БЕРЛІНСКІ ФОРУМ БУДУЧЫНІ БЕЛАРУСІ
3 лістапада Святлана Ціханоўская выступіла на Берлінскім форуме будучыні Беларусі, прысвечаным сітуацыі ў Беларусі, еўрапейскай будучыні краіны і ролі Германіі і ЕС у падтрымцы дэмакратычных пераменаў. У сваёй прамове Ціханоўская заклікала еўрапейскіх партнёраў ужо сёння рыхтавацца да дэмакратычных пераменаў у Беларусі, распрацоўваць канкрэтныя планы еўрапейскай інтэграцыі і захоўваць падтрымку беларускага грамадства.
ВІЗІТ У РУМЫНІЮ
4 лістапада ў Бухарэсце Святлана Ціханоўская правяла перамовы з прэзідэнтам Румыніі Нікушорам Данам. Бакі абмеркавалі вызваленне беларускіх палітвязняў, рэгіянальную бяспеку, санкцыйную палітыку ЕС, дапамогу беларусам і супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі. Таксама Ціханоўская сустрэлася са спікерам Сената Мірчам Абрудзянам і правяла перамовы з міністрам замежных справаў Данам Някулэеску. Падчас сустрэч абмеркавалі падтрымку палітвязняў, пашырэнне выдачы шэнгенскіх візаў беларусам, дапамогу рэпрэсаваным і іх сем’ям, а таксама падтрымку беларускай культуры, адукацыі і незалежных медыя.
Акрамя таго, Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у Форуме еўрапейскіх каштоўнасцяў у Тымішаары і выступіла з лекцыяй у Заходнім універсітэце Тымішаары і адказала на пытанні студэнтаў і выкладчыкаў.
Ціханоўская атрымала прэмію Тымішаары за еўрапейскія каштоўнасці (Timișoara Award for European Values). Узнагароду прысудзілі за мірную барацьбу супраць дыктатуры і абарону свабоды і чалавечай годнасці.
ЧЭХІЯ АДКРЫВАЕ ЗАПІС НА ВІЗЫ ДЛЯ НАВЕДВАННЯ СВАЯКОЎ
6 лістапада стала вядома, што з 10 лістапада беларусы змогуць запісвацца на падачу дакументаў на чэшскія шэнгенскія візы для наведвання блізкіх сваякоў. Новыя правілы распаўсюджваюцца на бацькоў, бабуль, дзядуляў, дзяцей і ўнукаў грамадзян Чэхіі, а таксама беларусаў, якія легальна пражываюць у краіне на падставе доўгатэрміновай візы або дазволу на доўгатэрміновае ці пастаяннае пражыванне.
ЛЕАНІД МАРОЗАЎ — ПРА ПАГРОЗЫ БЕЛАРУСАМ У ЗША З БОКУ СПЕЦСЛУЖБАЎ РЭЖЫМУ
У Юрыдычны дэпартамент Офіса Святланы Ціханоўскай паступае інфармацыя пра выпадкі ціску на беларусаў, якія жывуць у ЗША. Людзі, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі беларускіх праваахоўных органаў, звязваюцца з імі праз месенджары, распытваюць пра ўдзел у пратэстах і палітычныя погляды, а таксама пагражаюць перадачай інфармацыі амерыканскай іміграцыйнай службе ICE. Офіс апублікаваў рэкамендацыі для беларусаў, якія сутыкнуліся з падобным ціскам.
АГЛЯД ПАДЗЕЙ У АДУКАЦЫІ І НАВУЦЫ ЗА ВЕРАСЕНЬ 2026 ГОДА
3 лістапада на сайце Офіса Святланы Ціханоўскай апублікавалі агляд падзей у сферы адукацыі і навукі за верасень 2026 года. У аглядзе закранаюцца працяг рэпрэсій у акадэмічным асяроддзі, у тым ліку пераслед студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, новыя правілы дагляду асабістых рэчаў у школах, а таксама ўзмацненне мілітарызацыі адукацыі і дзяржаўнага кантролю над рэпетытарствам.
МІСІЯ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ БЕЛАРУСІ ВА УКРАІНЕ ПРАЦЯГВАЕ ПРАЦУ НАД РАЗБЛАКАВАННЕМ БАНКАЎСКІХ РАХУНКАЎ БЕЛАРУСАЎ
Місія дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіне паўторна звязваецца з беларусамі, якія раней звярталіся па дапамогу з заблакаванымі банкаўскімі рахункамі. На сёння каманда апрацавала амаль 300 кантактаў. Мэта — высветліць, для каго праблема застаецца актуальнай, улічваючы магчымыя змены ў дакументах, грамадзянстве і месцы жыхарства. Сабраная інфармацыя дапаможа працягнуць перамовы з украінскім бокам і знайсці магчымыя шляхі вырашэння праблемы.
МЕДЫЯ
DW (Германія), Associated Press (міжнароднае), Eesti Raadio (Эстонія).
