• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Вынікі працы дэмакратычных сілаў за 2023 год

    28 снежня, 2023

    Офіс Святланы Ціханоўскай у шчыльным супрацоўніцтве з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, Каардынцыйнай Радай, дыяспаральнымі арганізацыямі, незалежнымі ініцыятывамі і палітычнымі партыямі рэалізаваў шэраг кампаніяў і праектаў, накіраваных на абарону інтарэсаў беларусаў, узмацнення ціску на рэжым, падрыхтоўкі да дэмакратычнага транзіту і падтрымкі рэпрэсаваных.

    • Падрыхтоўка да дэмакратычнага транзіту

    Распрацаваны праект Стратэгіі пераходу да Новай Беларусі і чатыры праекты законаў у дапаўненне і развіццё праекта Канстытуцыі Новай Беларусі: Аб Канстытуцыйным судзе, Аб палітычных партыях, Рэгламент Сойму, Аб прэзідэнце. Апублікаваная Дарожная мапа дэмакратызацыі вышэйшай адукацыі Беларусі на перыяд 50-100-500 дзён

    Распрацаваная і вынесеная на грамадскае абмеркаванне Канцэпцыя кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у перыяд рэжыму А. Лукашэнкі, і недапушчэння паўтарэння сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека

    • Кансалідацыя дэмакратычных сілаў

    Узгоднены пазіцыі дэмакратычных сілаў па асноўных напрамках дзейнасці. На Канферэнцыі «Новая Беларусь», якая прайшла ў жніўні гэтага году ў Варшаве, дэмакратычныя сілы прынялі чатыры супольныя дэкларацыі:

    1) «Дэкларацыя аб сяброўстве Беларусі ў Еўрапейскім саюзе;

    2) «Рэзалюцыя дэмакратычных сілаў Беларусі пра салідарнасць з народам Украіны»;

    3) «Палітычная дэкларацыя дэмакратычных сілаў Беларусі»;

    4) «Заява аб выбарах 2024 года».

    Праведзеная II Канферэнцыя беларусаў свету з удзелам дыяспаральных суполак з амаль 30 краінаў. Арганізаваная імпрэза «Яднайся», якая сабрала больш за 20 беларускіх грамадскіх арганізацыяў і ініцыятываў. Праведзены дзясяткі сустрэчаў з беларускай дыяспарай па ўсім свеце і дзясяткі анлайн-сустрэчаў з беларусамі ўнутры краіны. 

    Разам з Палком Каліноўскага была праведзеная Канферэнцыя «Шлях да Волі» і Беларуска-ўкраінскі форум Астрожскага ў Кіеве. Супольна з Каардынацыйнай радай былі праведзеныя слуханні па вызваленні палітвязняў.

    • Рэакцыя на пагрозы суверэнітэту Беларусі

    На Канферэнцыі «Новая Беларусь» прынятая дэкларацыя дэмакратычных сілаў у абарону незалежнасці Беларусі. Парламенцкая Асамблея АБСЕ прыняла Ванкуверскую дэкларацыю, якая прызнае «мяккую анексію» Беларусі Расіяй. Пасля кансультацыяў з дэмакратычнымі сіламі шэраг амерыканскіх, еўрапейскіх, украінскіх палітычных дзеячаў выступілі з заявамі ў падтрымку незалежнасці Беларусі. 

    • Абарона інтарэсаў беларусаў і недапушчэнне дыскрымінацыі 

    Літоўскі Сейм адхіліў праўкі, якія ўраўноўваюць абмежаванні супраць беларусаў і расіянаў. Святлана Ціханоўская ўдзельнічала ў слуханнях у літоўскім парламенце, прысвечанай сітуацыі з беларусамі ў Літве, а таксама правяла сустрэчы з прэзідэнтам Літвы, прэм’ер-міністаркай, спікеркай Сейма і дэпутатамі. 

    Пасля кампаніі, якую правялі дэмакратычныя сілы і прадстаўнікі беларускай дыяспары, у Латвіі не былі прынятыя абмежаванні супраць аўтамабіляў на беларускіх нумарах. У Эстоніі, Чэхіі, Латвіі, Швецыі часткова аднавіўся прыём беларускіх студэнтаў на навучанне. Вялікую працу зрабіла беларуская дыяспара. 

