• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Праект Канцэпцыі кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным

    Офіс Святланы Ціханоўскай у супрацоўніцтве з беларускімі праваабарончымі арганізацыямі, НДА, юрыстамі і былымі адвакатамі, распрацаваў праект Канцэпцыі кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у перыяд рэжыму А. Лукашэнкі, і недапушчэння паўтарэння сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека. Вы можаце азнаёміцца з праектам Канцэпцыі ніжэй альбо па гэтай спасылцы.

    Новая Канцэпцыя – гэта працяг працы з «Актам аб рэабілітацыі», які стаў першым дакументам, распрацаваным для аднаўлення справядлівасці ў транзітным перыядзе. Новы дакумент прапаноўвае больш шырокія захады для кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным асобам.

    Мэта Канцэпцыі – аднаўленне справядлівасці для тых, хто сутыкнуўся з рэпрэсіямі і парушэннямі правоў чалавека падчас праўлення Лукашэнкі. Дакумент мае намер аднавіць справядлівасць пасля злачынстваў, якія здзяйсняў рэжым Лукашэнкі з 20 ліпеня 1994 года. Ён накіраваны на кампенсацыю шкоды пацярпелым праз аднаўленне іх ў правах. Канцэпцыяй таксама прадугледжаны грашовыя выплаты альбо ільготы, калі аднаўленне ў правах гэтага патрабуюць. Яна тычыцца не толькі асобаў, якія пацярпелі ад рэпрэссій, але і іх блізкіх сваякоў і непаўналетніх.

    Канцэпцыя распісвае механізм вызвалення палітычных зняволеных у транзітны перыяд і забеспячэнне справядлівага правасуддзя. Гэта азначае спыненне крымінальных справаў, апраўдальныя прысуды і адпаведныя змены ў заканадаўстве – у тым ліку дэкрыміналізацыя некаторых артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

    Акрамя таго, у аснове Канцэпцыі ляжыць прызнанне статусу невінаватасці рэпрэсаваных асобаў. На яго могуць прэтэндаваць не толькі тыя, хто быў незаконна асуджаны і прызнаны палітычным зняволеным, але і грамадзяне, якія зазналі іншыя формы парушэння правоў – катаванні, пазбаўленне прафесійнай дзейнасці. Таксама прадугледжана пасмяротная рэабілітацыя загінулых – і кампенсацыі іх родным.

    Канцэпцыя – не проста крок да справядлівасці, але падмурак новай юрыдычнай сістэмы, у якой правы і свабоды грамадзян будуць паважацца і абараняцца.

    Прапановы адносна ўдасканалення Канцэпцыі пакідайце праз электронную пошту [email protected], з дапамогай тэлеграм-бота @AskOffice_Bot альбо праз запаўненне адмысловай формы. Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, калі ласка, выкарыстоўвайце VPN і дбайце пра сваю камп’ютарную бяспеку.

    Канцэпцыя кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у перыяд рэжыму А. Лукашэнкі, і недапушчэння паўтарэння сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека 

    • РЭЗЮМЭ 

    Дадзеная канцэпцыя прысвечаная пытанням кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у перыяд рэжыму А.Р. Лукашэнкі, і распрацоўвалася з мэтай аднаўлення справядлівасці і стварэння эфектыўнага прававога механізму кампенсацыі шкоды, нанесенай ахвярам палітычных рэпрэсіяў.

    Структурна канцэпцыя падзеленая на два глабальныя раздзелы. Першы раздзел называецца «Кола фізічных асобаў, якія зазналі палітычны пераслед і падлягаюць неадкладнаму вызваленню з месцаў зняволення». Ён скіраваны на спыненне сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека і закранае пытанні неадкладнага вызвалення асобаў, якія апынуліся ў месцах зняволення ў сувязі з рэпрэсіямі ў Беларусі. Гэта надзвычайная мера гуманітарнага характару, якая павінна быць рэалізаваная ў самыя першыя дні перыяду транзіту ўлады.

    Другі раздзел датычыцца непасрэдна кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у перыяд рэжыму А.Г. Лукашэнкі, і гарантыяў непаўторнасці сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека. У гэтым раздзеле прапанаваныя захады, выпрацаваныя на падставе аналізу міжнародных стандартаў, якія прысвечаныя абавязку дзяржавы па кампенсацыі шкоды ахвярам сурʼёзных парушэнняў правоў чалавека.

    У працы над канцэпцыяй прымалі ўдзел юрысты, праваабаронцы, палітычныя актывісты, прадстаўнікі арганізацыяў грамадзянскай супольнасці. У мэтах падрыхтоўкі праекту канцэпцыі было праведзена 9 экспертных сустрэчаў па тэматыках зазначаных у змесце. Перад кожнай сустрэчай юрыстамі рыхтаваўся папярэдні дакумент, які загадзя дасылаўся экспертам для вывучэння. На экспертнай сустрэчы абмяркоўваліся пытанні і прапановы, якія ўзніклі падчас вывучэння дакументу. Пасля экспертнай сустрэчы юрыстамі рыхтаваўся выніковы дакумент, які таксама накіроўваўся да экспертаў для выказвання меркавання. Такім чынам па выніках сустрэчаў было падрыхтавана 9 выніковых дакументаў, тэксты якіх былі пакладзеныя ў аснову дадзенай канцэпцыі.

    Праца над канцэпцыяй была пабудаваная такім чынам, каб акумуляваць меркаванні экспертаў і асобаў, чые інтарэсы могуць быць закранутыя Актам аб аднаўленні справядлівасці ў дачыненні рэпрэсаваных асобаў, у тым ліку ахвяраў рэпрэсіяў і іх блізкіх.

    • УСТУП 

    Увесь перыяд незаконнага знаходжання пры ўладзе рэжым А.Р. Лукашэнкі ўжываў рэпрэсіі ў дачыненні да палітычных апанентаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці. Са жніўня 2020 года Беларусь сутыкнулася з рэзкім ростам і беспрэцэдэнтным для перыяду незалежнасці Беларусі маштабам палітычных рэпрэсіяў, якія не спыняюцца і сёння. Рада па правах чалавека ААН прызнала, што частка злачынстваў, якія здзяйсняюцца дзяржавай у межах рэпрэсіўнай палітыкі з 2020 года прыняла характар злачынстваў супраць чалавечнасці. У тым ліку масавыя выпадкі катаванняў і жорсткага абыходжання, сексуалізаванага гвалту, самавольных затрыманняў, празмернага ўжывання сілы ў адносінах да мірных дэманстрантаў. Паводле дадзеных Праваабарончага цэнтру «Вясна» ад пачатку выбарчай кампаніі ў 2020 і да сёння праз затрыманні прайшлі каля 50 000 чалавек. За гэты перыяд па стане на чэрвень 2023 года па палітычна матываваных справах асуджана 3 400 чалавек, да адміністрацыйнай адказнасці па палітычных матывах толькі ў чэрвені 2023 года прыцягнута 409 чалавек, краіну пакінулі дзясяткі тысячаў грамадзянаў. Шмат якія беларусы і беларускі сутыкнуліся са звальненнем па палітычных матывах, пазбаўленнем права на прафесію, адлічэннем з установаў адукацыі, пазбаўленнем вайсковых званняў, дзяржаўных узнагародаў і званняў, дыскрымінацыяй па прыкмеце палітычных перакананняў, гендарнай, моўнай дыскрымінацыяй, а таксама з іншымі парушэннямі правоў чалавека. Дакладная колькасць рэпрэсаваных асобаў з моманту прыходу да ўлады А.Р. Лукашэнкі і да цяперашняга часу застаецца невядомай.

    Дзеючае заканадаўства Беларусі не ўтрымлівае дастатковых механізмаў, якія дазваляюць здзейсніць поўную кампенсацыю незлічонай шкоды, нанесенай у сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі, паколькі рэгулюе толькі пытанні кампенсацыі шкоды асобам, якія незаконна ўтрымліваліся ў месцах зняволення. Разам з тым, маштабы і характар парушэнняў правоў чалавека пасля 2020 года выходзяць далёка за межы незаконнага ўтрымання ў месцах зняволення і патрабуюць распрацоўкі адмысловых механізмаў кампенсацыі шкоды ахвярам.

    Асноўваючыся на абавязку дзяржавы па забеспячэнні права на эфектыўны сродак прававой абароны і кампенсацыі шкоды ахвярам сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека, была падрыхтаваная канцэпцыя кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у перыяд рэжыму А.Р. Лукашэнкі, і недапушчэння паўтарэння сурʼёзных парушэнняў правоў чалавека. Мэта стварэння канцэпцыі – выпрацоўка прававых механізмаў па абароне і аднаўленню правоў, парушаных у сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі ў перыяд улады А.Р. Лукашэнкі, а таксама па забеспячэнні непаўторнасці грубых і масавых парушэнняў правоў чалавека на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Рэалізацыя канцэпцыі павінна спрыяць усталяванню ў Беларусі вяршэнства права, прымірэнню ў грамадстве і забеспячэнню сацыяльнай салідарнасці, а таксама перадухіленню паўтарэння сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека ў будучыні.

    У гэтай сувязі канцэпцыю неабходна разглядаць у сціслай узаемасувязі з рэфармаваннем праваахоўнага блоку і правядзеннем судовай рэформы ў пераходны перыяд, што дазволіць аднавіць давер насельніцтва да дзяржаўных інстытутаў.

    З мэтай падрыхтоўкі канцэпцыі быў праведзены аналіз міжнародных стандартаў у галіне кампенсацыі дзяржавай шкоды за грубыя і масавыя парушэнні правоў чалавека, а таксама ў галіне забеспячэння вяршэнства права ў постканфліктных дзяржавах, вывучаны досвед шэрагу краінаў па аднаўленні справядлівасці ў постканфліктны перыяд. Таксама былі разгледжаныя нормы нацыянальнага заканадаўства для вызначэння сферы іх рэфармавання ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

    Варта канстатаваць немагчымасць на дадзеным этапе падрыхтоўкі фінансава-эканамічнага абгрунтавання канцэпцыі з-за адсутнасці інфармацыі пра наяўныя фінансавыя рэсурсы і эканамічны патэнцыял дзяржавы ў перыяд запатрабаванасці Акту аб аднаўленні справядлівасці ў дачыненні да рэпрэсаваных асобаў.

    Тым не менш лічым, што канцэпцыя нават у існуючым выглядзе здольная стаць добрым юрыдычным падмуркам для фармавання заканадаўства аб кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным асобам, якія дазваляюць забяспечыць ім эфектыўную прававую абарону і аднаўленне ў правах.

    I.КОЛА ФІЗІЧНЫХ АСОБАЎ, ЯКІЯ ЗАЗНАЛІ ПАЛІТЫЧНЫ ПЕРАСЛЕД І ПАДЛЯГАЮЦЬ НЕАДКЛАДНАМУ ВЫЗВАЛЕННЮ З МЕСЦАЎ ЗНЯВОЛЕННЯ 

    У Беларусі па стане на 25 жніўня 2023 года ў спісах палітычных зняволеных знаходзіцца 1 481 чалавек.

    Кампенсацыя шкоды асобам, якія зазналі палітычна матываваны пераслед, з’яўляецца абавязкам дзяржавы, а не толькі індывідуальным правам грамадзяніна.

    Усе асобы, якія незаконна ўтрымліваюцца ў месцах зняволення, мусяць быць неадкладна вызваленыя. Аднак не існуе універсальнага механізму, які дазволіў бы выпусціць ўсіх такіх асобаў адначасова, па наступных прычынах.

    1. Спіс палітычных зняволеных, які складаецца кааліцыяй праваабарончых арганізацыяў Беларусі, не з’яўляецца вычарпальным. На жаль, не ўсе факты незаконнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці становяцца вядомыя праваабарончай супольнасці. Да таго ж, адной з падставаў прызнання асобы палітычным зняволеным зʼяўляецца несувымернасць прызначанага пакарання здзейсненаму супрацьпраўнаму дзеянню (парушэнне артыкула 14 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах).
    2. Праваабаронцы часта вядуць улік толькі тых асобаў, якіх прызнаюць палітвязнямі ў межах крымінальнага працэсу, без уліку грамадзянаў, якія адбываюць адміністрацыйны арышт таксама па палітычных матывах і знаходзяцца ў бесчалавечных і недапушчальных умовах утрымання. Часта такія асобы могуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці некалькі разоў запар і знаходзіцца доўгі час у месцах зняволення.
    3. Прыцягненне да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці па палітычных матывах часта адбываецца на тых жа самых падставах і артыкулах, пааводле якіх грамадзяне прыцягваюцца да адказнасці справядліва і на законных падставах.

    Таму неадкладнаму вызваленню падлягае больш шырокае кола асобаў, чым тое, якое ахопліваецца паняццем «палітычны зняволены». Ужыванне індывідуалізаванага падыходу (паступовае вырашэнне пытання па кожнаму чалавеку паасобку) у пытаннях вызвалення асобаў, якія зазналі палітычны пераслед, адпавядае прынцыпу справядлівасці, але не вырашае праблему аператыўнага спынення пакутаў людзей, якія знаходзяцца ў недапушчальных і бесчалавечных умовах утрымання ў месцах зняволення. У мэтах захавання балансу паміж неабходнасцю забяспечыць прынцып справядлівасці і неабходнасцю спыніць пакуты людзей больш апраўданым бачыцца змяшаны (гібрыдны) падыход, згодна з якім людзі падлягаюць неадкладнаму вызваленню з любых месцаў зняволення з далейшым вырашэннем пытання аб адказнасці.

    Такім чынам, неадкладнаму вызваленню падлягаюць наступныя катэгорыі асобаў:

    1. асобы, прызнаныя палітычнымі зняволенымі беларускай праваабарончай супольнасцю;
    2. асобы, падазраваныя, абвінавачаныя або асуджаныя паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, згодна з Табліцай №1 (гл. Дадатак № 2);
    3. асобы, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс або накладзеныя меры адміністрацыйнага ўздзеяння ў выглядзе арышту па ўсіх артыкулах Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

    Неадкладнае вызваленне паводле гуманітарных матываў не з’яўляецца вызваленнем ад юрыдычнай адказнасці.

    Вытворчасці па крымінальных і адміністрацыйных справах у дачыненні да гэтых асобаў падлягаюць далейшаму разгляду органамі крымінальнага пераследу, а таксама суддзямі і службовымі асобамі органу, які вядзе адміністрацыйны працэс, ужо ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі выканання правасуддзя.

    У Табліцы №1 (Дадатак №1 да Канцэпцыі) пазначаныя артыкулы Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, якія, зыходзячы з існуючай прававой практыкі, часта выкарыстоўваюцца для рэпрэсіяў. Справы па зазначаных артыкулах часта ўзбуджаліся з парушэннем нормаў права. Колькасць асобаў, прыцягнутых да крымінальнай адказнасці па палітычных матывах большая, чым колькасць асобаў, прызнаных палітычнымі зняволенымі, бо не ўсе справы становяцца вядомымі праваабаронцам, у тым ліку з-за страху саміх абвінавачаных, што праз прызнанне іх палітычнымі зняволенымі пагоршацца ўмовы ўтрымання. Асобы, якім інкрымінаваныя артыкулы згодна з Табліцай №1, таксама падлягаюць неадкладнаму вызваленню.

    Да арт. 289 КК (Акт тэрарызму), арт. 290-1 (Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці), арт. 290-4 КК (Стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці альбо ўдзел у ёй) прапанавана дадаць умову – калі гэта не звязана з пазбаўленнем жыцця і прычыненнем істотнай шкоды здароўю.

    Да арт. 339 КК (Хуліганства), арт. 349 КК (Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі), арт. 357 КК (Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), арт. 361 КК (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 363 КК (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных справаў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак), арт. 364 КК (Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў), арт. 366 КК (Гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак), арт. 406 КК (Неданясенне аб дакладна вядомым цяжкім або асабліва цяжкім злачынстве, якое рыхтуецца), арт. 426 КК (Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў), арт. 430 КК (Атрыманне хабару) прапанавана дадаць умовы – з 1 траўня 2020 года, а таксама – калі гэта не звязана з пазбаўленнем жыцця і прычыненнем цялесных пашкоджанняў, а да арт. 362 КК (Забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў) дадатковая ўмова – праз замах.

    Паводле дадзеных праваабарончай супольнасці, у 2020 годзе першыя выпадкі палітычна матываванага пераследу ў крымінальным парадку ў 2020 годзе пачаліся 29 траўня 2020 года. Гэты месяц з’яўляецца «пунктам адліку» ў хвалі далейшых рэпрэсіяў. У сувязі з гэтым за пачатак прапанавана лічыць першы дзень названага месяцу.

    Пры дадаванні таго ці іншага артыкулу, было ўлічана, што ў кола асобаў, якія падлягаюць неадкладнаму вызваленню, таксама трапяць асобы, якія рэальна здзейснілі злачынствы і, магчыма, правамерна знаходзяцца ў месцах зняволення. У сувязі з гэтым гвалтоўныя злачынствы ў табліцы прыведзеныя з пэўнай умовай. Больш прымальным бачыцца гуманітарны падыход, калі вінаватая асоба можа быць вызваленая з месцаў несвабоды, чым невінаватая асоба застанецца там. Неадкладнае вызваленне асобаў – гэта першы крок у працэсе аднаўлення справядлівасці, пасля якога крымінальныя справы будуць перагледжаныя ва ўстаноўленым парадку з захаваннем законнасці і вынясеннем апраўдальнага або абвінаваўчага прысуду. Абноўленыя праваахоўныя органы, сістэма юстыцыі і пенітэнцыярная сістэма дазволяць належным чынам рэалізаваць правасуддзе, і, асобы, якіх вызвалілі памылкова, аўтаматычна не будуць вызваленыя ад крымінальнай адказнасці.

