З 9 па 12 ліпеня Святлана Ціханоўская наведае Вашынгтон, дзе возьме ўдзел у Публічным форуме НАТА па запрашэнні Генеральнага Сакратара Енса Столтэнберга. У траўні беларуская лідарка сустрэлася з кіраўніцтвам НАТА і выступіла перад Паўночнаатлантычнай радай у Бруселі.
Падчас візіту Святлана Ціханоўская выступіць на шэрагу мерапрыемстваў – і раскажа пра бягучую сітуацыю ў Беларусі і актуальныя праблемы для краіны. А таксама акцэнтуе ўвагу на гібрыдных атаках рэжыму Лукашэнкі супраць Польшчы, Літвы і Латвіі, размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі і магчымых сцэнарах далейшага развіцця падзеяў.
Таксама беларуская лідарка абмяркуе важную ролю нашай краіны для рэгіянальнай стабільнасці і бяспекі – асабліва ў кантэксце расійскай агрэсіі супраць Украіны. Яна выступіць перад шэрагам амерыканскіх і міжнародных СМІ і раскажа пра барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі ды акцэнтуе пытанні рэгіянальнай бяспекі.
Святлана Ціханоўская: «Я радая, што дэмакратычныя сілы Беларусі вядуць актыўны дыялог з НАТА. Альянс заснаваны на каштоўнасцях, якія блізкія беларусам – свабода, правы чалавека, дэмакратыя і вяршэнства права. Упэўненая, што для кожнай еўрапейскай краіны неабходна будаваць паважлівыя і канструктыўныя адносіны з НАТА. Гэта важна і для Беларусі, для нашых нацыянальных інтарэсаў і для падтрымання рэгіянальнай бяспекі. Я б хацела, каб Беларусь успрымалася як надзейны, мірны і прадказальны партнёр.
Беларусь павінна быць успрынятая не толькі як пагроза, але і як магчымасць. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб Беларусь не стала суцяшальным прызам для Пуціна. Падчас саміту ў мяне будзе магчымасць правесці перамовы з прадстаўнікамі і саюзнікамі НАТА і ўдасканаліць нашыя пазіцыі, працэсы абмену інфармацыяй ды супрацоўніцтва ў медыяполі».