• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Аб’яднаны пераходны кабінет падпісаў пагадненне з Супольнасцю дэмакратый

    10 студзеня, 2025

    У Варшаве Святлана Ціханоўская падпісала мемарандум аб паразуменні з генеральным сакратаром Супольнасці дэмакратый Мантасам Адоменасам.

    «Паважаны Генеральны сакратар Адоменас,
    Паважаныя Вашыя Правасхадзіцельствы і сябры,

    Для мяне вялікі гонар стаяць сёння тут, сярод саюзнікаў, якія падзяляюць аднолькавыя каштоўнасці і мары.
    У гэтай зале я ведаю, што знаходжуся сярод сяброў – сяброў, аб’яднаных нашай верай у дэмакратыю, бяспеку і чалавечую годнасць.

    Аднойчы Беларусь далучыцца да Супольнасці дэмакратыяў як свабодная, дэмакратычная і еўрапейская краіна. Але беларусы як народ ужо належаць да гэтай супольнасці.
    Мы змагаемся за тыя ж ідэалы, на якіх была заснаваная гэтая Супольнасць. Мы супрацьстаім аўтакратыі і разам даказваем, што дэмакратыя вартая любых ахвяраў.

    Для мяне было вялікім гонарам падпісаць мемарандум аб узаемаразуменні паміж Аб’яднаным Пераходным Кабінетам Беларусі і Супольнасцю дэмакратыяў. Гэта не проста сімвалічны жэст. Гэта крок да вяртання Беларусі на шлях дэмакратыі, правоў чалавека і справядлівасці.

    Я ведаю, што гэта нестандартны крок і для Супольнасці. Але мы жывём у нестандартныя часы. Такія часы патрабуюць нестандартных рашэнняў, і ім патрэбныя адважныя лідары.

    Адной з тых, хто падтрымліваў ідэю стварэння Супольнасці дэмакратыяў, была Мадлен Олбрайт. Яна – мая асабістая гераіня. Але я таксама магу назваць яе настаўніцай. У самым пачатку маёй выпадковай палітычнай кар’еры мне пашчасціла сустрэцца з ёй. Мы сядзелі і размаўлялі пра палітыку, свабоду і жанчын. Менавіта яна натхніла мяне працягваць змаганне і заставацца моцнай перад любымі выпрабаваннямі. Я ўбачыла моцную жанчыну, якая хоча зрабіць свет лепшым і больш бяспечным, і я бачу ў ёй прыклад для пераймання.

    Сёння я хачу падзякаваць усёй камандзе Супольнасці дэмакратыяў, вядома ж, Мантасу Адоменасу і Мілаславе Заглобе. Дзякуй вам за тое, што вы ўдыхнулі новае жыццё ў гэтую арганізацыю.

    Вельмі сімвалічна, што мы сустракаемся ў Варшаве – горадзе, які як ніхто іншы ведае цану свабоды. Шлях Польшчы да свабоды натхняе ўсіх нас. Я хачу падзякаваць маім польскім сябрам, асабліва прадстаўнікам Міністэрства замежных справаў; амбасадару Адаму Халачыньскаму, спецыяльнаму пасланніку да дэмакратычнай Беларусі; Сенату і Сейму Польшчы; экспертам і журналістам, а таксама такім верным саюзнікам, як Міхал Каміньскі, які стаў сапраўдным сябрам усіх змагароў за свабоду.

    І, вядома, вялікі дзякуй усім дыпламатам і амбасадарам, якія прадстаўляюць свае краіны, за тое, што яны абараняюць праўду.

    Калі дыктатары аб’ядноўваюцца, мы таксама павінны быць адзінымі. Як дыктатары вучацца адзін у аднаго, так і мы павінны вучыцца. Змагацца з адной тыраніяй – значыць змагацца з усімі.

    Дыктатары ненавідзяць дэмакратыю, бо яна ўстойлівая, інклюзіўная і паспяховая. Дыктатары ненавідзяць дэмакратыю, бо яна пагражае іх існаванню. А дыктатараў нельга прымірыць або перавыхаваць. Ім трэба супрацьстаяць. І прыйшоў час дэмакратыям паказаць зубы.

    Дарагія сябры,

    У першым пункце Варшаўскай дэкларацыі гаворыцца пра «права грамадзянаў выбіраць сваіх прадстаўнікоў шляхам рэгулярных, свабодных і справядлівых выбараў».

    Змена ўлады – аснова любой дэмакратыі. На жаль, беларусы былі пазбаўленыя гэтага на працягу 31 года. Праз два тыдні дыктатар арганізуе чарговы фарс пад назвай «выбары», які больш нагадвае вайсковую аперацыю.

    Без альтэрнатыўных кандыдатаў, без агітацыі, без падліку галасоў, без назіральнікаў і маніторынгу. Але з вялікай колькасцю войскаў і міліцыі. Пытанне толькі ў тым, якую лічбу дыктатар напіша ў выніковым пратаколе.