    Форма акту аб неадкладным вызваленні вызначаецца згодна з дзеючым у транзітным перыядзе заканадаўствам. Напрыклад, гэта можа быць дэкрэт часовага органу дзяржаўнай улады Беларусі.

    Зыходзячы з арт. 9 дзеючага Закону «Аб нарматыўных прававых актах», якая ўстанаўлівае правапераемнасць у дачыненні да прынятых (выдадзеных) нарматыўных прававых актаў, а менавіта рэарганізацыя дзяржаўнага органу (змяненне структуры ягоных органаў кіравання), перадача функцыяў па прыняцці (выданню) нарматыўных прававых актаў іншаму дзяржаўнаму органу (ягонаму органу кіравання) (службовай асобе), ліквідаванне або перайменаванне дзяржаўнага органу (ягонага органу кіравання) (скарачэнне або перайменаванне пасады) не цягнуць аўтаматычнага спынення дзеяння раней прынятых (выдадзеных) імі нарматыўных прававых актаў, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам.

    Такім чынам, змены нацыянальнага заканадаўства і прывядзенне яго ў адпаведнасць з нормамі міжнароднага права будзе з’яўляцца доўгім і складаным працэсам. У межах рэалізацыі мэтаў, звязаных з хуткім вызваленнем асобаў, якія знаходзяцца ў месцах зняволення па палітычных матывах, неабходна выкарыстоўваць існуючыя і замацаваныя ў Законе хуткія механізмы, прыдатныя для пераходнага перыяду. Напрыклад, Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – нарматыўны прававы акт, які мае сілу закону, які выдаецца для прававога рэгулявання найбольш важных грамадскіх стасункаў у выпадках асаблівай неабходнасці. Аднак у сілу канстытуцыйнай і прававой нявызначанасці ў транзітным перыядзе дадзены нарматыўны прававы акт можа быць прыняты і іншым органам пераходнага ўраду, такім як Абʼяднаны пераходны кабінет, які можа ўзяць на сябе абавязкі і ўсю паўнату выканаўчай улады.

    Важным у разуменні працэсу кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным асобам з’яўляецца падзел двух працэсаў:

    1. неадкладнае вызваленне (надзвычайная мера гуманітарнага характару);
    2. непасрэдна працэс юрыдычнай рэабілітацыі.

    Механізм юрыдычнай рэабілітацыі прадугледжвае перш за ўсё забеспячэнне справядлівага судовага разбору па крымінальных справах з захаваннем міжнародных гарантыяў і стандартаў у гэтай галіне. Вынікам такога працэсу можа стаць поўнае спыненне крымінальнага пераследу, распачатага па палітычна матываваных крымінальных справах. Таксама відавочна, што шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, паводле якіх прыцягваліся і прыцягваюцца да адказнасці рэпрэсаваныя асобы, мусяць быць дэкрыміналізаваныя, бо не адпавядаюць міжнародным абавязацельствам Рэспублікі Беларусь у галіне захавання правоў чалавека.

    ІІ. КАНЦЭПЦЫЯ АКТУ АБ КАМПЕНСАЦЫІ ШКОДЫ АСОБАМ, РЭПРЭСАВАНЫМ У ПЕРЫЯД РЭЖЫМУ А.Р. ЛУКАШЭНКІ, І НЕДАПУШЧЭННІ ПАЎТАРЭННЯ СУР’ЁЗНЫХ ПАРУШЭННЯЎ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА 

    1. ТЭРМІНЫ І АЗНАЧЭННІ 

    Рэпрэсаваная асоба – грамадзянін Рэспублікі Беларусь, замежны грамадзянін, асоба без грамадзянства, якая ў перыяд часу з 20 ліпеня 1994 года па (будзе дададзены дзень падзення рэжыму) зазнала рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі А.Р. па палітычным матыве.

    Кампенсацыя шкоды – захады, скіраваныя на максімальна магчымае пакрыццё матэрыяльнай шкоды і/або матэрыяльнага пакрыцця маральнай шкоды рэпрэсаваным асобам і членам іх сем’яў, якое ажыццяўляецца ў формах рэстытуцыі, кампенсацыі і сатысфакцыі асобна або ў іх спалучэнні. Таксама для мэтаў гэтага Акту да формаў кампенсацыі шкоды адносіцца рэабілітацыя (уключаючы медычную і юрыдычную дапамогу, а таксама іншыя захады, скіраваныя на рэінтэграцыю ў грамадства), і гарантыі непаўторнасці.

    Рэжым Лукашэнкі А.Р. – палітычны рэжым у Рэспубліцы Беларусь, які доўжыцца з 20 ліпеня 1994 г. па (дата падзення рэжыму), усталяваны Лукашэнкам А.Р., які будучы абраным на законных выбарах у 1994 г., у 1996 г. ажыццявіў неканстытуцыйны захоп улады і ўтрымліваў яе шляхам фальсіфікацыяў выбараў, палітычных рэпрэсіяў, грубых і масавых парушэнняў правоў чалавека і здзяйснення злачынстваў у дачыненні да грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

    Палітычныя рэпрэсіі, здзейсненыя ў перыяд рэжыму Лукашэнкі А.Р. – супрацьпраўныя дзеянні (бяздзейнасць), якія ажыццяўляюцца дзяржавай у перыяд праўлення А.Р. Лукашэнкі супраць індывідуальных асобаў або групаў асобаў па палітычных матывах.

    Палітычны матыў – заахвочванне прадстаўнікоў праваахоўных і судовых органаў, а таксама іншых суб’ектаў уладных паўнамоцтваў, скіраванае на ўмацаванне і ўтрыманне ўлады А.Р. Лукашэнкі, выяўленае ў розных супрацьпраўных дзеяннях (бяздзейнасці), у тым ліку з захаваннем фармальна-прававых умоваў.

    Катаванні – любое дзеянне, якім нейкай асобе наўмысна наносіцца моцны боль альбо пакута, фізічная або маральная, каб атрымаць ад яе або ад трэцяй асобы звесткі ці прызнанні, пакараць яе за дзеянне, якое здзейсніла яна ці трэцяя асоба ці ва ў здзяйсненні якога яна падазраецца, а таксама запалохаць ці прымусіць яе ці трэцюю асобу, або па любой іншай прычыне, заснаванай на дыскрымінацыі любога характару, калі такі боль альбо пакута прычыняюцца дзяржаўнай службовай асобай ці іншай асобай, якая выступае ў афіцыйнай якасці, або па іх падбухторванні, ці з іх ведама або маўклівай згоды. У гэтае вызначэнне не ўключаюцца боль або пакуты, якія ўзнікаюць толькі ў выніку законных санкцыяў, неаддзельныя ад гэтых санкцыяў або выклікаюцца імі выпадкова.

    Сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека – грубыя і масавыя парушэнні правоў чалавека, якія, як правіла, датычацца, згодна з нормамі міжнароднага права, да міжнародных злачынстваў, уключаючы (але не абмяжоўваючыся) генацыд, злачынствы супраць чалавечнасці, катаванні і іншае жорсткае абыходжанне і пакаранне, якое прыніжае годнасць, пазасудовыя пакаранні, гвалтоўныя знікненні, самавольныя арышты і затрыманні, сістэматычныя парушэнні права на роўнае абыходжанне.

    Камісія па аднаўленні справядлівасці – часовы пазасудовы калегіяльны орган, які складаецца з ліку службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікоў грамадскасці, праваабаронцаў, юрыстаў, эканамістаў і іншых асобаў, створаны для аднаўлення правоў рэпрэсаваных асобаў і іх сем’яў, а таксама для выяўлення ісціны, забеспячэння адказнасці, аднаўлення даверу да дзяржаўных інстытутаў, перадухілення паўтарэння парушэнняў правоў чалавека ў будучыні і захавання памяці аб дзеяннях улады ў перыяд рэжыму А.Р. Лукашэнкі.

    Месца зняволення – месца, у якое чалавек трапляе не па сваёй волі на падставе пастановы, прысуду, вызначэння органу, які вядзе крымінальны працэс, на падставе пастановы суддзі або органу, які вядзе адміністрацыйны працэс і якое не можа пакінуць па сваёй волі. Да месцаў зняволення ў межах дадзенай канцэпцыі адносяцца:

    1. ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ);
    2. следчыя ізалятары (СІЗА);
    3. папраўчыя калоніі (ПК);
    4. турмы;
    5. папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу (ПУАТ);
    6. арыштныя дамы;
    7. цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП);
    8. псіхіятрычныя стацыянары;
    9. спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя ўстановы для непаўналетніх;
    10. гаўптвахты вайсковых камендатураў.

    На этапе распрацоўкі дадзенай канцэпцыі бяруцца пад ўвагу асобы, якія зазналі рэпрэсіі ў перыяд з 1994 года. Аднак, аднаўленне правоў асобаў, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў да перыяду 1991 года не застануцца без увагі, і прававое рэгуляванне аднаўлення справядлівасці па іх будзе ажыццяўляцца іншым нарматыўным прававым актам (напрыклад – прынятым дэмакратычна абраным парламентам Законам «Аб рэабілітацыі ахвяраў камуністычнага рэжыму»). У прэамбуле акту прапанавана адлюстраваць мэты, у які бок будзе рухацца палітыка дзяржавы ў пытанні аднаўлення справядлівасці ў дачыненні да рэпрэсаваных асобаў, каб было зразумела, што адным актам гэта не будзе абмежавана, што гэта будзе доўгі шлях (Прыкладны тэкст прэамбулы Акту – гл. Дадатак №1).

    2. СФЕРА ЎЖЫВАННЯ АКТУ 

    Мэтамі прыняцця Акту з’яўляюцца:

    1. прызнанне адказнасці дзяржавы за палітычныя рэпрэсіі і сістэматычныя (уключаючы грубыя і масавыя) парушэнні правоў чалавека рэжымам А.Р. Лукашэнкі;
    2. рэабілітацыя рэпрэсаваных асобаў, якія пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі А.Р.;
    3. аднаўленне палітычных, сацыяльных, грамадзянскіх і іншых правоў рэпрэсаваных асобаў;
    4. пакрыццё нанесенай шкоды рэпрэсаваным асобам, у тым ліку ў выглядзе грашовай кампенсацыі і / або прызнанні ільготаў;
    5. вызначэнне працэсу рэабілітацыі.

    Акт распаўсюджваецца на:

    1. грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія ў перыяд часу з 20 ліпеня 1994 года па (будзе дададзеная дата падзення рэжыму) зазналі рэпрэсіі і палітычна матываваны пераслед на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;
    2. блізкіх сваякоў і членаў сем’яў асобаў, якія зʼяўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якія зазналі рэпрэсіі і палітычна матываваны пераслед, у выпадку, калі рэпрэсаваныя асобы былі пазбаўленыя жыцця, пазбаўленыя волі на тэрмін больш за 30 дзён бесперапыннага знаходжання ў месцах зняволення;
    3. непаўналетніх асобаў, якія знаходзіліся пад апекаю асобаў, зазнаўшых палітычныя рэпрэсіі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у перыяд часу з 20 ліпеня 1994 года па (будзе дададзеная дата падзення рэжыму) і ў выніку палітычных рэпрэсіяў апынуліся:

    – у дзіцячых інтэрнатных установах (у дзіцячым доме, у сацыяльна-педагагічнай установе, у школе-інтэрнаце для дзяцей-сіратаў і (або) дзяцей пакінутых без апекі бацькоў, дапаможных школах-інтэрнатах, у спецыяльных агульнаадукацыйных школах-інтэрнатах, спецыяльных вучэбна-выхаваўчых установах, спецыяльных лячэбна-выхаваўчых установах і іншых установах, якія забяспечваюць умовы для пражывання і ўтрымання дзяцей);
    – у дзіцячым доме сямейнага тыпу;
    – у Дзіцячай вёсцы (гарадку);
    – у апякунскай сям’і;
    – у прыёмнай сямʼі.

    3. СУБ’ЕКТЫ КАМПЕНСАЦЫІ ШКОДЫ 

    Невінаватымі і тымі, хто падлягае рэабілітацыі перад грамадствам і дзяржавай з аднаўленнем усіх правоў і кампенсацыяй шкоды прызнаюцца асобы:

    1. якім у перыяд часу з 20 ліпеня 1994 года па (будзе дададзеная дата падзення рэжыму) былі неправамерна высунутыя абвінавачанні ў здзяйсненні злачынстваў, у дачыненні да якіх былі неправамерна вынесеныя абвінаваўчыя прысуды ў здзяйсненні злачынстваў, і якія былі прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітычнымі зняволенымі;
    2. якія ў перыяд часу з 20 ліпеня 1994 года па (будзе дададзеная дата падзення рэжыму) былі неправамерна па палітычным матыве: – пазбаўленыя жыцця;

    – зазналі катаванні або жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне або пакаранне, якое зневажае яго годнасць;
    – пазбаўленыя волі (пад пазбаўленнем волі разумеецца знаходжанне ў месцы зняволення);
    – прыцягнутыя да крымінальнай або адміністрацыйнай адказнасці; – змешчаныя ў псіхіятрычны стацыянар пры ўжыванні прымусовых захадаў бяспекі і лячэння;
    – пазбаўленыя маёмасці;
    – пазбаўленыя права на выезд з Рэспублікі Беларусь або ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь;
    – пазбаўленыя вайсковых, спецыяльных званняў, вучоных ступеняў, дзяржаўных узнагародаў;
    – пазбаўленыя права на прафесію;
    – пазбаўленыя грамадзянства;
    – пазбаўленыя або абмежаваныя ў іншых правах і свабодах.

    Тэрмін «палітычны зняволены» не выпадае са сферы прававога рэгулявання, а для яго вызначэння ўжываецца Дапаможнік па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены», заснаваны на міжнародных стандартах і еўрапейскай практыцы (у тым ліку стандартах Рады Еўропы). Разам з тым, азначэнні «палітычны зняволены» і «рэпрэсаваная асоба» не з’яўляюцца ўзаемавыключальнымі, аднак апошняе шырэйшае па сваім значэнні. У сувязі з гэтым у Канцэпцыі ўжываецца менавіта тэрмін «рэпрэсаваная асоба» для азначэння ўсяго кола асобаў, якія падпадаюць пад сферу дзеяння Акту.

    Не падпадаюць пад дзеянне Акту:

    1. асобы, якія здзейснілі гвалтоўныя злачынствы супраць асобы (за выключэннем выпадкаў неабходнай абароны або крайняй неабходнасці);
    2. асобы, якія знаходзіліся або знаходзяцца пад індывідуальнымі санкцыямі ЕЗ, ЗША і іншых краінаў у сувязі з грубымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, удзелам у палітычных рэпрэсіях і (або) знаходзяцца ў спісах на люстрацыю (пры распрацоўцы адпаведнага заканадаўства і ўлічваючы працэдуру абскарджання).

    Дзеянні асобаў, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях, а ў пасля адмовіліся ад удзелу і далучыліся да дэмакратычнага руху, можна ацэньваць у гэтай частцы як змякчаючыя віну акалічнасці, якія будуць аднесеныя на разгляд створанай Камісіі па аднаўленні справядлівасці. Камісія будзе ацэньваць дзеянні, здзейсненыя да і пасля адмовы асобы супрацоўнічаць з рэжымам і быць яго часткай, будзе ўлічваць шкоду, нанесеную дзеяннямі, здзейсненымі, каб дагадзіць рэжыму, і карысць ад дзеянняў пасля адмовы ад рэпрэсіяў.

    4. АГУЛЬНЫЯ ПАДЫХОДЫ ДА КАМПЕНСАЦЫІ ШКОДЫ, ЯЕ ФОРМЫ. ПЫТАННІ ВЫПЛАТАЎ РЭПРЭСАВАНЫМ АСОБАМ 

    У адпаведнасці з нормамі міжнароднага права ў галіне правоў чалавека існуе моцная прававая аснова, якая ўстанаўлівае правы ахвяраў на пакрыццё шкоды за грубыя парушэнні правоў чалавека і абавязак дзяржавы такую шкоду кампенсаваць.

    Права на кампенсацыю шкоды для ахвяраў грубых і масавых парушэнняў, з’яўляючыся адным з правоў чалавека, служыць фундаментальнай мэце – аднаўленню годнасці ахвяры, кампенсацыі нанесенай шкоды пры дапамозе выплатаў матэрыяльнай і маральнай шкоды, аднаўленні ў ранейшых правах і перадухілення паўтарэння падобнага ў будучыні.

    Поўная і эфектыўная кампенсацыя шкоды для мэтаў гэтага Акту рэалізуецца ў формах:

    – рэстытуцыі (вяртанню да першапачатковага становішча да здзяйснення парушэння, уключаючы юрыдычную рэабілітацыю: скасаванне неабгрунтаванага прысуду, зняцце неабгрунтаваных абвінавачанняў, аднаўленне добрага імя і іншае аднаўленне ў правах.);
    – кампенсацыі (кампенсацыя шкоды ахвярам парушэнняў правоў чалавека, якая паддаецца эканамічнай ацэнцы);
    – сатысфакцыі (публічнае і афіцыйнае прызнанне дзяржавай сваёй адказнасці, публічнае раскрыццё інфармацыі пра ўчыненыя злачынствы, прынясенне дзяржавай публічных выбачэнняў і правядзенне цырымоніяў, прыняцце дзяржавай мераў па прыцягненні да адказнасці вінаватых асобаў);
    – рэабілітацыі (наданні медычнай і псіхалагічнай дапамогі, а таксама сацыяльных, юрыдычных і іншых мераў, накіраваных на рэінтэграцыю ў грамадства);
    – гарантыяў непаўторнасці (уключаючы забеспячэнне належнага грамадскага кантролю за сілавымі ведамствамі, забеспячэнне незалежнасці судовай улады, забеспячэнне адмысловай абароны для адвакатаў, медыкаў, журналістаў і праваабаронцаў, забеспячэнне адукацыі супрацоўнікаў сілавых ведамстваў у сферы правоў чалавека і інш.).

