6-7 чэрвеня ў Люксембургу адбываецца міжнародная канферэнцыя, прысвечаная праблемам беларусаў у выгнанні. У мерапрыемстве, арганізаваным ПАРЕ ў супрацоўніцтве з парламентам Люксембургу, бяруць удзел кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская, віцэ-прэм’ер і міністр замежных справаў Люксембургу Ксаўе Бетэль, прэзідэнт Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Тэодарас Русопулас, прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, беларускіх медыя, бізнес-асацыяцыяў, культурніцкіх ініцыятываў.
Канферэнцыя складаецца з шасці сесіяў, прысвечаных ключавым праблемам, з якімі сутыкаюцца беларусы і беларускі ў выгнанні. У рамках дыскусіяў будуць разгледжаныя пытанні легальнага ўезду і знаходжання, пагрозаў свабодзе перамяшчэння, адмаўлення ў консульскіх паслугах, доступу да адукацыі, прафесійнай дзейнасці ў выгнанні, захавання і прасоўвання беларускай культурнай ідэнтычнасці. Мадэратарамі панэляў выступаюць члены Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы і іншыя выбітныя асобы.
Асаблівая ўвага нададзеная ролі нацыянальных парламентаў у падтрымцы рэкамендацыяў, прапанаваных у Рэзалюцыі 2499 (2023) прынятай ПАРЕ, і развіццю супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, праваабаронцамі, незалежнымі журналістамі і акадэмічным супольніцтвам.
Сярод выступоўцаў таксама будуць пісьменнік Саша Філіпенка і Наталля Каляда, сузаснавальніца і дырэктар «Belarus Free Theatre».
У сваёй прамове Святлана Ціханоўская заклікала падтрымліваць беларусаў, якія апынуліся ў выгнанні, але таксама дапамагаць тым, хто ўнутры краіны. У прыватнасці гэта тычыцца спрашчэння атрымання візаў.
Яна адзначыла: «Давайце як мага больш спрыяць мабільнасці беларусаў. Мы не можам дапусціць новай жалезнай заслоны паміж Еўропай і Беларуссю. Гэта рэжым зацікаўлены ў ізаляцыі беларусаў. Чым больш кантактаў паміж Беларуссю і Еўропай, тым менш устойлівай будзе дыктатура».