    Некаторыя візавыя цэнтры і кансулаты, якія спынілі ці зменшылі выдачу візаў беларусам, аднавілі сваю працу. 

    • Запушчаная кампанія за еўрапейскі выбар

    Дэмакратычныя сілы зрабілі супольную заяву ў падтрымку еўрапейскай перспектывы для Беларусі. Гэтая заява была падтрыманая шэрагам еўрапейскіх палітыкаў. Вярхоўны прадстаўнік ЕС Жазэп Барэль зрабіў заяву аб Еўрапейскай будучыні для Беларусі.

    • Умацаванне міжнародных пазіцыяў дэмакратычных сілаў Беларусі за мяжой

    У 2023 адбыўся Стратэгічны дыялог з ЗША, а таксама была створаная Кансультатыўныя група з Еўрасаюзам. Акрамя таго, прайшоў Міжпартыйны Форум «8+100», у якім удзельнічалі 8 беларускіх і 100 еўрапейскіх палітычных партыяў. 

    У гэтым годзе Святлана Ціханоўская ўпершыню брала ўдзел у Саміце Рады Еўропы ў Рэйк’явіку. Распачатая падрыхтоўка да ўступлення Беларусі ў арганізацыю пасля дэмакратычных пераменаў. 

    Беларуская лідарка брала ўдзел у Саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Гранадзе і Саміце НАТА ў Вільні, у выніковай рэзалюцыі якога ўзгадваецца Беларусь. Другі раз запар Святлана Ціханоўская ўдзельнічала ў Генасамблі ААН, падчас якой шэраг краінаў зрабілі заявы ў падтрымку дэмакратычных зменаў у Беларусі. Створаны Альянс парламенцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь», якія прасоўваюць пытанне Беларусі ў сваіх краінах. Колькасць такіх групаў павялічылася з 13 да 23 за 2023 год. Разам з Эстонскім МЗС правялі першую Эстонска-Беларускую Канферэнцыю.

    Святлана Ціханоўская здзейсніла 48 замежных візітаў. Сустрэлася з прэзідэнтам ЗША Байдэнам, канцлерам Германіі Шольцам, прэм’ер-міністаркай Італіі Мелоні, новым прэзідэнтам Чэхіі Павелам і сотнямі іншых палітыкаў. Вынікам сустрэчаў стала змякчэнне ўмоваў для беларусаў за мяжой, выдзяленне дапамогі для грамадзянскай супольнасці і рэпрэсаваных, запуск ініцыятываў па прыцягненні рэжыму да адказнасці.

    • З’явіліся новыя саюзнікі і партнёры

    Святлана Ціханоўская наведала з афіцыйным візітам Малдову, сустрэлася з прадстаўнікамі лацінаамерыканскіх і афрыканскіх краінаў, а таксама паразмаўляла з прэм’ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам. Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка наведаў Аўстралію і правёў сустрэчы з прадстаўнікамі ўраду. 

    • Новы Беларускі пашпарт

    Пачалася распрацоўка новага беларускага пашпарта. У супрацоўніцтве з Геральдычнай радай распрацаваны дызайн пашпарту. Створаная юрыдычная асоба, замоўленыя матэрыялы для вырабу ўзораў. Пачаліся кансультацыі з замежнымі ўрадамі аб статусе пашпарта і яго прызнанні.

    • Легалізацыя беларусаў за мяжой

    Пры ўдзеле беларускай дыяспары, у Польшчы і Літве створаныя рабочыя групы з удзелам прадстаўнікоў ураду па пытаннях легалізацыі беларусаў. Партнёрскім урадам накіраваны дакумент з наборам рэкамендацыяў па вырашэнні пытанняў легалізацыі беларусаў, які заклікае выдаваць пашпарты замежніка, візы і ВНЖ, не патрабаваць апастыль, дакументы для дзяцей. 

    Сейм Літвы падтрымаў рашэнне падоўжыць тэрміны дзеяння гуманітарных ВНЖ з аднаго да трох гадоў. Германія накіравала інструкцыі ў адпаведныя ведамствы па спрашчэнні ўмоваў легалізацыі беларусаў. 