    Права на кампенсацыю шкоды з’яўляецца важным і ў якасці гарантыі непаўторнасці, бо яно дапамагае вінаватым асобам усвядоміць супрацьзаконнасць сваіх учынкаў, а грамадству – свой абавязак па абароне годнасці рэпрэсаваных асобаў. Апроч таго, дзякуючы гэтаму праву рэпрэсаваныя асобы змогуць адчуць давер да дзяржавы, атрымаць прызнанне ў якасці праваўладальнікаў і, магчыма, пашырыць свае правы і перспектывы, што, у сваю чаргу, прынясе карысць грамадству.

    Для ажыццяўлення права на кампенсацыю шкоды вельмі важна, каб дзяржава і любыя іншыя суб’екты, якія маюць дачыненне да парушэнняў, прызналі сваю адказнасць.

    Права на сродкі прававой абароны з’яўляецца адным з асноўных правоў ва ўсіх дамовах па правах чалавека. У лік такіх сродкаў уваходзіць права рэпрэсаваных асобаў заяўляць пра тое, што іх правы былі парушаныя, і патрабаваць кампенсацыі нанесенай ім шкоды. Пра нацыянальныя праграмы пакрыцця шкоды як пра эфектыўныя сродкі кампенсацыі шкоды ў выпадках масавых злачынстваў гаворыцца ў Асноўных прынцыпах і кіруючых палажэннях, якія тычацца права на прававую абарону і кампенсацыю шкоды для ахвяраў грубых парушэнняў міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека і сурʼёзных парушэнняў міжнароднага гуманітарнага права, і ў Абноўленым зборы прынцыпаў абароны і заахвочвання правоў чалавека з дапамогай барацьбы з беспакаранасцю.

    Згодна з міжнародным правам у галіне правоў чалавека сродкі прававой абароны павінныя быць адэкватнымі і эфектыўнымі для рэагавання на патэнцыйныя парушэнні адпаведных правоў. Іх змест павінны быць сфармуляваны ў межах прынцыпу «поўнай кампенсацыі». Гэтая ідэя падмацоўваецца асноўнымі прынцыпамі і кіруючымі палажэннямі, у якіх адзначаецца, што права на прававую абарону павінна ўключаць «адэкватную, эфектыўную і хуткую кампенсацыю». Ахвяры павінны мець доступ да «лёгкадаступных, аператыўных і эфектыўных сродкаў прававой абароны ў форме крымінальнай, грамадзянскай, адміністрацыйнай або дысцыплінарнай вытворчасці», кампенсацыя можа выдавацца ў межах нацыянальных праграмаў кампенсацыі шкоды і што такія праграмы могуць фінансавацца з нацыянальных або міжнародных крыніцаў.

    Міжнародныя судовыя ўстановы, напрыклад, Міжамерыканскі суд па правах чалавека, выпрацавалі сур’ёзную судовую практыку кампенсацыі шкоды ахвярам масавых злачынстваў шляхам вынясення рашэнняў па асобных справах. Суд зазначыў, што пацярпелыя павінны атрымаць поўную і адэкватную кампенсацыю нанесенай шкоды, што ўключае «неабходнасць прыняцця розных захадаў па кампенсацыі шкоды, з тым, каб цалкам пакрыць прычыненую шкоду; такім чынам, у выніку цяжару наступстваў і калектыўнага характару нанесенай шкоды, у дадатак да грашовай кампенсацыі асаблівае значэнне маюць захады сатысфакцыі, рэстытуцыі і рэабілітацыі, а таксама гарантыі непаўторнасці».

    Суд таксама вызначыў некаторыя крытэрыі, якіх павінны прытрымлівацца нацыянальныя праграмы кампенсацыі шкоды:

    1. нацыянальныя праграмы кампенсацыі шкоды з’яўляюцца сродкамі прававой абароны для кампенсацыі шкоды ахвярам масавых злачынстваў;
    2. яны павінны быць адэкватнымі, аператыўнымі і эфектыўнымі;
    3. яны павінны распрацоўвацца, ажыццяўляцца і кантралявацца ў межах працэсаў, якія ўключаюць кансультацыі з ахвярамі і іх удзел, асабліва тых з іх, хто знаходзіцца ў найбольш уразлівым становішчы, напрыклад жанчын, прадстаўнікоў групаў меншасцяў, ахвяраў сэксуалізаванага гвалту, перамешчаных асобаў і інвалідаў;
    4. яны павінны даваць ахвярам розныя формы пакрыцця шкоды, а не толькі кампенсацыю;
    5. іх адэкватнасць і эфектыўнасць таксама залежаць ад таго, як яны суадносяцца з іншымі кампанентамі правасуддзя пераходнага перыяду, уключаючы выкананне правасуддзя, усталяванне ісціны і гарантыі непаўторнасці парушэнняў;
    6. кампенсацыя, уключаючы крытэрыі размеркавання сярод ахвяраў, сем’яў і асобаў, якія знаходзяцца ў найбольш уразлівым становішчы, павінна быць разумнай і прапарцыйнай.

    Стварэнне рэестраў рэпрэсаваных асобаў. 

    Індывідуальныя і калектыўныя рэестры рэпрэсаваных асобаў маюць вырашальнае значэнне для:

    1. складання рэалістычных прагнозаў узроўню віктымізацыі ў дзяржавах, якія перажываюць пераходны перыяд;
    2. ацэнкі выдаткаў на выплату кампенсацыі патэнцыйным бенефіцыярам праграмы;
    3. планавання размеркавання рэсурсаў;
    4. кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным асобам, якія патрабуюць неадкладнай увагі, з дапамогай тэрміновых праграмаў кампенсацыі шкоды. Рэестры з’яўляюцца найважнейшым сродкам забеспячэння прызнання, сатысфакцыі і памяці. Мэта працэсу рэгістрацыі зводзіцца не да таго, каб аспрэчваць праўдзівасць заяваў рэпрэсаваных асобаў або прадстаўленых імі доказаў, а да таго, каб добрасумленным чынам зыходзіць з дапушчэння, што сказанае зʼяўляецца дакладнай інфармацыяй.

    Гендарны баланс. 

    Дзяржава ў пераходны перыяд абавязаная ўлічваць гендарны аспект. Для гэтага неабходна, каб пры распрацоўцы і ажыццяўленні любых захадаў у галіне правасуддзя пераходнага перыяду належным чынам прызнаваўся і ўлічваўся ў адпаведнасці з крытэрам інтэрсекцыянальнасці комплексны досвед не толькі жанчын, якія перажылі сэксуалізаваны і гендарны гвалт, але і пацярпелых ад такога гвалту мужчын, а таксама лесбіянак, геяў, бісексуалаў і трансгендараў. Інакш працэсы выяўлення ісціны, правасуддзя, усёабдымнай кампенсацыі шкоды, забеспячэння гарантыяў непаўторнасці і ўвекавечання памяці будуць незавершанымі.

    Варта забяспечыць, каб пералік парушэнняў і катэгорыяў рэпрэсаваных асобаў, якія маюць права на кампенсацыю шкоды, не ўзнавіў формы гендарнай дыскрымінацыі.

    Віды рэабілітацыі 

    Рэабілітацыя з’яўляецца адной з формаў кампенсацыі шкоды, якая накіраваная на надаванне рэпрэсаваным асобам паслугаў у галіне фізічнага і псіхічнага здароўя, а таксама іншых юрыдычных і сацыяльных паслугаў. Яна здольная змякчыць псіхічную і фізічную шкоду, нанесеную рэпрэсаваным асобам, а таксама дазваляе аднавіць ім сваё жыццё, адкрыць новыя жыццёвыя перспектывы, рэалізаваць свае правы на аднаўленне справядлівасці. З дапамогай гэтага рэпрэсаваныя і пасля рэабілітаваныя асобы аднаўляюцца ў палітычных, сацыяльных, грамадзянскіх і іншых правах, страчаных імі ў сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі.

    Юрыдычная рэабілітацыя прадугледжвае аднаўленне ў правах, адмену абвінаваўчых прысудаў, аднаўленне дзелавой рэпутацыі (юрыдычных асобаў), гонару і годнасці і дзелавой рэпутацыі (фізічных асобаў), кампенсацыю шкоды, нанесенай у сувязі з незаконным абвінавачаннем.

    Асобы, якія зазналі палітычныя рэпрэсіі, маюць права на бясплатныя юрыдычныя кансультацыі па пытаннях, звязаных з рэабілітацыяй, і вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнага мыта і судовых выдаткаў пры звароце ў дзяржаўныя органы і суды па пытаннях, звязаных з ужываннем Акту аб рэабілітацыі.

    Біяпсіхасацыяльная рэабілітацыя прадугледжвае аднаўленне статусу чалавека ў грамадстве, яго сацыяльную адаптацыю шляхам надання яму псіхалагічнай дапамогі з мэтай пераадолення траўматычнага досведу, а таксама медычную дапамогу з мэтай аднаўлення або кампенсацыі парушаных або страчаных фізіялагічных функцыяў арганізму.

    Рэпрэсіі ахопліваюць розныя сферы чалавечага жыцця і могуць пацягнуць страту ў той ці іншай ступені асобай здароўя фізічнага і/або псіхалагічнага, працы, бізнесу, жылля і іншай маёмасці, магчымасці атрымання/працягу адукацыі.

    Задача біяпсіхасацыяльнай рэабілітацыі – дапамагчы людзям вярнуцца да нармальнага жыцця, якога яны былі пазбаўленыя ў выніку рэпрэсіяў. Задача юрыдычнай рэабілітацыі – аднавіць у правах, кампенсаваць прычыненую маёмасную, фізічную і маральную шкоду.

    Акт аб аднаўленні справядлівасці ў дачыненні да рэпрэсаваных асобаў можа ўтрымліваць наступныя сацыяльныя ільготы і праграмы:

    1. грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства з’яўляюцца пенсіянерамі і асобамі з інваліднасцю, рэпрэсаваныя і пасля рэабілітаваныя карыстаюцца правам на:

    – ільготы па аплаце камунальных паслугаў, якія вызначаюцца нацыянальным заканадаўствам у абʼёме не меншым, чым для асобных катэгорыяў уразлівых групаў (напрыклад, ліквідатары наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС – пры іх увядзенні парламентам);
    – бясплатны праезд па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у пасажырскім гарадскім, прыгарадным, міжгароднім транспарце;
    – пакрыццё кошту лекаў, якія набываюцца па рэцэпце лекара; – пакрыццё 50% кошту замежных лекаў, якія набываюцца па рэцэпце лекара;
    – бясплатнае забеспячэнне пратэзна-артапедычнымі вырабамі або субсідаванне куплі замежных пратэзаў. Сума субсідыі залежыць ад віду пратэзна-артапедычнага вырабу, у якім мае патрэбу рэабілітаваная асоба);
    – бясплатную пуцёўку на санаторна-курортнае лячэнне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і аздараўленне 1 раз на 2 гады;

    2. грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія на момант утрымання ў месцах зняволення з’яўляліся (сталі) пенсіянерамі, асобамі з інваліднасцю незалежна ад тэрміну ўтрымання ў такіх месцах, рэпрэсаваныя і пасля рэабілітаваныя карыстаюцца правам на:

    – 50% аплату камунальных паслугаў;
    – бясплатны праезд па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у пасажырскім гарадскім транспарце і ў прыгарадным, транспарце;
    – кампенсацыю выдаткаў на праезд у міжгароднім транспарце, калі выдаткі звязаныя з выездам на лячэнне і рэабілітацыю;
    – кампенсацыя аплаты кошту лекаў, якія набываюцца па рэцэпце лекара;
    – бясплатнае забеспячэнне пратэзна-артапедычнымі вырабамі; – бясплатную пуцёўку на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь 1 раз на год;

    3. студэнты – грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія былі адлічаныя ў выніку рэпрэсіяў і пасля былі рэабілітаваныя, якія былі вымушаныя ў выніку рэпрэсіяў пакінуць Беларусь, не скончыўшы навучанне, маюць права на кампенсацыю пацверджаных сумаў выдаткаў на адукацыю, панесеных імі ў сувязі з атрыманнем вышэйшай адукацыі ў іншых краінах. Калі асоба навучалася на платнай аснове ў Рэспубліцы Беларусь, але не змагла ў выніку рэпрэсіяў скончыць навучальную ўстанову (у тым ліку пры вымушанай эміграцыі), то такая асоба мае права на кампенсацыю выдаткаў, фактычна панесеных на сваё навучанне. Калі пасля адлічэння з навучальнай установы па прычыне рэпрэсіяў асобай не была атрыманая адукацыя, то ёй прапануецца аплата навучання ў любой вышэйшай навучальнай установе Беларусі за кошт бюджэтных сродкаў.

    Грамадзянская рэабілітацыя – аднаўленне ў маёмасных правах, а таксама кампенсацыйныя захады.

    Сужэнцы, бацькі, дзеці асобаў, пакараных смерцю або памерлых у выніку палітычных рэпрэсіяў, здзейсненых на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і пасля рэабілітаваных, атрымліваюць пры падачы заявы аднаразовую кампенсацыю ў памеры 1000 мінімальных заработных плат.

    Грамадзянам Рэспублікі Беларусь, замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія зазналі палітычныя рэпрэсіі, у выніку якіх ім нанесеная матэрыяльная шкода, і пасля рэабілітаваным, вяртаецца страчаная імі ў выніку рэпрэсіяў маёмасць. У выпадку немагчымасці вяртання страчанай маёмасці выплачваецца яе камерцыйны кошт на дзень падачы заявы. Дамовы куплі-продажу, дарэння, заключаныя ў часе рэпрэсіяў, або адчужэнне іншым спосабам зямлі, жылых дамоў, кватэраў і іншай нерухомай маёмасці, канфіскаванай і вынятай у рэпрэсаваных асобаў, пасля іх рэабілітацыі па заяве рэпрэсаваных асобаў прызнаюцца несапраўднымі ў судовым парадку. Адчужэнне маёмасці рэпрэсаваных асобаў да прызнання іх рэабілітаванымі асобамі рэгулюецца ў дадзенай канцэпцыі ніжэй у главе аб рэстытуцыі.

    У выпадку страты грамадзянства Рэспублікі Беларусь у выніку рэпрэсіяў, яно падлягае аднаўленню па заяўным прынцыпе (падрабязней пра гэта – далей у дакуменце). У сувязі з гэтым неабходна будзе ўнесці змены ў некаторыя нарматыўна-прававыя акты, якія тычацца набыцця і страты грамадзянства.

    Прызнаюцца несапраўднымі рашэнні аб пазбаўленні рэпрэсаваных асобаў дзяржаўных узнагародаў, вучоных ступеняў, вайсковых званняў, спецыяльных і ганаровых званняў, пенсіяў і іншых правоў (падрабязней пра гэта – далей у дакуменце).

    Час знаходжання рэпрэсаваных асобаў у месцах зняволення ўключаецца ў агульны бесперапынны стаж працы, а таксама ў стаж працы па спецыяльнасці, пры гэтым адзін год знаходжання ў месцах зняволення залічваецца за тры гады.

    Асобам, незаконна звольненым з працы (пазбаўленым права на прафесію і права на асацыяцыю) або адлічаным з навучальных установаў па палітычных матывах, аднаўляецца стаж працы па спецыяльнасці, уключаючы навуковую і педагагічную дзейнасць, за ўвесь перыяд вымушанага перапынку ў працы ці вучобе.

    Наданне прадугледжаных гэтым актам ільготаў і кампенсацыяў ажыццяўляецца за кошт сродкаў бюджэту.

    Калектыўная кампенсацыя – шматаспектная катэгорыя, якая ўключае ў сябе як характар кампенсацыі (напрыклад, віды матэрыяльнай кампенсацыі, якая надаецца, або спосаб яе надання), так і тып атрымальнікаў такой кампенсацыі (напрыклад, калектыў асобаў).

    Адным з захадаў, якія прымаюцца ў мэтах калектыўнай кампенсацыі, з’яўляецца публічнае выбачэнне. Мэты прыняцця гэтага захаду ўключаюць не толькі прызнанне годнасці рэпрэсаваных асобаў, але і пацвярджэнне дзеяння агульных нормаў, якія былі парушаныя і, такім чынам, ускоснае пацверджанне значэння правоў у цэлым.

    Дзяржавай прымаюцца захады па аднаўленні рэпутацыі рэпрэсаваных асобаў на падставе публічных заяваў аб іх невінаватасці. У гэтай сувязі павінны быць прынесеныя публічныя выбачэнні за парушэнні правоў чалавека.

    Публічныя выбачэнні за здзейсненыя ў мінулым парушэнні правоў чалавека ўключаюць:

    1. прызнанне шкоды, нанесенай наўмысна або па неасцярожнасці, пра якую апавясцілі;
    2. шчырае прызнанне індывідуальнай, арганізацыйнай або калектыўнай адказнасці за прычыненую шкоду;
    3. публічная заява аб раскаянні або шкадаванні ў сувязі з супрацьпраўнымі дзеяннямі або бяздзейнасцю, якая робіцца з належнай павагай да годнасці ахвяры і далікатнасцю;
    4. гарантыя непаўторнасці.

    Пытанні выплатаў рэпрэсаваным асобам. 

    На дадзены момант у Беларусі пытанні кампенсацыі маёмаснай, фізічнай і маральнай шкоды, нанесенай незаконным затрыманнем, арыштам, змяшчэннем у псіхіятрычную ўстанову, незаконным прысудам урэгуляваныя Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, а таксама Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь.

    У заканадаўстве прапісаныя віды шкоды, якія падлягаюць кампенсацыі. Раскрываючы тэрміналогію ў дачыненні да пытанняў рэпрэсіяў неабходна адзначыць наступнае.

