereco, у тым ліку па выпрацоўцы адзіных правілаў выдачы праязных дакументаў беларусам, якія не могуць бяспечна вярнуцца на радзіму.
– Дапамогу былым палітвязням. Абмеркавалі магчымасці пашырэння гуманітарных праграм, у тым ліку медыцынскай і псіхалагічнай рэабілітацыі людзей, вызваленых з беларускіх турмаў.
Святлана Ціханоўская:
«Германія — адзін з найважнейшых партнёраў Беларусі, і мы вельмі цэнім яе падтрымку. Я падзякавала нямецкаму боку за тое, што краіна прыняла вызваленых палітвязняў, у тым ліку Марыю Калеснікаву, Віктара Бабарыку, журналістаў і актывістаў.
Сёння нашая задача — не толькі дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў, але і спыніць рэпрэсіі, захаваць незалежнасць Беларусі і падрыхтаваць краіну да дэмакратычных пераменаў.
Асобна мы абмеркавалі практычныя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Германіі: атрыманне праязных дакументаў і дазволаў на жыхарства, сітуацыі з пратэрмінаванымі пашпартамі. За апошнія гады ўдалося дасягнуць значнага прагрэсу, але на мясцовым узроўні яшчэ застаюцца складанасці з рэалізацыяй прынятых рашэнняў.
Для нас важна, каб беларусы адчувалі падтрымку і абарону Еўропы ўжо сёння. І каб аднойчы кожны змог бяспечна вярнуцца дадому — у вольную Беларусь».