    Знаходзячыся тут, я хачу папрасіць усе вашыя краіны не прызнаваць гэты фарс. Лукашэнка – нелегітымны дыктатар, які захапіў краіну, уцягнуў Беларусь у вайну і прадае яе Расіі па частках. І ўсё гэта адбываецца насуперак волі беларускага народа. Яго трэба ізаляваць, а не легітымізаваць.

    Беларусы ўжо зрабілі свой выбар у 2020 годзе, адхілілі дыктатуру і прагаласавалі за дэмакратычныя сілы. Маючы мандат ад беларускага народа, дэмакратычныя сілы Беларусі сфармавалі альтэрнатыўныя інстытуты ўлады: Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйную раду.

    Гэтыя інстытуты прадстаўляюць беларускае грамадства і волю беларускага народа, а не нелегітымны рэжым. Мы адзіныя, мы абараняем інтарэсы беларускага народа і адказваем на яго патрэбы. Мы падтрымліваем Украіну і нашых людзей на месцах.

    Мы таксама ствараем кааліцыі. Мы аформілі нашыя адносіны з Радай Еўропы, стварыўшы афіцыйную кантактную групу. Мы пачалі стратэгічныя дыялогі са Злучанымі Штатамі, Вялікабрытаніяй і Канадай, падпісалі мемарандум з Еўрапейскім парламентам, а сёння – з Супольнасцю дэмакратыяў.

    Мы верым, што для Беларусі адкрыецца новае акно магчымасцяў. Мы не ведаем, як і калі гэта адбудзецца, але мы ведаем адно: усе дыктатуры ў рэшце рэшт падаюць.

    Магчыма, нам давядзецца прайсці праз «круглы стол», як гэта калісьці зрабіла Польшча. І калі гэта адбудзецца, мы павінны быць моцнымі, і нам спатрэбіцца падтрымка свабоднага свету, каб павярнуць Беларусь да дэмакратыі.

    Мы ўжо працуем над рэформамі і распрацоўваем новую Канстытуцыю, каб гарантаваць, што, калі перамены наступяць, яны будуць незваротнымі. Я спадзяюся, што Супольнасць дэмакратыяў, як і Рада Еўропы, змогуць падтрымаць нас сваім досведам.

    Нам таксама неабходна падрыхтаваць прафесіяналаў для Новай Беларусі, і мы заклікаем нашых партнёраў падтрымаць стажыроўкі, стыпендыі і абмены. Мы хочам вывучыць ваш досвед, асабліва досвед краінаў, якія перайшлі да дэмакратыі, такіх як Малдова, Чылі, Партугалія, Румынія, Паўночная Македонія, Польшча і, вядома ж, Літва.

    Мы таксама разлічваем на вашую падтрымку ў аднаўленні справядлівасці ў Беларусі. Недастаткова вызваліць нашых палітычных зняволеных, якіх налічваецца больш за 1300. Мы таксама павінны забяспечыць, каб усе вінаватыя былі прыцягнутыя да адказнасці. Таму мы просім вас падтрымаць Літву ў яе звароце ў Міжнародны крымінальны суд са скаргай на беларускі рэжым за злачынствы супраць чалавечнасці. Пачуццю беспакаранасці павінен быць пакладзены канец.

    Мы таксама просім прызначыць спецыяльных пасланнікаў пры беларускіх дэмакратычных сілах, як гэта ўжо зрабілі Польшча, Літва, Францыя, Нарвегія, Эстонія, Швецыя і многія іншыя краіны. Арганізуйце мерапрыемствы і дыскусіі пра Беларусь і дэмакратыю ў вашых амбасадах. Запрашайце нас у свае сталіцы і на міжнародныя мерапрыемствы, каб голас беларусаў быў пачуты.

    Падтрымайце нашыя незалежныя СМІ, такія як «Белсат», «Зеркало» або «Наша Ніва», якія нясуць праўду і змагаюцца з дэзынфармацыяй. Дапамажыце нашым праваабаронцам і рэпрэсаваным. Нядаўна пры падтрымцы Нарвегіі, Швецыі і Даніі мы адкрылі Міжнародны гуманітарны фонд для ахвяраў рэпрэсіяў і просім іншыя краіны далучыцца да яго.

    Падтрымка Беларусі – гэта не дабрачыннасць. Гэта інвестыцыі ў дэмакратыю і свабоду ва ўсім свеце.

    Дарагія сябры,

    Яшчэ адна рэч, якой я навучылася ў Мадлен Олбрайт, – гэта тое, што ніводнае змаганне нельга выйграць у адзіночку. Каб перамагчы, патрэбныя саюзнікі.

    І мы, беларусы, рады, што ў нас ёсць такія рашучыя і прынцыповыя саюзнікі, як вы. Я ўпэўненая, што разам мы зможам зрабіць свет лепшым – для нас і нашых дзяцей.

    Дзякуй вам вялікі».

    Апошнія навіны