    Фізічная шкода – гэта шкодныя для здароўя і жыцця фізічнай асобы наступствы, якія паўсталі ў выніку незаконных дзеянняў органу, які вядзе крымінальны працэс.

    Маёмасная шкода – гэта страта, канфіскацыя або пашкоджанне маёмасці, страта заробку, пенсіі, дапамогі, маёмасных ільготаў, спагнанне штрафаў, працэсуальныя выдаткі і іншыя выдаткі, звязаныя з утрыманнем у месцах зняволення па палітычных матывах.

    Маральная шкода – гэта фізічныя і (або) маральныя пакуты, якія зазнае грамадзянін. Фізічныя пакуты – гэта фізічны боль, функцыянальны разлад арганізму, змены ў эмацыйна-валявой сферы, іншыя адхіленні ад звычайнага стану здароўя, якія з’яўляюцца наступствам дзеянняў (бяздзейнасці), якія пасягаюць на нематэрыяльныя даброты або маёмасныя правы грамадзяніна. Маральныя пакуты, як правіла, выяўляюцца ў адчуваннях страху, сораму, прыніжэння, а роўна ў іншых неспрыяльных для чалавека ў псіхалагічным аспекце перажываннях, звязаных са стратай блізкіх, стратай працы, раскрыццём медычнай таямніцы, немагчымасцю працягваць актыўнае грамадскае жыццё, з абмежаваннем або пазбаўленнем якіх-небудзь грамадзянскіх правоў і т. п.

    Сума кампенсацыі маральнай шкоды павінна адпавядаць панесеным фізічным і маральным пакутам і павінна абгрунтоўвацца пацярпелым зыходзячы з фактычных абставінаў справы і ў адпаведнасці з палажэннямі Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

    Кампенсацыя шкоды, прычыненай фізічнай або юрыдычнай асобе незаконнымі дзеяннямі суду, органу, які вядзе адміністрацыйны працэс, ажыццяўляецца па правілах главы 15 ПВКаАП Рэспублікі Беларусь з пераглядам тэрмінаў даўніны.

    Паколькі згодна з п. 3 арт. 15.2 шкода не падлягае кампенсацыі, калі асоба добраахвотна абгаварыла сябе ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, неабходна ўлічваць сітуацыю, якая склалася ў перыяд рэпрэсіяў, калі рэпрэсаваныя асобы часта сябе абгаворвалі, баючыся катаванняў або арышту.

    Вырашаючы пытанне аб добраахвотнасці самаабгавору па артыкулах 19.1, 19.11, 24.3, 24.23 КаАП Рэспублікі Беларусь (а таксама 23.34 да ўнясення зменаў) неабходна ўлічваць сітуацыю, якая склалася ў перыяд рэпрэсіяў. У гэтай сувязі фізічнай асобе не патрабуецца ўсталёўваць факт катаванняў, пагрозаў або ўвядзення ў зман датычна наступстваў прызнання віны ў адміністрацыйным працэсе. Дастатковым будзе з’яўляцца сам факт пазначэння таго, што прызнанне было зроблена пад ціскам страху або пагрозаў. Гэта прадугледжвае ўнясенне зменаў у кодэксы Рэспублікі Беларусь. Самі ж саставы адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаныя асобнымі артыкуламі Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, падлягаюць выключэнню з кодэксу, бо яны пярэчаць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека.

    Шкода, нанесеную асобе незаконнымі дзеяннямі суду, органу, які вядзе адміністрацыйны працэс, у тым ліку выдаткі на атрыманне юрыдычнай дапамогі і іншыя выдаткі, панесеныя ў сувязі з вядзеннем адміністрацыйнага працэсу, кампенсуецца ў парадку, вызначаным ГК і ГПК Рэспублікі Беларусь. Прапануецца ўнесці змены ў працэсуальныя кодэксы, дапоўніўшы іх нормамі, якія будуць павялічваць тэрміны іскавай даўніны па дадзенай катэгорыі справаў. Таксама ў грамадзянскім заканадаўстве можна прадугледзець адмысловую падставу для прыпынення ходу тэрміну іскавай даўніны па кампенсацыі шкоды, нанесенай палітычна матываваным пераследам, паколькі відавочна немагчымасць і неэфектыўнасць высоўвання такіх патрабаванняў да моманту пачатку транзітнага перыяду.

    Механізм налічэння выплатаў. 

    У пытаннях налічэння памеру грашовай кампенсацыі ў выпадку незаконнага ўтрымання ў месцах зняволення суды кіруюцца пунктамі 15, 16 пастановы Пленума Вярхоўнага Суду ад 28 верасня 2000 г. № 7. Галоўны прынцып, зазначаны ў ім – патрабаванне разумнасці і справядлівасці.

    Паколькі ў Беларусі адсотак апраўдальных прысудаў невысокі, выпадкі выплаты кампенсацыяў з’яўляюцца даволі рэдкімі. Аднак, калі разлічыць сярэднямесячную суму па апраўдальных прысудах, то сума будзе роўнай эквіваленту каля 500 долараў ЗША ў месяц, што адпавядае памеру сярэдняй заработнай платы ў Рэспубліцы Беларусь.

    Мяркуем, што за кожны месяц зняволення павінна прадугледжвацца выплата сумы, эквівалентнай не менш, чым 500 долараў ЗША па курсе ў нацыянальнай валюце, што павінна быць прапісана ў Акце аб аднаўленні справядлівасці ў дачыненні да рэпрэсаваных асобаў. Суму таксама можна прывязваць да пэўнай колькасці заробкаў або базавых велічыняў.

    Апроч таго, выглядае справядлівым кампенсаваць таксама і страты ў выглядзе рэальнай шкоды або ўпушчанай выгады (напрыклад, сума страчанага заробку за перыяд знаходжання ў месцах зняволення, з улікам кар’ерных і прафесійных магчымасцяў). Працэдура кампенсацыі стратаў па такім прынцыпе можа ажыццяўляцца ў судовым парадку.

    5. ПРАЦЭДУРА КАМПЕНСАЦЫІ ШКОДЫ. КАМІСІЯ ПА АДНАЎЛЕННІ СПРАВЯДЛІВАСЦІ 

    Камісія па аднаўленні справядлівасці (далей – Камісія) ствараецца з ліку прадстаўнікоў грамадскасці, праваабаронцаў, юрыстаў, эканамістаў, членаў арганізацыяў, якія прадстаўляюць інтарэсы рэпрэсаваных асобаў, і іншых асобаў, якія валодаюць высокімі маральнымі якасцямі.

    Пытанне фармавання Камісіі па аднаўленні справядлівасці з’яўляецца прэрагатывай дэмакратычна абранага парламенту. Таксама ў склад камісіі могуць уваходзіць згодна з пасадамі прадстаўнікі Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь, Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскага органу дзяржаўнай бяспекі. Гэта важна для ўзаемадзеяння ведамстваў у частцы працы Камісіі (прадстаўленне неабходных матэрыялаў, аператыўнага выканання яе рашэнняў).

    Камісія можа ствараць у сваёй структуры спецыялізаваныя падраздзяленні (падкамісіі), якія займаюцца, напрыклад, гендарнымі пытаннямі, а таксама працуюць з асобамі, якія знаходзяцца ва ўразлівым становішчы (дзеці, сексуалізаваны гвалт, ЛГБТ, асобы з інваліднасцю і г. д.), падкамісія па пытаннях вяртання і аднаўлення ў грамадзянстве, падкамісія па пытаннях студэнтаў і адукацыі і іншыя. Таксама магчыма стварэнне камісіяў па тэрытарыяльным прынцыпе для больш аператыўнага вырашэння задачаў, ускладзеных на орган аднаўлення справядлівасці.

    Для стварэння надзейных рэестраў ахвяраў Камісіі неабходна ўсталяваць кантакты з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці. Яны валодаюць адпаведнымі дадзенымі аб віктымізацыі і парушэннях, якія будуць мець першараднае значэнне пры правядзенні якога-небудзь аналізу. Яны таксама маюць найкаштоўнейшыя сувязі з сем’ямі ахвяраў, якія могуць дапамагчы дзяржаўным уладам умацаваць давер і садзейнічаць атрыманню інфармацыі з боку ахвяраў.

    Эфектыўная сістэма рэгістрацыі таксама патрабуе інфармавання ўсіх ахвяраў пра іх правы, існуючыя праграмы кампенсацыі шкоды і працэдуры рэгістрацыі.

    У працэсе рэабілітацыі асобаў, якія знаходзяцца ў асабліва ўразлівым становішчы, такіх як ахвяры сэксуалізаванага гвалту, дзеці і людзі з інваліднасцю, варта прымаць адмысловыя захады. У працэсе рэабілітацыі яны не павінны зазнаваць далейшую віктымізацыю або стыгматызацыю.

    Кампенсацыя шкоды рэпрэсаваным асобам ажыццяўляецца Камісіяй па сваёй ініцыятыве, а таксама па заяўным прынцыпе. Як было адзначана вышэй, кампенсацыя шкоды – гэта перш за ўсё абавязак дзяржавы, таму Камісія не чакаючы заяваў рэпрэсаваных асобаў, сама можа прызнаваць тую ці іншую асобу рэпрэсаванай на падставе дадзеных (рэестраў), якія маюцца. Праўдападобна, што Камісія не будзе валодаць вычарпальнымі звесткамі аб усіх выпадках рэпрэсіяў з увагі на тое, што частка справаў застаюцца ўтоенымі і не публічнымі. У сувязі з гэтым, прадугледжаны заяўны механізм, калі рэпрэсаваная асоба можа сама заявіць пра свае правы ў Камісію.

    Асобе, прызнанай рэпрэсаванай, выдаецца пасведчанне рэпрэсаванай асобы.

    Па заяўным прынцыпе: 

    1. ажыццяўляецца прызнанне грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства рэпрэсаванымі асобамі;
    2. выдаюцца пасведчанні рэпрэсаваных асобаў, якія даюць права на ільготы;
    3. ажыццяўляецца налічэнне грашовай кампенсацыі (у выпадку бясспрэчных выплатаў, якія не тычацца матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды).

    Камісія па аднаўленні справядлівасці таксама спрыяе рэалізацыі права асобаў, пацярпелых ад палітычна матываванага пераследу і членаў іх сем’яў, азнаёміцца з матэрыяламі вытворчасці па крымінальнай справе і матэрыяламі па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, справамі аператыўнага ўліку, іншымі дакументамі, а таксама рэалізацыі права атрымліваць копіі дакументаў, у тым ліку ў выпадку знаходжання апошніх у архівах.

    Асобы, якія маюць права на падачу заявы. 

    Заява ў Камісію можа быць пададзена:

    1. рэпрэсаванай асобай;
    2. сваяком рэпрэсаванай асобы, у тым ліку памерлай;
    3. кожнай асобай, якая лічыць, што зазнала рэпрэсіі ў перыяд палітычнага рэжыму А.Р. Лукашэнкі з 20 ліпеня 1994 года па (тут будзе дададзеная дата падзення рэжыму);
    4. пракурорам у інтарэсах рэпрэсаванай асобы;
    5. адвакатам па даручэнні рэпрэсаванай асобы або яго блізкага сваяка; 6. праваабарончай арганізацыяй, прафсаюзам, асацыяцыяй або іншай структурай грамадзянскай супольнасці;
    7. кожнай асобай, якая валодае звесткамі аб тым, што ў дачыненні да трэцяй асобы мелі месца рэпрэсіі па палітычных матывах у перыяд з 20 ліпеня 1994 года па (дата падзення рэжыму).

    Пад блізкімі сваякамі разумеюцца муж (жонка), бацькі, дзеці, усынавіцелі (удачарыцелі), усыноўленыя (удачароныя), родныя браты і сёстры, дзед, бабка, унукі.

    Падача ў Камісію заявы аб рэабілітацыі асобы тэрмінам не абмяжоўваецца. Адмова ў прызнанні рэпрэсаваным не перашкаджае паўторнай падачы заявы ў Камісію на іншых падставах, а таксама пры выяўленні новых абставінаў або далучэнні новых доказаў.

    Тэрміны разгляду заяваў. 

    Тэрмін для прыняцця рашэння па заяве не можа перавышаць шасці месяцаў ад дня паступлення заяваў.

    Абскарджанне рашэнняў Камісіі. 

    Заяўнік мае права абскардзіць рашэнне Камісіі аб адмове ў прызнанні рэпрэсаванай асобай і выдачы пасведчання рэпрэсаванай асобы, аб адмове ў налічэнні грашовай кампенсацыі ў суд ў парадку прадугледжаным на абскарджанне дзеяння (бяздзейнасці) дзяржаўных органаў і іншых юрыдычных асобаў, а таксама арганізацыяў, якія не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, і службовых асобаў, якія ўшчамляюць грамадзянаў у правах. Такімі ж паўнамоцтвамі валодае пракурор у выпадку нязгоды з рашэннем Камісіі, якое закранае інтарэсы дзяржавы.

    У выпадку, калі матэрыялы для разгляду пытання аб прызнанні рэпрэсаванай асобай не захаваліся з прычыны заканчэння тэрміну захоўвання або па іншых прычынах, то выяўленне факту палітычных рэпрэсіяў ажыццяўляецца ў судовым парадку.

    Паўнамоцтвы Камісіі па аднаўленні справядлівасці. 

    Камісія разглядае пытанні, звязаныя з кампенсацыяй шкоды рэпрэсаваным асобам у перыяд палітычных рэпрэсіяў рэжыму А.Р. Лукашэнкі, а менавіта:

    1. праводзіць кансультацыі з рэпрэсаванымі асобамі; кансультаванне вельмі важна не толькі для пашырэння правоў і магчымасцяў ахвяраў, але і для скарачэння тэрміну паміж прыняццем рашэння і яго выкананнем. Кансультацыі павінны праходзіць у свабодных і бяспечных абставінах;
    2. разглядае матэрыялы, звязаныя з рэпрэсіямі, здзейсненымі рэжымам А.Р. Лукашэнкі ў перыяд з 20 ліпеня 1994 года па (тут будзе дададзеная дата падзення рэжыму);
    3. вядзе рэестры;
    4. прымае рашэнні аб прызнанні асобаў рэпрэсаванымі; на камісію ўскладаецца сталая праца па юрыдычнай рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў незалежна ад заяваў, якія паступаюць з гэтай нагоды;
    5. выносіць заключэнні, па выніках якіх органы пракуратуры абавязаныя правесці праверку на прадмет адмены судовых пастановаў у дачыненні да рэпрэсаваных асобаў;
    6. з мэтай аднаўлення палітычных, сацыяльных, грамадзянскіх і іншых правоў рэпрэсаваных асобаў Камісія і падкамісіі ўзаемадзейнічаюць з органамі ўнутраных справаў, пракуратуры, Следчага камітэту, адвакатуры, пенітэнцыярнай сістэмы, судамі, Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і іншымі дзяржаўнымі і недзяржаўнымі арганізацыямі і асобамі;
    7. даюць рэкамендацыі з мэтамі рэалізацыі гарантыяў непаўторнасці;
    8. праводзяць публічныя слуханні па тэматыцы рэпрэсіяў перыяду праўлення рэжыму А. Р. Лукашэнкі;
    9. рыхтуюць штогадовыя справаздачы дэмакратычна абранаму парламенту Рэспублікі Беларусь аб сваёй працы, заключэнні аб становішчы справаў у сферы аднаўлення справядлівасці з прапановамі па ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства і адпаведнасці яго міжнародным стандартам у галіне абароны правоў чалавека.

    Павінна быць распрацаваная дзяржаўная палітыка забеспячэння гарантыяў непаўторнасці масавых парушэнняў, якую неабходна ўспрымаць як частку ўсёабдымнай стратэгіі правасуддзя пераходнага перыяду. З гэтай мэтай павінны быць праведзеныя рэформы.

    Узаемадзеянне камісіі з органамі пракуратуры. 

    Органы пракуратуры пасля атрымання заключэнняў з Камісіі абавязаныя:

    1. правесці праверку па матэрыялах вытворчасцяў крымінальных справаў у дачыненні да асобаў, адзначаных у матэрыялах заключэння Камісіі, запатрабаваўшы справы са Следчага камітэту, судоў і іншых органаў Рэспублікі Беларусь;
    2. прынесці пратэсты на прадмет адмены судовых прысудаў і рашэнняў, калі яны не адмененыя да прыняцця акту аб рэабілітацыі.

    Гендарны аспект у працы Камісіі па аднаўленні справядлівасці.

    Камісія надае асаблівую ўвагу вывучэнню прычынаў і наступстваў сэксуалізаванага і гендарнага гвалту. Склад членаў Камісіі павінен быць збалансаваны ў гендарных плане і ўключаць прадстаўнікоў закранутых супольнасцяў і групаў насельніцтва.

    Камісія праводзіць тэматычныя грамадскія слуханні па пытаннях рэабілітацыі жанчын, гендару, гомасексуальнасці або лесбіянак, геяў, бісексуалаў і трансгендараў, забяспечваючы бяспеку і паважаючы годнасць удзельнікаў і належным чынам іх інфармуючы, з мэтай недапушчэння паўторнай віктымізацыі.

    Камісія прымае актыўную стратэгію распаўсюджвання інфармацыі і камунікацыі, каб матываваць жанчын, лесбіянак, геяў, бісексуалаў і трансгендараў і ахвяраў сэксуалізаванага гвалту ў цэлым даць паказанні і наладзіць стратэгічныя партнёрскія адносіны са спецыялізаванымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці ў мэтах актуалізацыі гендарнай праблематыкі і стварэння кааліцыі сацыяльных суб’ектаў, якія выступаюць у падтрымку працэсу.

    Наступнае сістэмнае рэфармаванне.