    Пры ўдзеле Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Каардынацыйнай Рады была распрацаваная і прынятая рэзалюцыя Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы па праблемах беларусаў за мяжой, у якой утрымліваецца спіс рэкамендацыяў для краінаў Рады Еўропы. Таксама заклік палепшыць умовы легалізацыі беларусаў утрымліваецца ў рэзалюцыях Еўрапарламента і Бундэстагу.

    • Салідарнасць з палітвязнямі

    Праведзены тры міжнародныя дні салідарнасці з Беларуссю і беларускімі палітвязнямі – 21 траўня, 9 жніўня, 12 лістапада

    Офіс Святланы Ціханоўскай удзельнічаў у Марафоне салідарнасці, арганізаваным беларускімі незалежнымі медыя і дэмакратычнымі сіламі. У рамках марафону было сабрана больш за паўмільёна еўра дапамогі. 

    Прынята рэзалюцыя Еўрапейскага Парламента, якая заклікае вызваліць палітвязняў, а таксама вывесці іх з рэжыму інфармацыйнай блакады. Больш за 100 дэпутатаў у 2023 годзе сталі хроснымі для палітвязняў. 

    Пры падтрымцы дэмакратычных сілаў праведзены каля 20 мерапрыемстваў і выставаў, прысвечаных беларускім палітвязням. Германія падтрымала праграму рэабілітацыі для палітвязняў, якія ўжо пакінулі месцы зняволення. 

    • Міжнародны адказ на палітычныя рэпрэсіі

    Перазапушчаны Маскоўскі механізм АБСЕ, да якога далучыліся рэкордныя 38 краінаў, на аснове сістэмных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасці і журналістаў. 

    Офіс Вярхоўнага камісара па правах чалавека ўпершыню прызнаў прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці з боку рэжыму Лукашэнкі. Гэта стала вынікам працы беларускіх праваабаронцаў і структураў дэмакратычных сілаў.

    • Пацяпленне адносінаў з Украінай

    Святлана Ціханоўская прызначыла Генадзя Манько кіраўніком Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве. Прадстаўнікі і дарадцы Святланы Ціханоўскай правялі серыю сустрэчаў з дарадцам прэзідэнта Міхайлам Падаляком, прадстаўнікамі Вярхоўнай Рады. 

    Святлана Ціханоўская мела нефармальную сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім падчас цырымоніі ўручэння прэміі Карла Вялікага. 

    • Падтрымка беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне

    Пры падтрымцы дэмакратычных сілаў Вярхоўная Рада Украіны прыняла законапраект, які пашырае правы беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. 

    Дэмакратычныя сілы даставілі некалькі пакетаў нелетальнай дапамогі беларускім добраахвотнікам, агульнай сумай на некалькі сотняў тысячаў еўра, у тым ліку новыя аўтамабілі (у супрацоўніцтве з Нямецкім МЗС). 

    Франак Вячорка і Павел Латушка наведалі Полк Каліноўскага ў Кіеве. 

    • Санкцыі супраць рэжыму за рэпрэсіі і саўдзел у вайне

    ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Еўрапейскі Саюз прынялі некалькі пакетаў санкцыяў супраць прадпрыемстваў беларускага ВПК, суддзяў, алігархаў, чыноўнікаў, у тым ліку датычных да выкрадання ўкраінскіх дзяцей. Пры дапамозе дэмакратычных сілаў і беларускіх расследавальнікаў (BelPOL, БРЦ), закрыты шэраг шычлінаў для абыходу санкцыяў. 

    Нягледзячы на актыўны лабізм рэжыму, не былі адмененыя санкцыі супраць беларускіх калійных угнаенняў.

    • Падтрымка грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя

    У 2023 годзе з боку ЕС, ЗША, асобных краінаў была выдзелена матэрыяльная падтрымка, якая дазволіла працягваць працу сотням арганізацый грамадзянскай супольнасці, журналістам, дзеячам культуры, праваабаронцам, адукацыйнаму сектару, бізнес-супольнасці. 

    У супрацоўніцтве з партнёрамі быў распрацаваны дакумент з ацэнкай патрэбаў грамадзянскай супольнасці на тры гады, які дапаможа зрабіць падтрымку больш стабільнай і эфектыўнай.