    Эфектыўнасць рэалізацыі ўсяго комплексу захадаў па рэабілітацыі сцісла звязаная з правядзеннем шэрагу рэформаў, у тым ліку прававой рэформы, судовай рэформы, рэформы сектару бяспекі. Канцэпцыя рэабілітацыі зыходзіць з іх правядзення ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі і з улікам перадавых міжнародных практык.

    Прававая рэформа. 

    Міжнародна-прававыя абавязацельствы Беларусі ў сферы правоў чалавека і вяршэнства права павінныя быць імплементаваныя ў нацыянальнае заканадаўства.

    Судовая рэформа. 

    Судовыя органы гралі ключавую ролю на працягу этапу, які папярэднічаў пераходнаму перыяду. Важна сфармаваць незалежную і эфектыўную судовую сістэму. Неабходна правесці пэўную праверку супрацоўнікаў судовых органаў, умацаваць незалежнасць судовых органаў і адвакатуры, павысіць узровень кампетэнтнасці работнікаў судовых органаў.

    Рэформа сектару бяспекі. 

    У мэтах перадухілення парушэнняў у будучыні рэфармаванне сектару бяспекі павінна ажыццяўляцца ў наступных ключавых галінах:

    1. размежаванне паўнамоцтваў міліцыі (магчыма перайменаванне ў паліцыю), узброеных сілаў і разведвальных службаў (КДБ неабходна рэфармаваць і пазбавіцца ад гэтай назвы);
    2. узмацненне грамадскага кантролю над міліцыяй, узброенымі сіламі і разведвальнымі службамі;
    3. ліквідацыя «прывілеяў» сілавых структураў, (напрыклад, ліквідацыя прэзумпцыі даверу супрацоўніку пры дачы ім паказанняў у судзе); 4. звальненне датычных да рэпрэсіяў супрацоўнікаў.

    Дзяржаўная палітыка ў галіне рэабілітацыі. 

    Узнікае неабходнасць на ўзроўні міністэрстваў у распрацоўцы розных праграмаў, у якія будуць уключаныя канкрэтныя віды рэабілітацыі. Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь павінна распрацаваць праграму, якая будзе прадугледжваць лячэнне, фізічную і псіхалагічную рэабілітацыю рэпрэсаваных асобаў і іх сем’яў з абазначэннем канкрэтных медычных цэнтраў, установаў аховы здароўя ў якія можна звярнуцца. Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь павінна стварыць праграму, звязаную з навучаннем або перанавучаннем рэпрэсаваных асобаў, а таксама з падрыхтоўкай спецыялістаў, занятых у працэсе рэабілітацыі. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь павінна распрацаваць праграмы, якія вызначаюць палітыку памяці аб перыядзе рэжыму А.Р. Лукашэнкі, якія ўключаюць шырокі доступ да архіўных матэрыялаў масавых парушэнняў правоў чалавека, мемарыялізацыю памяці і адукацыю будучых пакаленняў з мэтамі перадухілення паўтарэння парушэнняў. Яны могуць быць накіраваныя таксама на стварэнне культурных тэматычных аб’ектаў, а таксама на наданне дапамогі рэпрэсаваным работнікам творчых прафесіяў. Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь павінна распрацаваць праграму, звязаную са стымуляваннем прадпрымальніцкай актыўнасці рэпрэсаваных бізнесменаў.

    Міністэрства транспарту і камунікацыі Рэспублікі Беларусь павінна распрацаваць праграму, звязаную з ільготным (бясплатным) праездам. Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь павінны распрацаваць праграму выплатаў грашовай кампенсацыі на падставе спісаў рэпрэсаваных асобаў, пададзеных Камісіяй па аднаўленні справядлівасці.

    У кожным міністэрстве павінна быць створана свая мэтавая праграма, фінансаванне якой прадугледжваецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту па функцыянальнай класіфікацыі выдаткаў бюджэту ў парадку, вызначаным Бюджэтным кодэксам Рэспублікі Беларусь.

    У межах развіцця сектару НДА, павінны быць створаныя ўмовы для арганізацыі асацыяцыяў былых зняволеных і асацыяцыяў самадапамогі рэпрэсаваных асобаў. У структуры бюджэту павінны быць прадугледжаныя субсідыі на іх стварэнне.

    Фінансавыя рэсурсы. 

    Найважнейшае значэнне для ажыццяўлення права на кампенсацыю шкоды мае наяўнасць фінансавых рэсурсаў для фінансавання працы нацыянальных праграмаў кампенсацыі шкоды, уключаючы наданне грашовай дапамогі. Дзяржава павінна ўзяць на сябе абавязацельствы вылучаць неабходныя бюджэтныя сродкі на пакрыццё шкоды рэпрэсаваным асобам, грунтуючыся на рэалістычных прагнозах выдаткаў на гэтыя мэты, а таксама на дадзеных аб агульнай колькасці ахвяраў. Існуюць розныя спосабы фінансавання праграмаў кампенсацыі шкоды. Некаторыя дзяржавы аддаюць перавагу стварэнню фонду кампенсацыі шкоды. Такія сродкі могуць быць атрыманыя дзякуючы адначасовым фінансавым унёскам або могуць папаўняцца па меры неабходнасці. Таксама мяркуецца, што Камісія з прыцягненнем экспертаў, рэпрэсаваных асобаў і іх сваякоў, дзяржаўных органаў і міжнародных экспертаў фармулюе працэдуры, крыніцы і механізмы выканання дзяржавай сваіх фінансавых абавязацельстваў па кампенсацыі шкоды.

    6. ПЫТАННІ КАНФІСКАВАНАЙ / ВЫНЯТАЙ У МЕЖАХ РАЗГЛЯДУ КРЫМІНАЛЬНЫХ СПРАВАЎ І СПРАВАЎ АБ АДМІНІСТРАТЫЎНЫХ ПРАВАПАРУШЭННЯХ МАЁМАСЦІ, А ТАКСАМА Ў МЕЖАХ ВЫКАНАЎЧЫХ ВЫТВОРЧАСЦАСЦЯЎ 

    Згодна з пунктам 3 арт. 2 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (далей – МПГПП) дзяржава-удзельнік абавязваецца:

    1. забяспечыць любой асобе, чые правы і свабоды, якія прызнаюцца ў Пакце, парушаныя, эфектыўны сродак прававой абароны, нават калі гэта парушэнне было здзейснена асобамі, якія дзейнічалі ў якасці афіцыйных;
    2. забяспечыць, каб права на прававую абарону для любой асобы, якая патрабуе такой абароны, устанаўлівалася кампетэнтнымі судовымі, адміністрацыйнымі або заканадаўчымі ўладамі або любым іншым кампетэнтным органам, прадугледжаным прававой сістэмай дзяржавы, і развіваць магчымасці судовай абароны;
    3. забяспечыць ужыванне кампетэнтнымі ўладамі сродкаў прававой абароны, калі яны надаюцца.

    У пункце 16 Заўвагі агульнага парадку № 31 звяртаецца ўвага, што без забеспячэння кампенсацыі асобам, правы якіх былі парушаныя, абавязацельства забеспячэння эфектыўнага сродку судовай абароны застанецца нявыкананым. Такім чынам, права на кампенсацыю шкоды ахвяры парушэння правоў чалавека паўстала з абавязацельства дзяржавы надаць «эфектыўны сродак прававой абароны».

    Згодна з п. 5 арт. 9 МПГПП кожны, хто быў ахвярай незаконнага арышту або ўтрымання пад вартай, мае права на кампенсацыю, якая мае іскавую моц.

    Паводле п. 9 арт. 14 МПГПП, калі якая-небудзь асоба канчатковым рашэннем была асуджаная за крымінальнае злачынства і калі вынесены ёй прысуд быў пасля адменены або ёй было падаравана памілаванне на той падставе, што якая-небудзь новая ці зноў выяўленая акалічнасць бясспрэчна даводзіць наяўнасць судовай памылкі, то гэтая асоба, якая панесла пакаранне ў выніку такога асуджэння, атрымлівае кампенсацыю згодна з законам, калі не будзе даведзена, што азначаная невядомая акалічнасць не была ў свой час выяўлена выключна або часткова з яе віны.

    На думку Камітэту разам з ясна акрэсленым патрабаваннем кампенсацыі ў п. 5 арт. 9 і п. 6 арт. 14, Пактам прадугледжваецца, як правіла, абавязацельства выплаты адпаведнай кампенсацыі. Камітэт адзначае, што ў адпаведных выпадках кампенсацыя можа ўяўляць сабой рэстытуцыю, рэабілітацыю і такія захады сатысфакцыі, як публічныя прабачэнні, публічныя цырымоніі, гарантыі непаўторнасці і ўнясенне зменаў у адпаведныя законы і практыку, а таксама прыцягненне да судовай адказнасці асобаў, вінаватых у парушэннях правоў чалавека.

    У п. 2 Кіруючых прынцыпаў у дачыненні да захадаў па кампенсацыі ў адпаведнасці з Факультатыўным пратаколам да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, Камітэт прапануе захады, накіраваныя на забеспячэнне ахвярам кампенсацыі шкоды ў поўным аб’ёме (рэстытуцыя, кампенсацыя, рэабілітацыя і захады сатысфакцыі) а таксама захады, накіраваныя на перадухіленне паўтарэння аналагічных парушэнняў у будучыні (гарантыі непаўторнасці). У п. 6 Камітэт просіць дзяржавы-ўдзельніцы прадугледжваць захады рэстытуцыі з мэтамі аднаўлення парушаных правоў18.

    Згодна з арт. 8 Дэкларацыі асноўных прынцыпаў правасуддзя для ахвяраў злачынстваў і злоўжывання ўладай пры адпаведных абставінах правапарушальнікі або трэція асобы, якія нясуць адказнасць за іх паводзіны, павінны забяспечыць справядлівую рэстытуцыю ахвярам, іх сем’ям або ўтрыманцам. Такая рэстытуцыя павінна ўключаць вяртанне ўласнасці або выплату за прычыненую шкоду або страту, пакрыццё выдаткаў, панесеных у выніку віктымізацыі, надаванне паслугаў і аднаўленне ў правах.

    А згодна з арт. 19 дзяржавам трэба разгледзець пытанне аб уключэнні ў нацыянальныя законы нормаў, якія забараняюць злоўжыванне ўладай і прадугледжваюць сродкі абароны для ахвяраў такіх злоўжыванняў. У пералік такіх сродкаў варта, у прыватнасці, уключыць права на рэстытуцыю і/або кампенсацыю і неабходную матэрыяльную, медычную, псіхалагічную і сацыяльную дапамогу і падтрымку.

    Згодна з п. 4 арт. 24 Міжнароднай канвенцыі для абароны ўсіх асобаў ад гвалтоўных знікненняў кожная дзяржава-удзельнік забяспечвае ў сваёй прававой сістэме для ахвяры гвалтоўнага знікнення права на атрыманне хуткага, справядлівага і адэкватнага пакрыцця нанесенай ёй шкоды і кампенсацыі.

    Права на пакрыццё шкоды, прадугледжанае ў п. 4 арт. 24, ахоплівае кампенсацыю матэрыяльнай і маральнай шкоды, а таксама, у адпаведных выпадках, такія іншыя формы кампенсацыі, як:

    – рэстытуцыя;
    – рэабілітацыя;
    – сатысфакцыя, уключаючы аднаўленне гонару і добрага імя;
    – гарантыі непаўторнасці.

    Такім чынам, можна зрабіць выснову, што рэстытуцыя ў міжнародным праве правоў чалавека разглядаецца як форма кампенсацыі шкоды, нароўні з кампенсацыяй, рэабілітацыяй, сатысфакцыяй, гарантыяй непаўторнасці таго, што здарылася. Абавязацельства забяспечыць гэтыя пяць відаў захадаў мае імператыўны характар.

    Рэстытуцыя – гэта аднаўленне правоў ахвяры, вяртанне да першапачатковага становішча да здзяйснення парушэння, напрыклад, аднаўленне свабоды, аднаўленне на працы, вяртанне маёмасці, вяртанне да месца жыхарства.

    Паводле рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН, пры рэстытуцыі варта прымаць максімальныя магчымасці да аднаўлення першапачатковага становішча ахвяры, якое існавала да здзяйснення грубых парушэнняў міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека або сур’ёзных парушэнняў міжнароднага гуманітарнага права. Рэстытуцыя ўключае ў сябе адпаведна: аднаўленне свабоды, карыстанне правамі чалавека, дакументаў, якія сведчаць асобу, сямейнага жыцця і грамадзянства, вяртанне на ранейшае месца жыхарства, аднаўленне на працы і вяртанне маёмасці.

    Спецыяльны дакладчык па пытанні аб дастатковым жыллі як кампаненце права на дастатковы жыццёвы ўзровень у сваім дакладзе A/HRC/4 / 18, таксама выказаўся пра важнасць рэстытуцыі. Ім адзначана, што «дзяржавам варта аддаваць прыярытэт гэтым правам (праву на жыллё) усіх асобаў, групаў або суполак, якія зазналі прымусовае высяленне. У той жа час асобы, групы і суполкі не павінны супраць іх волі быць прымушанымі да вяртання ў свае дамы, на свае землі ці ў родныя мясціны… Кампетэнтныя органы нясуць адказнасць і абавязак за наданне асобам, якія вяртаюцца, групам і суполкам максімальнай дапамогі ў вяртанні маёмасці і пажыткаў, якія былі пакінутыя або перайшлі ў іншыя рукі ў працэсе высялення. Калі вяртанне дадому і вяртанне маёмасці і пажыткаў немагчымыя, кампетэнтныя органы павінны даць ахвярам прымусовага высялення адэкватную кампенсацыю або справядлівае пакрыццё шкоды ў іншай форме ці аказаць ім садзейнічанне ў іх атрыманні».

    Такім чынам, можна вылучыць асноўныя падыходы міжнароднага права ў частцы рэстытуцыі, якія павінны знайсці адлюстраванне ў нацыянальным беларускім нацыянальным праве:

    1. Парушэнне правоў чалавека мае на ўвазе абавязак дзяржавы па кампенсацыі шкоды. Рэпрэсаваная асоба не павінна змагацца за атрыманне таго, што яму належыць па праве.
    2. Пакрыццё шкоды рэалізуецца ў формах рэстытуцыі, рэабілітацыі, кампенсацыі, сатысфакцыі, гарантыі непаўторнасці.
    3. Краіны могуць прымаць рашэнні аб спосабах распрацоўкі захадаў і працэдурах па кампенсацыі шкоды, якія лепш за ўсё адпавядаюць іх спецыфічным умовам.
    4. Дзяржава павінна прыкласці максімум намаганняў, каб вярнуць маёмасць рэпрэсаванай асобе пры яе жаданні. Тут важна звярнуць увагу на словы «пры жаданні», як адзначана Спецыяльным дакладчыкам па пытанні аб дастатковым жыллі.
    5. Калі вяртанне немагчымае ў натуры, то неабходна прадумаць механізм кампенсацыі.
    6. Дзяржава праз працэс рэстытуцыі і дзякуючы іншым дадатковым захадам павінна стымуляваць да вяртання грамадзянаў, якія эмігравалі. Ё

    У нацыянальным заканадаўстве не змяшчаюцца адмысловыя нормы аб рэстытуцыі, але ўсё ж маюцца некаторыя палажэнні па вяртанню маёмасці, пры дапамозе ўжывання нормаў грамадзянскага заканадаўства аб несапраўднасці ўгодаў.

    У арт. 168 ГК Рэспублікі Беларусь замацаванае паняцце несапраўднасці ўгоды. Такая ўгода не цягне юрыдычных наступстваў, за выключэннем тых, якія звязаныя з яе несапраўднасцю, і яна з’яўляецца несапраўднай з моманту яе здзяйснення. Пры несапраўднасці ўгоды кожны з бакоў абавязаны вярнуць іншай усё атрыманае па ўгодзе, а ў выпадку немагчымасці вярнуць атрыманае ў натуры (у тым ліку тады, калі атрыманае выяўляецца ў карыстанні маёмасцю, выкананай працы або аказанай паслузе) – пакрыць яго кошт грашыма.

    У арт. 284 ГК Рэспублікі Беларусь апісаныя разлікі пры вяртанні маёмасці з незаконнага валодання, а менавіта – уласнік мае права запатрабаваць ад асобы, якая ведала або павінна была ведаць, што яе валоданне незаконнае (нядобрасумленны ўладальнік), вяртання або кампенсацыі ўсіх прыбыткаў, якія гэтая асоба атрымала або мелася атрымаць за ўвесь час валодання, а ад добрасумленнага ўладальніка – вяртання або кампенсацыі ўсіх прыбыткаў, якія яна атрымала або мелася атрымаць ад часу, калі яна даведалася або мелася даведацца пра неправамернасць валодання або атрымала позву па пазове ўласніка аб вяртанні маёмасці. Добрасумленны ўладальнік мае права пакінуць за сабой зробленыя ім паляпшэнні, калі яны могуць быць аддзеленыя без пашкоджання маёмасці. Калі такое аддзяленне паляпшэнняў немагчымае, добрасумленны ўладальнік мае права патрабаваць кампенсацыі выдадзеных на паляпшэнне выдаткаў, але не звыш памеру павелічэння кошту маёмасці.

    Складанасці падчас вяртання маёмасці ўзнікаюць тады, калі нядобрасумленны бок зрабіў адчужэнне маёмасці трэцяй асобе. Прававыя наступствы будуць залежаць ад таго, пры якіх абставінах трэцяя асоба завалодала маёмасцю:

    1. Не ведала пра адсутнасць законных правоў на маёмасць у прадаўца. Тады па законе трэцяя асоба лічыцца добрасумленным набытчыкам і з моцы арт. 283 ГК Рэспублікі Беларусь запатрабаваць такую маёмасць можна толькі ў выпадку, калі маёмасць страчана ўласнікам або асобай, якой маёмасць была перададзена ўласнікам у валоданне, альбо выкрадзена ў таго ці іншага, альбо выбыла з іх валодання іншым шляхам не з іх волі.
    2. Прадавец не мае законных правоў на маёмасць. У такім выпадку трэба заяўляць да трэцяй асобы віндыкацыйны пазоў, каб вярнуць рэч назад. Дзеючае нацыянальнае рэгуляванне бачыцца недастатковым для  вырашэння пытанняў рэстытуцыі рэпрэсаваных асобаў, таму нормы аб рэстытуцыі падлягаюць распрацоўцы.

    Прынцыпы вяртання маёмасці ранейшаму ўласніку. 

    Калі маёмасць рэпрэсаваных асобаў захаваная, то дзяржава павінна прыняць захады па яе вяртанню. Калі вяртанне маёмасці немагчымае, то дзяржавай выплачваецца кампенсацыя ранейшаму ўласніку.

    Маёмасць вяртаецца як ранейшым уласнікам, так і іх спадчыннікам. Ранейшым уласнікам або іх спадчыннікам выплачваецца кампенсацыя, калі:

    1. ранейшыя ўласнікі або іх спадчыннікі адмаўляюцца ад вяртання маёмасці на карысць кампенсацыйнай выплаты;
    2. вяртанне маёмасці немагчымае (даказана, што маёмасць не была захаваная, маёмасць знаходзіцца ў драхлым або аварыйным стане, зменена катэгорыя земляў, на якой знаходзіўся зямельны ўчастак і г. д.);
    3. з моманту страты маёмасці памяшканне ў шматкватэрным жылым доме або індывідуальная жылая пабудова была перабудаваная больш, чым на 65%;
    4. маёмасць рэпрэсаваных асобаў пашкоджаная ў выніку дзеянняў, звязаных з фактамі ягонага пераследу па палітычных матывах (пагром кватэры, псаванне маёмасці пры затрыманні і г.д.).

    Добрасумленны набытчык не нясе выдаткаў па вяртанню маёмасці або выплаце кампенсацыі яго кошту. Дадзеныя выдаткі абавязаная пакрыць дзяржава.

    Асоба не можа быць прызнаная добрасумленным набытчыкам, калі сваім удзелам у рэпрэсіях спрыяла пераходу дадзенай маёмасці ў сваю ўласнасць. Пацвярджэннем дадзенай акалічнасці могуць быць наяўнасць рашэння суду аб здзяйсненні дзеянняў, накіраваных на спрыянне пераходу гэтай маёмасці ў сваю ўласнасць, або рашэння Камісіі па аднаўленні справядлівасці, якая канстатуе дадзены факт і засноўвае яго на дакументах і (або) сведчаннях відавочцаў.

    Пры вяртанні маёмасці павінна быць прадугледжанае права рэпрэсаванай асобы патрабаваць ад дзяржавы кампенсацыю некаторых выдаткаў. Гэта могуць быць выдаткі, звязаныя з аднаўленнем, рамонтам пашкоджанай маёмасці (пагромы падчас ператрусаў, пашкоджанне маёмасці пры затрыманні і г.д.).

    Спрэчкі паміж фізічнымі асобамі аб маёмасці, якая падлягае вяртанню, а таксама спрэчкі паміж фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, якія абавязаныя вярнуць маёмасць рэпрэсаваным асобам або кампенсаваць яе кошт, вырашаюцца судом. Пры гэтым выглядае абгрунтаваным вызваленне асобы, якая заяўляе адпаведнае патрабаванне ў суд, ад судовых выдаткаў, у прыватнасці – ад дзяржаўнага мыта.

    У абавязковым парадку прадугледжваецца бясплатнае медыяцыйнае суправаджэнне для бакоў за кошт дзяржавы.

    Фізічная або юрыдычная асоба, ва ўласнасці якой знаходзіцца маёмасць, можа добраахвотна перадаць яе законнаму ўласніку, натарыяльна засведчыўшы гэтае пагадненне.

    Дадзеныя палажэнні можна ўжываць у сітуацыях, калі асоба была пазбаўленая права ўласнасці на маёмасць у сувязі з рэпрэсіямі. Аднак пры распрацоўцы палажэнняў аб рэстытуцыі маёмасці неабходна прадугледзець таксама захады па вяртанню маёмасці, калі права ўласнасці не было згубленае.

    Не мае значэння, ці была маёмасць канфіскаваная ва ўласніка ў сувязі з рэпрэсіямі ў адносінах да яго або ў сувязі з рэпрэсіямі ў адносінах да трэціх асобаў. Маёмасць, якая не з’яўляецца доказам у крымінальным працэсе ў сувязі з пераглядам прысуду (прысудаў) у дачыненні да ўласніка або люстрацыйным крымінальным працэсе, падлягае неадкладнаму вяртанню.

    7. ЗАХАДЫ ПА КАМПЕНСАЦЫІ ШКОДЫ АДЛІЧАНЫМ СТУДЭНТАМ, ЗВОЛЬНЕНЫМ РАБОТНІКАМ, АСОБАМ, ПАЗБАЎЛЕНЫМ ПРАВА НА ПРАФЕСІЮ 

    Міжнародныя прававыя стандарты ў галіне адукацыі. 

    Адукацыя з’яўляецца адным з правоў чалавека, якое замацаванае дзяржавамі ў шматлікіх міжнародных пагадненнях і нацыянальных канстытуцыях.

    Згодна з п. 1, 3 арт. 13 Міжнароднага пакту аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах дзяржавы прызнаюць права кожнага чалавека на адукацыю. Яны пагаджаюцца, што адукацыя павінна быць скіраваная на поўнае развіццё чалавечай асобы і стварэнне яе годнасці і павінна ўмацоўваць павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў. Яны таксама пагаджаюцца ў тым, што адукацыя павінна даць магчымасць усім быць карыснымі ўдзельнікамі свабоднага грамадства, дапамагаць узаемаразуменню, цярпімасці і сяброўству паміж усімі нацыямі і ўсімі расавымі, этнічнымі і рэлігійнымі групамі і спрыяць працы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па падтрыманні міру.

    З моцы п.38 Заўвагі агульнага парадку № 13 Камітэту ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах, права на адукацыю можа ажыццяўляцца толькі пры наяўнасці ў выкладчыкаў і навучэнцаў акадэмічнай свабоды.

    Згодна з пунктам 39 Заўвагі, работнікі разумовай працы могуць бесперашкодна, будзь тое індывідуальна ці калектыўна, назапашваць, развіваць і перадаваць веды і ідэі пры дапамозе пошукаў, выкладання, даследаванняў, дыскусіяў, дакументацыі, вытворчасці, творчасці ці друкаваных працаў. Акадэмічная свабода ўключае права асобаў свабодна выказваць меркаванні аб установе ці сістэме, у якой яны працуюць, выконваць свае функцыі, не адчуваючы праяваў дыскрымінацыі ці страху перад пераследам з боку дзяржавы ці іншага суб’екту, прымаць удзел у працы прафесійных ці прадстаўнічых навуковых органаў і карыстацца ўсімі міжнародна прызнанымі правамі чалавека, уласцівымі іншым асобам з той жа юрысдыкцыяй. Карыстанне акадэмічнай свабодай звязанае з выкананнем абавязкаў, напрыклад, па павазе да акадэмічнай свабоды іншых асобаў, забеспячэнні аб’ектыўнага абмеркавання супрацьлеглых пунктаў гледжання і абыходжанні з усімі асобамі без праявы дыскрымінацыі па якім-небудзь з забароненых прыкметаў.

    Згодна з п. 2 арт. 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання. Гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз друк або мастацкіх формаў выяўлення, ці іншымі спосабамі па сваім выбары.

    У Рэкамендацыях ЮНЭСКА аб статусе для выкладчыцкіх кадраў вышэйшых навучальных установаў 1997 года ўказана, што «для таго, каб належным чынам карыстацца акадэмічнай свабодай і выконваць пералічаныя ніжэй абавязкі, установы вышэйшай адукацыі павінны мець аўтаномію… Аўтаномія з’яўляецца інстытуцыйнай формай акадэмічнай свабоды і неабходнай папярэдняй умовай для гарантавання належнага выканання абавязкаў, якія ўскладваюцца на выкладчыцкія кадры і ўстановы сістэмы вышэйшай адукацыі. Дзяржавы-чальцы абавязваюцца абараняць установы вышэйшай адукацыі ад любых замахаў на іх аўтаномію, адкуль бы яны ні сыходзілі».

    «Выкладчыцкія кадры ўстановаў вышэйшай адукацыі павінны карыстацца правам на свабоду думкі, сумлення, рэлігіі, слова, сходаў і аб’яднанняў, а таксама правам на свабоду і бяспеку асобы і свабоду перамяшчэння. Як грамадзяне, яны не павінны сутыкацца з якімі-небудзь перашкодамі ці абмежаваннямі ў ажыццяўленні сваіх грамадзянскіх правоў, уключаючы права спрыяння сацыяльным зменам шляхам свабоднага выказвання сваёй думкі аб дзяржаўнай палітыцы і палітыцы, якая закранае вышэйшую адукацыю. Яны не павінны несці пакаранне толькі за ажыццяўленне такіх правоў. Выкладчыцкія кадры ўстановаў вышэйшай адукацыі не павінны праходзіць праз самавольны арышт ці затрыманне, катаванні ці жорсткае, бесчалавечнае або прынізлівае для чалавечай годнасці абыходжанне. У выпадку грубага парушэння правоў выкладчыцкіх кадраў установаў вышэйшай адукацыі, яны павінны мець права на падачу апеляцыяў у адпаведныя нацыянальныя, рэгіянальныя ці міжнародныя органы, такія як установы сістэмы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, а арганізацыі, якія з’яўляюцца прадстаўнікамі кадраў вышэйшай адукацыі, павінны ў такім выпадку ўсебакова ім дапамагаць».

    «Звальненне ў якасці дысцыплінарнага спагнання дапускаецца толькі па абгрунтаваных і дастатковых прычынах, якія датычацца прафесійных нормаў паводзінаў, напрыклад, сістэматычнае невыкананне службовых абавязкаў, яўная прафесійная непрыдатнасць, падробка або фальсіфікацыя вынікаў навуковых даследаванняў, сур’ёзныя фінансавыя парушэнні, сэксуальныя дамаганні ці іншыя неправамерныя паводзіны ў дачыненні да навучэнцаў, калегаў ці іншых прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці, або выказванне сур’ёзных пагрозаў у іх адрас, або атрыманне супрацьпраўнай выгады з навучальнага працэсу, напрыклад, шляхам фальсіфікацыі пасведчанняў, дыпломаў і ступеняў за грашовае ўзнагароджанне, сэксуальныя ці іншыя паслугі або шляхам вымагання з мэтай атрымання сэксуальных паслугаў ці фінансавых ці іншых матэрыяльных выгад ад падначаленых ці калегаў за захаванне працы. Зацікаўленая асоба павінна мець права абскардзіць рашэнне аб звальненні ў незалежных знешніх органах, такіх як арбітраж ці суд, рашэнне якіх з’яўляецца канчатковым і мае абавязковую сілу».

    Арт. 13 Хартыі асноўных правоў ЕЗ, таксама кажа, што мастацтва і навуковыя даследаванні свабодныя ад абмежаванняў. Забяспечваецца акадэмічная свабода. Згодна з арт. 15 кожны чалавек мае права на працу і права займацца дзейнасцю па свабодна абранай ці ўспрынятай ім прафесіі.

    З пункту гледжання міжнароднага права страты ахвяры парушэння правоў чалавека павінны быць пакрытыя. У кантэксце аднаўлення права на прафесію варта разглядаць кампенсацыю і рэстытуцыю сярод захадаў па пакрыцці стратаў.

    Згодна з арт. 6 Кіруючых прынцыпаў у дачыненні да захадаў па пакрыцці ў адпаведнасці з Факультатыўным пратаколам да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах камітэт просіць дзяржавы-удзельніцы прадугледжваць захады рэстытуцыі з мэтамі аднаўлення парушаных правоў. Такія захады могуць уключаць, напрыклад, прыём ахвяры назад на працу, калі звальненне стала вынікам парушэння.

    Прапанаваныя меры рэстытуцыі ў дачыненні да адлічаных студэнтаў і аспірантаў. 

    1. Навучэнцы, адлічаныя з арганізацыяў, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы навукова-арыентаванай адукацыі, па палітычных матывах, аднаўляюцца на вучобе, пры іх жаданні.
    2. Такія асобы аднаўляюцца ў правах незалежна ад падставаў, указаных у рашэнні аб адлічэнні.
    3. Спыненне адукацыйных адносінаў па ініцыятыве навучэнца не пазбаўляе яго права на аднаўленне ў навучальнай установе.
    4. Кожны выпадак разглядаецца Камісіяй па аднаўленні справядлівасці ў індывідуальным парадку.
    5. Да доказаў могуць адносіцца: факт наяўнасці крымінальнай справы, тлумачэнне сведкаў, публікацыі ў сродках масавай інфармацыі, сведчанні ад праваабаронцаў, рэкамендацыі студэнцкіх арганізацыяў, ініцыятываў, стачкамаў. Пры прыняцці рашэння можа ўлічвацца паспяховасць студэнта, факт выезду з краіны і невяртання да моманту падзення рэжыму.
    6. Дзяржава бярэ на сябе абавязацельства па пакрыцці фінансавых выдаткаў, звязаных з навучаннем рэабілітаваных навучэнцаў.
    7. Навучэнцам, адлічаным па палітычных матывах і вымушаным пакінуць краіну, не скончыўшы навучанне, пакрываюцца пацверджаныя сумы выдаткаў на адукацыю за мяжой.
    8. Рэабілітаваным асобам, якія раней навучаліся на платнай форме навучання, але былі адлічаныя ці вымушаныя пакінуць краіну па палітычных матывах, пакрываюцца дакументальна пацверджаныя выдаткі, затрачаныя на адукацыю, атрыманую пасля адлічэння.

    Аднаўленне правоў звольненых работнікаў. 

    1. Работнікі, звольненыя за палітычныя перакананні і дзейнасць, павінны быць адноўленыя на сваім працоўным месцы, пры іх жаданні.
    2. Перыяд з моманту незаконнага звальнення да аднаўлення на працы супрацоўніку выплачваецца сярэдні заробак за тры месяцы вымушанага прагулу ў адпаведнасці з ч. 1 арт. 244 Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Калі работнік пасля незаконнага звальнення заставаўся без працы больш чым дванаццаць месяцаў, яму выплачваецца сярэдні заробак за дванаццаць месяцаў вымушанага прагулу. Сумы падлягаюць індэксацыі.
    3. Спыненне працоўных адносінаў па ініцыятыве работніка не пазбаўляе яго права на аднаўленне на працы.
    4. Кожны выпадак разглядаецца Камісіяй па аднаўленні справядлівасці ў індывідуальным парадку. Да доказаў такіх выпадкаў можа адносіцца: анкетаванне заяўніка, факт наяўнасці крымінальнай справы або справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, тлумачэнні сведкаў, публікацыі ў сродках масавай інфармацыі, сведчанні, дадзеныя праваабарончымі арганізацыямі і (або) незалежнымі прафсаюзамі, прафесійнымі асацыяцыямі, іншымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, рэкамендацыі, факт выезду з краіны і невяртання да моманту падзення рэжыму, іншыя дакументы (у тым ліку архіўныя).
    5. Права на аднаўленне на ранейшай працы маюць дзяржаўныя службоўцы, якія спынілі працоўныя адносіны з наймальнікам з прычынаў сумлення. Пры прыняцці рашэння Камісіяй прымаецца пад увагу пасада асобы, узаемасувязь яе прафесійнай дзейнасці з палітычнымі рэпрэсіямі. Таксама можа брацца пад увагу далейшая пасля звальнення дзейнасць, публічныя выказванні і пазіцыя датычна падзеяў, што адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь.
    6. Дзяржаўныя грамадзянскія службоўцы аднаўляюцца ў класах. Асобным катэгорыям дзяржаўных грамадзянскіх службоўцаў вяртаюцца класныя чыны, персанальныя званні, дыпламатычныя рангі, кваліфікацыйныя класы.

    Аднаўленне вайсковых званняў, дзяржаўных узнагародаў, навуковых ступеняў, спецыяльных і ганаровых званняў, пенсіяў. 

    1. Рэабілітаваныя асобы аднаўляюцца ў правах. У сувязі з гэтым, прызнаюцца несапраўднымі рашэнні аб пазбаўленні іх дзяржаўных узнагародаў, навуковых ступеняў, вайсковых званняў, спецыяльных і ганаровых званняў, пенсіяў.
    2. Вайсковаслужбоўцы, пазбаўленыя вайсковых званняў або паніжаныя ў іх праз палітычны пераслед, аднаўляюцца ў папярэдніх вайсковых званнях, пры іх жаданні. Таксама захоўваецца права на пенсійнае забеспячэнне, устаноўленае нацыянальным заканадаўствам для вайсковаслужбоўцаў.
    3. Вайсковаслужбоўцы, звольненыя з вайсковай службы датэрмінова па ўласным жаданні з прычынаў нязгоды з рэпрэсіўнай палітыкай рэжыму А.Р. Лукашэнкі, аднаўляюцца ў правах, пры іх жаданні.

    Механізм аднаўлення ў правах натарыусаў.

    1. Рашэнні Кваліфікацыйнай камісіі аб ануляванні пасведчання натарыуса, прыпыненні паўнамоцтваў натарыуса, прынятыя па палітычных матывах, прызнаюцца несапраўднымі.
    2. Права на аднаўленне ў правах рэалізуецца ў выпадку падачы натарыусам заявы аб спыненні натарыяльнай дзейнасці па ўласнай ініцыятыве з прычынаў нязгоды з рэпрэсіўнай палітыкай рэжыму А.Р. Лукашэнкі або праз боязь палітычнага пераследу.
    3. Кожны выпадак разглядаецца Камісіяй у індывідуальным парадку.