    • Падтрымка беларускай моладзі

    Прызначана дарадца Святлана Ціханоўскай па моладзевай палітыцы Маргарыта Ворыхава, якая ўвайшла ў Кантактную групу пры Радзе Еўропы і Кансультатыўную групу з Еўрасаюзам. Была прынятая рэзалюцыя аб маладых палітзняволеных на Еўрапейскім маладзёжным форуме ў Бруселю сумесна з РАДА.

    З удзелам прадстаўнікоў Офіса Святланы Ціханоўскай рэалізуецца праграма падтрымкі беларускай моладзі, якая накіраваная на стварэнне магчымасцяў для адукацыі, павышэнне прафесійнага ўзроўню і пашырэнне кола прафесійнага супрацоўніцтва. 

    Выпушчана 18 дайджэстаў «Асвета» аб адукацыйных магчымасцях для беларусаў. Запушчаныя стыпендыяльныя праграмы для беларусаў у шэрагу ўніверсітэтаў Еўрапейскага саюзу, у тым ліку ў Чэхіі, Швецыі, Польшчы, Аўстрыі – у прэстыжным універсітэце MCI у Інсбруку запушчана стыпендыяльная праграма імя Святланы Ціханоўскай.

    • Падтрымка валанцёраў

    Да валанцёрскай праграмы Офісу Святланы Ціханоўскай за 2023 далучыліся 160 чалавек, а ўсяго валанцёраў – больш за тры тысячы. Яны не толькі дапамагаюць працы дэмакратычных сілаў, але і атрымліваюць магчымасці для адукацыі, стажыровак і пашырэння сваіх ведаў. 

    • Падтрымка беларускай ідэнтычнасці і культурных праектаў

    Святлана Ціханоўская разам з прэзідэнтамі Польшчы Анджэем Дудам і Літвы Гітанасам Наўседам узялі ўдзел у адзначэнні ўгодкаў Паўстання 1863 году ў Вільні і Варшаве. 

    Былі праведзены мерапрыемствы з нагоды 25 сакавіка, 8 верасня, 25 жніўня. Пры ўдзеле Офіса Святланы Ціханоўскай была арганізаваная імпрэза «Ноч расстраляных паэтаў» у Вільні. 

    Еўрасаюз выдзеліў сродкі на падтрымку беларускай культуры. Асобныя праекты на ўмацаванне беларускай ідэнтычнасці падтрымалі Швецыя, Ірландыя, Польшча, Нарвегія і іншыя партнёры. 

    • Супрацоўніцтва з тэхналагічнымі кампаніямі і бізнесам

    Святлана Ціханоўская правяла кансультацыі з віцэ-прэзідэнтамі і прадстаўнікамі кампаній Google, Microsoft, Youtube пра выдзяленне бясплатнага праграмнага забеспячэння для НДА і журналістаў, правядзення трэнінгаў, лакалізацыю прадуктаў на беларускую мову, блакаванне прапагандысцкага кантэнту. 

    Беларуская лідарка ўдзельнічала ў Міжнародным эканамічным форуме ў Давосе, дзе ўпершыню адбылася дыскусія, прысвечаная Беларусі. Таксама яна ўзяла ўдзел у мерапрыемствах Microsoft падчас Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку, і ўпершыню выступіла на найбуйнейшая тэхналагічнай канферэнцыі Web-Summit у Партугаліі. 

    Святлана Ціханоўская і яе прадстаўнікі ўдзельнічалі ў мерапрыемствах ABBA, Imaguru, BEROC. Разам з прадстаўнікамі беларускага IT-сектару Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з урадам Партугаліі. Беларуская лідарка гаварыла пра падтрымку бізнесу і эканамічныя рэформы на сустрэчах з прэзідэнтамі Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, прадстаўнікамі Міжнароднага валютнага фонду.

    • Прыцягненне ўвагі да Беларусі праз міжнародныя СМІ

    За год Святлана Ціханоўская дала 370 інтэрв’ю і каментароў, як беларускім, так і міжнародным медыя, у тым ліку CNN, BBC, Euronews, Deutsche Welle, Reuters, Associated Press. Беларуская лідарка апублікавала артыкулы ў 35 выданнях, у тым ліку ў POLITICO, Euronews, Washington Post, Guardian, Le Monde і іншых. 

    Два артыкулы выйшлі ў суаўтарстве з прэм’еркай Літвы Інгрыдай Шыманітэ і прэзідэнткай Еўрапарламента Рабертай Метсолай. 

    Апошнія навіны