    Аднаўленне права на прафесію адвакатаў. 

    Міжнародныя прававыя стандарты ў галіне незалежнасці адвакатаў.

    Асноўнымі прынцыпамі, датычнымі ролі юрыстаў, прынятымі восьмым Кангрэсам ААН па папярэджванні злачыннасці і абыходжанні з правапарушальнікамі, вызначаныя гарантыі ў дачыненні да выканання юрыстамі сваіх абавязкаў, у тым ліку не трапляць пад судовы пераслед і судовыя, адміністратыўныя, эканамічныя ці іншыя санкцыі за любыя дзеянні, здзейсненыя ў адпаведнасці з прызнанымі прафесійнымі абавязкамі, нормамі і этыкай, а таксама пад пагрозы такога пераследу і санкцыі. Юрысты не атаясамліваюцца са сваімі кліентамі або інтарэсамі сваіх кліентаў у выніку выканання імі сваіх функцыяў. Гэтыя прынцыпы замацоўваюць свабоду перакананняў юрыстаў.

    Спецыяльны дакладчык па пытанні незалежнасці суддзяў і адвакатаў на 35 сесіі Рады па правах чалавека ААН адзначыў пастаяннасць агучвання заклапочанасці з нагоды павелічэння колькасці скаргаў, датычных атаясамлівання ўрадамі адвакатаў з іх кліентамі ці інтарэсамі іх кліентаў, асабліва адвакатаў, якія з’яўляюцца прадстаўнікамі абвінавачаных у справах, якія маюць палітычны характар. Атаясамліванне адвакатаў з інтарэсамі кліентаў у многіх выпадках можна разглядаць як запужванне і пераслед, ад чаго ўрады павінны абараняць адвакатаў. Папярэднія мандатарыі ўказвалі на ўмовы і гарантыі, неабходныя для свабоднага і эфектыўнага выканання адвакатамі сваіх прафесійных функцыяў, падрабязна разглядалі пытанне аб прававой дапамозе і ўжо звярталіся да тэмы важнасці забеспячэння незалежнасці адвакатаў і прафесійных юрыстаў. Спецыяльны дакладчык разглядаў не толькі асноватворную ролю адвакатаў у забеспячэнні доступу да правасуддзя і права на доступ да адваката, але і неабходныя гарантыі выканання адвакатамі сваіх прафесійных абавязкаў, забеспячэння іх бяспекі і выканання важных прынцыпаў арганізацыі працы юрыстаў. Неабходна ўлічваць канкрэтную важную ролю адвакатаў у забеспячэнні сістэмы бесперабойнага функцыянавання дэмакратычнай сістэмы і ажыццяўлення правоў чалавека. Аднак адвакаты могуць ажыццяўляць сваю прафесійную дзейнасць без аніякіх перашкодаў і ўмяшання толькі тады, калі забяспечваецца іх незалежнасць.

    Механізм аднаўлення ў правах рэпрэсаваных адвакатаў: 

    1. Рашэнні аб спыненні ліцэнзіяў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь у дачыненні да рэпрэсаваных адвакатаў прызнаюцца несапраўднымі.
    2. Рашэнні Кваліфікацыйнай камісіі аб непрахаджэнні чарговай, пазачарговай атэстацыі ў дачыненні да рэпрэсаваных адвакатаў прызнаюцца несапраўднымі.
    3. Рашэнні тэрытарыяльных і Беларускай рэспубліканскай калегіяў адвакатаў аб выключэнні рэпрэсаваных адвакатаў з калегіяў прызнаюцца несапраўднымі.
    4. Аднаўленне права на прафесію магчыма і ў выпадку падачы адвакатам заявы аб выхадзе са складу калегіі адвакатаў па ўласнай ініцыятыве праз боязь палітычнага пераследу за сваю прафесійную дзейнасць.
    5. Кожны выпадак разглядаецца Камісіяй у індывідуальным парадку.

    8. КАМПЕНСАЦЫЯ ШКОДЫ САМАВОЛЬНА ВЫДВАРАНЫМ З КРАІНЫ, ПАЗБАЎЛЕНЫМ ГРАМАДЗЯНСТВА АСОБАМ 

    Выдварэнне з краіны. Міжнародныя прававыя стандарты. Практыка Еўрапейскага Суду па правах чалавека. 

    Прэцэдэнтная практыка, якая склалася ў Еўрапейскага Суду, прадугледжвае, што згодна з агульнапрынятым міжнародным правам і дагаворным акалічнасцям, у тым ліку тымі, якія выцякаюць з Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў, дзяржавы-ўдзельніцы маюць права кантраляваць уезд, пражыванне і выдварэнне замежнікаў.

    Практыка Еўрапейскага камітэту па папярэджванні катаванняў і бесчалавечнага ці прынізлівага для годнасці абыходжання або пакарання. У адпаведнасці з Дваццацю кіруючымі прынцыпамі па прымусовым вяртанні, прынятымі Камітэтам міністраў Рады Еўропы 4 траўня 2005 года, пастанаўленні аб высылцы павінны ва ўсіх выпадках быць заснаваныя на рашэнні, якое адпавядае нацыянальнаму заканадаўству і працэдурам, а таксама абавязацельствам, прынятымі на сябе ў адпаведнасці з міжнародным гуманітарным правам. Пастанаўленне аб высылцы павінна перадавацца ў пісьмовым выглядзе зацікаўленай асобе. Акрамя гэтага, неабходна прадугледзець магчымасць абскарджання такога пастанаўлення, а сама высылка не павінна праводзіцца да прыняцця рашэння па такой скарзе. На гэтай стадыі працэдуры таксама неабходна гарантаваць дапамогу з боку адваката і перакладчыка.

    Практыка Камітэту па правах чалавека. 

    Арт. 13 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах стасуецца да ўсіх працэдураў, якія маюць на мэце абавязковы выезд замежніка, незалежна ад таго, ці называецца ў нацыянальным заканадаўстве гэтае дзеянне высылкай ці выкарыстоўваюцца іншыя тэрміны. Калі падобныя працэдуры цягнуць за сабой арышт, то могуць таксама ўжывацца гарантыі, прадугледжаныя Пактам у дачыненні да пазбаўлення волі (артыкулы 9 і 10).

    Арт. 13 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах непасрэдна рэгулюе толькі працэдуру, а не падставы для высылкі з краіны. Аднак, паколькі ён дапускае высылку з краіны толькі «для выканання рашэння, вынесенага ў адпаведнасці з законам», яго мэта, безумоўна, заключаецца ў перадухіленні самавольнай высылкі. Па меркаванні Камітэту, такое разуменне пацвярджаецца іншымі палажэннямі, датычнымі права на прывядзенне доказаў супраць высылкі, на перагляд рашэння кампетэнтнай уладай або якой-небудзь прызначанай ёй асобай і права быць прадстаўленым перад гэтай уладай ці асобай. Замежніку павінны быць дадзеныя ўсе магчымасці выкарыстоўваць наяўныя ў яго сродкі судовай абароны з мэтай перашкодзіць яго высылцы, з тым, каб ва ўсіх выпадках гэтае права мела дзейсны характар.

    Прынцыпы арт. 13, датычныя прывядзення доказаў супраць высылкі і права на перагляд справы кампетэнтнай уладай, могуць не выконвацца толькі ў тым выпадку, калі гэтага патрабуюць «імператыўныя меркаванні дзяржаўнай бяспекі». Дыскрымінацыя розных катэгорыяў замежнікаў пры ўжыванні арт. 13 не дапускаецца.

    Забеспячэнне нацыянальнай бяспекі пры прызначэнні адміністрацыйнага пакарання ў выглядзе адміністрацыйнага выдварэння.

    Еўрапейскі Суд згодны з тым, што кожная дзяржава як абаронца бяспекі грамадзянаў можа ажыццяўляць уласную ацэнку фактаў, вядомых ім. Такім чынам, важнае значэнне павінна надавацца рашэнням нацыянальных органаў і асабліва нацыянальных судоў, якія знаходзяцца ў найлепшым становішчы для ацэнкі дадзеных аб наяўнасці пагрозаў нацыянальнай бяспецы. Да таго, як пагадзіцца з рашэннем нацыянальных судоў аб тым, што заяўнік з’яўляецца пагрозай для нацыянальнай бяспекі, Еўрапейскі Суд павінен разгледзець, ці забяспечвала нацыянальнае разбіральніцтва дастатковыя працэсуальныя гарантыі… Нават калі гаворка вядзецца пра дзяржаўную бяспеку, паняцці законнасці і вяршэнства права ў дэмакратычным грамадстве патрабуюць, каб захады, што ўплываюць на фундаментальныя правы чалавека, прымаліся б у межах нейкай спаборнай працэдуры ў незалежным органе дзяржаўнай улады, кампетэнтным ацэньваць прычыны прыняцця рашэння і адпаведныя доказы, пры неабходнасці з адпаведнымі працэсуальнымі абмежаваннямі пры выкарыстанні сакрэтнай інфармацыі.

    Прыватная асоба павінна мець магчымасць абскардзіць сцвержанне прадстаўніка выканаўчай улады аб тым, што гаворка вядзецца пра нацыянальную бяспеку. Пры адсутнасці такіх гарантыяў паліцыя ці іншыя органы дзяржаўнай улады будуць мець магчымасць самавольна замахвацца на правы, якія абараняюцца Канвенцыяй.

    Паняцце «нацыянальнай бяспекі» не абавязкова павінна быць дакладна вызначанае. Яно можа быць сапраўды дастаткова шырокім паняццем з шырокімі межамі меркавання органаў выканаўчай улады ў вызначэнні таго, што адпавядае інтарэсам нацыянальнай бяспекі. Аднак гэта не абазначае, што дадзенае паняцце можа выходзіць за межы яго першапачатковага значэння… Нацыянальны орган павінен быць упаўнаважаны адхіліць сцверджанні органу выканаўчай улады аб існаванні пагрозы нацыянальнай бяспецы, калі ён лічыць іх самавольнымі ці неразумнымі. Павінна існаваць пэўная форма спаборнага разбіральніцтва, пры неабходнасці з удзелам спецыяльнага прадстаўніка, які мае допуск да пытанняў бяспекі. Акрамя гэтага, павінна быць разгледжана пытанне аб тым, ці парушыць ужытая мера права асобы на павагу да сямейнага жыцця, і, калі так, ці ўстаноўлена справядлівая раўнавага паміж публічнымі і прыватнымі інтарэсамі.

    Рымскі статут, арт. 7: «Дэпартацыя або гвалтоўнае перамяшчэнне насельніцтва» абазначае гвалтоўнае перамяшчэнне асобаў, якія былі выселеныя ці папалі пад іншыя прымусовыя дзеянні з раёну, у якім яны законна знаходзяцца, у адсутнасці падставаў, дапушчальных міжнародным правам.

    Такім чынам, любое выдварэнне з краіны павінна адбывацца з выкананнем правоў чалавека. Пастанаўленне аб выдварэнні павінна быць матываваным і складзена ў пісьмовай форме, якая ўручаецца выдваранай асобе. Пры гэтым асоба павінна мець права на апеляцыю, на прывядзенне довадаў, на дапамогу адваката. Тут гаворка вядзецца пра выдварэнне замежных грамадзянаў. У Беларусі ж, насуперак нацыянальнаму і міжнароднаму праву выдварылі з краіны сваіх жа грамадзянаў. Святлану Ціханоўскую вымусілі выехаць з краіны. Марыю Калеснікаву таксама намагаліся выдварыць з краіны, але яна парвала свой пашпарт і засталася ў Беларусі. Такіх выпадкаў можа быць больш і іх можна трактаваць як самавольнае выдварэнне.

    Прымусовыя высяленні з’яўляюцца прамым ці ўскосным парушэннем усяго спектру грамадзянскіх, культурных, эканамічных, палітычных і сацыяльных правоў, замацаваных у міжнародных дамовах, такіх як:

    1. права на жыццё;
    2. свабода ад жорсткага, бесчалавечнага і прынізлівага для годнасці абыходжання;
    3. права на асабістую недатыкальнасць;
    4. права на дастатковы жыццёвы ўзровень, які ўключае права на дастатковае жыллё, харчаванне, ваду і санітарныя ўмовы;
    5. права на неўмяшанне ў асабістае і сямейнае жыццё і недатыкальнасць жытла;
    6. свабода перамяшчэння і выбару месца жыхарства;
    7. права на здароўе;
    8. права на адукацыю;
    9. права на працу;
    10.права на эфектыўныя сродкі прававой абароны;
    11.права валодаць маёмасцю;
    12.права галасаваць і прымаць удзел у вядзенні дзяржаўных справаў.

    Да такіх парушэнняў можна прама ці ўскосна аднесці наступныя:

    1. спосаб прыняцця рашэнняў аб высяленнях (прымус);
    2. спосаб планавання высяленняў (вызначаецца ўладамі);
    3. спосаб ажыццяўлення высяленняў (напрыклад, ноччу з ужываннем прымусу);
    4. выкарыстанне метадаў прыцяснення, пагрозаў, гвалту ці ўжыванне сілы.

    Суб’екты. 

    У якасці суб’ектаў прапануецца выкарыстоўваць больш шырокі падыход, і ў кола асобаў, выдвараных з краіны, уключаць не толькі асобаў, фізічна вывезеных да мяжы, але і вымушаных прыняць такое рашэнне самастойна, каб пазбегнуць арышту ці іншага палітычнага пераследу.

    Катэгорыі суб’ектаў: 

    1. асобы, самавольна выдвараныя з краіны;
    2. асобы, вымушаныя пакінуць краіну ў выніку абгрунтаванай боязі пераследу.

    Праз вялікую колькасць людзей, якія пакінулі Беларусь, і наяўнасці розных прычынаў і акалічнасцяў у кожнага з іх, складана устанавіць выразныя крытэрыі вызначэння суб’ектаў. Пытанне, ці з’яўляецца асоба самавольна выдваранай асобай або не, будзе адносіцца да паўнамоцтваў Камісіі, рашэнні якой будуць засноўвацца на індывідуальным падыходзе да кожнай справы.

    Камісія можа ўлічваць як адзін фактар, так і сукупнасць фактараў. Напрыклад, могуць улічвацца дзеянні асобы да яе выезду (прыцягненне да адказнасці, удзел у мітынгах, валанцёрства, публічная пазіцыя і гэтак далей). Другім важным фактарам з’яўляецца спосаб легалізацыі ў краіне знаходжання (на гуманітарных ці іншых падставах). Таксама могуць быць улічаныя і іншыя фактары.

    У катэгорыі суб’ектаў адсутнічае ўказанне на прыналежнасць да таго ці іншага грамадзянства, таму самавольна выдвараныя з Беларусі замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства таксама пападаюць пад дзеянне Канцэпцыі.

    Захады па пакрыцці стратаў у пытанні самавольнага выдварэння. Асноўным спосабам пакрыцця стратаў у дадзеным пытанні з’яўляецца рэстытуцыя (аднаўленне правоў). Гэта абазначае, што ўсе незаконныя рашэнні, якія спрыялі самавольнаму выдварэнню скасоўваюцца.

    Прызнаюцца незаконнымі і скасоўваюцца:

    1. рашэнні аб высылцы;
    2. пастанаўленні аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе дэпартацыі;
    3. рашэнні аб ануляванні дазволаў на часовае і пастаяннае пражыванне замежнікаў.

    У выпадку, калі ў працэсе самавольнага выдварэння, бачацца прыкметы крымінальнага злачынства, то ў дачыненні да вінаватых асобаў ужываюцца нормы крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права.

    Пазбаўленне грамадзянства. 

    Міжнародныя прававыя стандарты. 

    Пытанне аб грамадзянстве рэгулюецца Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека, прынятай у 1948 годзе Генеральнай асамблеяй ААН. Пункт 15-ы гэтага дакументу кажа: «Ніхто не можа быць самавольна пазбаўлены свайго грамадзянства».

    Канвенцыя аб скарачэнні безграмадзянства, прынятая 30 жніўня 1961 года, таксама рэгулюе пытанні пазбаўлення грамадзянства.

    Артыкул 8

    1. Ніякая Дагаворная Дзяржава не можа пазбаўляць ніякую асобу свайго грамадзянства, калі такое рашэнне зрабіла б гэтую асобу апатрыдам.
    2. Нягледзячы на пастанаўленні п. 1 дадзенага артыкулу, любая асоба можа быць пазбаўленая грамадзянства любой Дагаворнай Дзяржавы:

    a) пры такіх акалічнасцях, пры якіх страта грамадзянства дапускаецца згодна з пунктамі 424 і 525 артыкула 7;
    b) калі грамадзянства было набытае ў выніку паведамлення непраўдзівых звестак або ў выніку падману.

    3. Нягледзячы на пастанаўленні п. 1 дадзенага артыкулу, любая Дагаворная Дзяржава можа захаваць права пазбаўляць любую асобу свайго грамадзянства, калі падчас падпісання, ратыфікацыі ці далучэння яна зазначыць, што пакідае за сабой права пазбаўляць грамадзянства па адной ці некалькіх з наступных падставаў, якія ў той жа час прадугледжваюцца нацыянальным законам:

    а) што, насуперак свайму абавязку быць адданым гэтай Дагаворнай Дзяржаве, адпаведная асоба,

    і. ігнаруючы прамую забарону з боку гэтай Дагаворнай Дзяржавы, аказвае ці працягвае аказваць паслугі іншай Дзяржаве ці атрымала або працягвае атрымліваць узнагароджанне ад іншай Дзяржавы або
    іі. паводзіць сябе такім чынам, што чыніць сур’ёзную шкоду жыццёвым інтарэсам гэтай Дзяржавы;

    b) што адпаведная асоба прынесла прысягу ці зрабіла фармальную заяву аб адданасці іншай Дзяржаве або дала пэўныя доказы свайго намеру адмовіцца ад адданасці Дагаворнай Дзяржаве.

    4. Ніякая Дагаворная Дзяржава не павінна ажыццяўляць права пазбаўлення грамадзянства, дапушчальнае згодна з п. 2 ці 3 дадзенага артыкулу, інакш як у адпаведнасці з законам, які прадугледжвае для адпаведнай асобы права на справядлівы разбор справы судом ці іншай незалежнай установай.

    Артыкул 9

    Ніякая Дагаворная Дзяржава не можа пазбавіць ніякую асобу ці групу асобаў іх грамадзянства на расавых, этнічных, рэлігійных ці палітычных падставах.

    Нацыянальнае заканадаўства. 

    З моцы арт. 10 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, грамадзяніну Рэспублікі Беларусь гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі. Ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь або права змяніць грамадзянства.

    На сённяшні дзень пытанні грамадзянства рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь ад 01.08.2002 N 136-З (рэд. Ад 10.12.2020) «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» (далей – Закон).

    Арт. 6 Закону кажа: пражыванне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы само па сабе не вядзе да страты грамадзянства Рэспублікі Беларусь.

    Арт. 17 Закону вызначае два спосабы спынення грамадзянства:

    1. выхад з грамадзянства Рэспублікі Беларусь;
    2. страта грамадзянства Рэспублікі Беларусь.

    Выхад – гэта заяўны прынцып.

    Страта адбываецца пры пэўных акалічнасцях:

    1. праз паступленне асобы на вайсковую службу, службу ў паліцыі, органы бяспекі, юстыцыі ці іншыя дзяржаўныя органы замежнай дзяржавы пры адсутнасці падставаў;
    2. па заяве бацькоў (адзінага бацькі/маці) у дачыненні да дзіцяці, якое па нараджэнні набыло разам з грамадзянствам замежнай дзяржавы грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Страта грамадзянства Рэспублікі Беларусь дзіцём ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў дапускаецца толькі са згоды дзіцяці, выказанай у пісьмовай форме і натарыяльна засведчанай;
    3. на падставах, прадугледжаных міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь.

    Закон ад от 05.01.2023 N 242-З «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» (далей – Закон N 242-З) змяняе заканадаўства аб грамадзянстве і ўводзіць новую падставу – страта грамадзянства за экстрэмізм (набыў моц 11.07.2023). Гэта значыць, што наяўнасць прысуду, які быў вынесены беларускім судом, набыў законную моц і пацвярджае ўдзел асобы ў экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненні цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь, калі такая асоба знаходзіцца па-за яе межамі, у дачыненні да яе можа быць прынятае рашэнне аб страце грамадзянства. Дадзеная падстава можа ўжывацца ў адносінах да грамадзянаў, якія атрымалі грамадзянства па нараджэнні, пры ўсынаўленні ці ў выніку набыцця яго адным з бацькоў і г.д.

    Закон N 242-З пашырае паняцце экстрэмісцкай дзейнасці і прычынення цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь. Пад ім будзе разумецца здзяйсненне асобай, якой споўнілася 18 гадоў, у любой форме хаця б адно з дзеянняў, прызнаных у Рэспубліцы Беларусь злачынствамі, прадугледжанымі арт. 122 – 137, 287, 289, ч. 2 арт. 290, арт. 290-1 – 293, ч. 4 арт. 294, ч. 4 ст. 295, ч. 4 арт. 309, ч. 3 арт. 311, ч. 3 арт. 322, ч. 3 арт. 323, ч. 3 арт. 324, ч. 2 арт. 333, арт. 356, 357, 359 – 362 і ч. 2 арт. 367 КК Рэспублікі Беларусь, а таксама ч. 2 арт. 363, арт. 364, 366 і 388 КК Рэспублікі Беларусь, па матывах расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, палітычнай ці ідэалагічнай варожасці або па матывах варожасці ў дачыненні якой-небудзь сацыяльнай групы. Месца здзяйснення злачынства значэння не мае.

    Устаноўлена, што Консульскія ўстановы Рэспублікі Беларусь у цяперашні момант ажыццяўляюць рэпрэсіўныя практыкі ў дачыненні да сваіх жа грамадзянаў. Напрыклад, у парушэнне нацыянальнага заканадаўства перашкаджаюць (фактычна – пазбаўляюць магчымасці) атрыманню, замене, прадаўжэнню пашпартоў.

    Захады па кампенсацыі стратаў у пытанні самавольнага пазбаўлення грамадзянства:

    1. Асноўным спосабам рэабілітацыі з’яўляецца рэстытуцыя (аднаўленне правоў). Гэта значыць, што ўсе незаконныя рашэнні, якія садзейнічалі самавольнаму пазбаўленню грамадзянства, скасоўваюцца.
    2. Асобы, самавольна пазбаўленыя грамадзянства Рэспублікі Беларусь, падлягаюць аднаўленню ў грамадзянстве Рэспублікі Беларусь у заяўным (рэгістрацыйным) парадку на падставе Закону Рэспублікі Беларусь ад 01.08.2002 N 136-З (рэд. ад 10.12.2020) «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Пры гэтым з’яўляецца неабходнасць унясення зменаў у Закон Рэспублікі Беларусь ад 01.08.2002 N 136-З (рэд. ад 10.12.2020) «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» і дапаўненні яго нормамі аб працэдуры спрошчанага парадку аднаўлення грамадзянства.

    Павінны быць створаныя ўмовы для рэпатрыяцыі асобаў, самавольна пазбаўленых грамадзянства і/або выдвараных з краіны. Амбасады Беларусі павінны актыўна распаўсюджваць інфармацыю сярод дыяспараў, каб усе ахвотныя маглі прыняць рашэнне наконт рэпатрыяцыі, а таксама атрымалі ўсе неабходныя дакументы для вяртання, а таксама кансультацыйную падтрымку ў гэтым пытанні. Павінна быць арганізавана бяспечнае і годнае вяртанне ў Беларусь.

    Аптымальным будзе стварэнне падкамісіі па пытаннях вяртання і аднаўлення ў грамадзянстве.

    9. ПАЛІТЫКА ПЕРАДУХІЛЕННЯ І ГАРАНТЫІ НЕПАЎТОРНАСЦІ. КАМПЕНСАЦЫЯ ШКОДЫ І ГІСТАРЫЧНЫ КАНТЭКСТ. МАГЧЫМАСЦЬ СТВАРЭННЯ ІНСТЫТУТУ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ПАМЯЦІ 

    Палітыка перадухілення і гарантыі непаўтарэння. 

    Для падвышэння эфектыўнасці прэвентыўных высілкаў неабходна, каб прэвентыўная дзейнасць не зводзілася толькі да перадухілення крызісаў і ажыццяўлялася і на ранейшым этапе. Неабходна планаваць агульную палітыку ў галіне непаўтарэння сістэматычным і ўпарадкаваным чынам.

    Асобы, адказныя за распрацоўку палітыкі ў галіне перадухілення, павінны разгледзець магчымасць рэалізацыі ў яе межах шэрага ініцыятываў, якія адносяцца да сферы дзейнасці афіцыйных дзяржаўных інстытутаў: — ратыфікацыя і выкананне дамоваў па правах чалавека;

    – правядзенне прававых рэформаў з мэтамі забеспячэння поўнай адпаведнасці законаў стандартам у галіне правоў чалавека;
    – правядзенне судовай рэформы з мэтамі ўмацавання незалежнасці судовых органаў і падвышэння ўзроўню іх кампетэнтнасці па пытаннях, датычных перадухілення, уключаючы міжнародныя нормы і стандарты ў галіне правоў чалавека.

    Асобы, адказныя за распрацоўку палітыкі ў галіне перадухілення павінны не забываць аб важным унёску, які можа зрабіць у гэтай галіне грамадзянская супольнасці пры дапамозе сродкаў, якія выходзяць за межы такіх добра вядомых (і важных) функцыяў, як інфармацыйна-прапагандысцкая праца, маніторынг і падрыхтоўка справаздачаў.

    Эфектыўнасць палітыкі ў галіне перадухілення можна павысіць шляхам ужывання захадаў, накіраваных на ўмацаванне грамадзянскай супольнасці, уключаючы:

    1. скасаванне заканадаўства, якое абмяжоўвае дзейнасць арганізацыяў грамадзянскай супольнасці;
    2. стварэнне (грамадзянскай супольнасцю) платформаў, аб’яднанняў, саюзаў і сетак;
    3. прыняцце законаў, якія прадугледжваюць магчымасць канструктыўнага ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў розных форумах, у тым ліку і заканадаўчага характару;
    4. стварэнне спрыяльных абставінаў для ўдзелу грамадзянаў у жыцці грамадства, уключаючы абарону такіх правоў, як, у прыватнасці, свабода асацыяцыяў і свабода выказвання меркаванняў26.

    Кампенсацыя шкоды і гістарычны кантэкст. Магчымасць стварэння Інстытуту нацыянальнай памяці 

    На пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя Камісія па правах чалавека ААН даручыла французскаму дыпламату Луі Жуанэ распрацаваць прапановы для перадухілення беспакаранасці асобаў, вінаватых у парушэннях грамадзянскіх і палітычных правоў чалавека, і для абароны інтарэсаў пацярпелых.

    У 1997 г. Жуанэ прадставіў Камісіі ААН канцэпцыю, у якой вылучыў тры права: права на інфармацыю, права на аднаўленне справядлівасці, права на кампенсацыю шкоды, і сфармуляваў 42 прынцыпы для іх рэалізацыі.

    Згодна з прынцыпам № 2 «Веданне якім-небудзь народам гісторыі свайго прыгнёту з’яўляецца часткай ягонага здабытку і павінна ахоўвацца ў гэтай якасці за кошт ужывання адпаведных захадаў дзеля выканання ўскладзенага на дзяржаву абавязку незабыцця. Такія захады накіраваныя на недапушчэнне страты калектыўнай памяці і, у прыватнасці, на недапушчэнне з’яўлення рэвізіянісцкіх і негацыянісцкіх аргументаў».

    У адпаведнасці з прынцыпам №42 «У калектыўным плане захады сімвалічнага характару, якія прымаюцца ў парадку маральнай кампенсацыі, такія як, напрыклад, публічнае і ўрачыстае прызнанне якой-небудзь дзяржавай сваёй адказнасці, афіцыйныя заявы, якія аднаўляюць годнасць ахвяраў, цырымоніі памяці ахвяраў, прысваенне назваў грамадскім месцам імёнаў ахвяраў, устаноўка помнікаў, дазваляюць лепш усвядоміць абавязак незабыцця».

    У 2005 годзе ўсе гэтыя прынцыпы былі скарэктаваныя ў экспертнай справаздачы Д. Арэнтлічэр Камісіі па правах чалавека ААН і зведзеныя да 38 прынцыпаў:

    1. Права на інфармацыю (прынцыпы 2-18): Арганізацыя і дзейнасць камісіяў па расследаванні і выяўленні праўды; забеспячэння доступу да архіваў;
    2. Права на аднаўленне справядлівасці (прынцыпы 19-30): Пытанні ўзаемадзеяння нацыянальных, замежных, міжнародных ці гібрыдных судоў, юрыдычныя захады перадухілення беспакаранасці;
    3. Права на кампенсацыю (прынцыпы 31-38): а) правы і абавязкі, якія ўзнікаюць з абавязацельства кампенсавання шкоды; парадак кампенсацыі шкоды; публічнасць працэдураў кампенсацыі; сфера дзеяння права на кампенсацыю шкоды (прынцыпы 31-34); б) гарантыі непаўтарэння: рэформа дзяржаўных установаў; раззбраенне і дэмабілізацыя ваенізаваных падраздзяленняў; сацыяльная рэінтэграцыя дзяцей; рэформа заканадаўства і ўстановаў, якія спрыяюць захаванню беспакаранасці (прынцыпы 35-38).

    Рэзалюцыя Генеральнай Асамблеі ААН пацвердзіла28, што мемарыяльныя працэсы з’яўляюцца часткай шырэйшага пытання аб кампенсацыі шкоды, і прызнала, што сатысфакцыя павінна ўключаць, калі гэта магчыма, любы з такіх важных элементаў, як праверка фактаў і поўнае абнародаванне праўды, афіцыйную заяву ці судовае рашэнне аб аднаўленні годнасці, рэпутацыі і права ахвяры і асобаў, шчыльна звязаных з ахвярай; прынясенне публічных выбачэнняў, у тым ліку прызнанне фактаў і адказнасці; памінанне і ўшанаванне памяці ахвяраў і ўключэнне дакладнай інфармацыі аб парушэннях ў навучальныя праграмы па міжнародных правах чалавека і міжнароднага гуманітарнага права і ў навучальныя дапаможнікі ўсіх узроўняў.

    Згодна з Прынцыпамі кампенсацыі шкоды, сатысфакцыя адносіцца да прэвентыўных захадаў, якія можа прыняць дзяржава, такіх як публічнае прызнанне неправамерных дзеянняў, пошук ісціны і прыцягненне да адказнасці. Яны разглядаюцца як захады агульнай, а не індывідуальнай кампенсацыі, якія могуць служыць прызнанню цяжкай долі ахвяраў, аднаўленню даверу да ўраду і перадухіленню паўтарэння злоўжыванняў. Прыклады захадаў задавальнення, апісаных у Прынцыпах кампенсацыі шкоды, уключаюць раскрыццё праўды аб характары злоўжыванняў, у тым ліку шляхам уключэння ў падручнікі дакладных гістарычных звестак, публічныя выбачэнні і іншыя формы прызнання адказнасці, а таксама расследаванне правапарушэнняў, якое б заканчвалася судовым пераследам і асуджэннем вінаватых.

    У адпаведнасці з прынцыпам 36 Прынцыпаў барацьбы з беспакаранасцю дзяржавы абавязаныя прыняць усе неабходныя захады, уключаючы захады заканадаўчай і адміністрацыйнай рэформы, для забеспячэння таго, каб дзяржаўныя ўстановы былі арганізаваныя такім чынам, каб забяспечваць выкананне прынцыпу вяршэнства права і абароны правоў чалавека. Пры гэтым у каментары адносна абноўленых прынцыпаў асабліва адзначаецца, што інстытуцыянальная рэформа павінна ахопліваць не толькі структурную перабудову тых дзяржаўных установаў, якія датычныя да парушэння правоў чалавека і гуманітарнага права, але і, што яшчэ больш важна, ліквідаванне карэнных прычынаў канфліктаў ці рэпрэсіяў з мэтай папярэджвання новых.

    Згодна з рэзалюцыяй, прынятай Радай па правах чалавека, прызнаецца важнае значэнне павагі і забеспячэння права на высвятлення ісціны для садзейнічання высілкам, закліканым пакласці канец беспакаранасці, і для заахвочвання абароны правоў чалавека. Пры гэтым вітаецца стварэнне ў шэрагу дзяржаваў асаблівых судовых механізмаў і іншых несудовых механізмаў, такія як камісіі па высвятленню ісціны і прымірэнні, якія дапаўняюць сістэму правасуддзя, для расследавання парушэнняў правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права.

    Сусветны досвед паказвае, што камісіі па высвятленні ісціны ствараліся ў шматлікіх краінах, якія выходзілі са стану грамадзянскай вайны ці вызваляліся ад аўтарытарных рэжымаў.

    Напрыклад, камісіі былі створаныя ў Сьера-Леонэ (Камісія па высвятленні ісціны і справядлівасці), у Тымор-Лешці (Камісія па высвятленні ісціны, прыняцці ўцекачоў і прымірэнні), у Інданэзіі і Тыморы (Інданэзійска-Тыморская камісія па высвятленні ісціны і сяброўству), у Тунісе (Камісія па высвятленні ісціны і прымірэнні), у Тыморы (Камісія па высвятленні ісціны, прыняцці ўцекачоў і прымірэнні), у Сальвадоры (Камісія па высвятленні ісціны ў Сальвадоры), у Аргенціне (Камісія па высвятленні ісціны), у Чылі (Камісія па высвятленні ісціны), у Ліберыі (Ліберыйская Камісія па высвятленні ісціны), у Калумбіі (Камісія па высвятленні ісціны), у Марока (Камісія «Справядлівасць і прымірэнне»).

    Нягледзячы на тое, што камісіі фармуюцца на падставе розных падыходаў, аналіз іх дзейнасці дазваляе зрабіць выснову, што такія камісіі з’яўляюцца часовымі пазасудовымі следчымі органамі, якія ствараюцца на пэўны тэрмін для правядзення расследаванняў. На камісіі часта ўскладаюцца функцыі па стварэнні базы дадзеных для захавання, арганізацыі і аналізу паказанняў, якія яна атрымлівае. Па завяршэнні працы камісіямі публікуюцца справаздачы, даюцца рэкамендацыі. Камісіі, напрыклад, могуць рэкамендаваць пачаць судовы пераслед або прапанаваць ужыць амністыю. Камісіямі таксама могуць давацца канкрэтныя рэкамендацыі ў дачыненні да інстытуцыянальных і палітычных рэформаў у дзяржаве.

    Напрыклад, Камісіі па высвятленні ісціны і прымірэнні ў Сьера-Леонэ было даручана «падрыхтаваць непрадузятае гістарычнае апісанне парушэнняў правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права, звязаных з узброеным канфліктам, у перыяд з 1991 года па дату падпісання Ламэйскага мірнага пагаднення». У заключным дакладзе «Праўда вачыма сведкаў» камісія абазначыла карэнныя прычыны канфлікту, выявіла працэсы, якія раскалолі краіну, прааналізавала канкрэтныя гістарычныя падзеі.

    Заключны даклад 2005 года, прыведзены Камісіяй па выяўленні ісціны, прыняцці ўцекачоў і прымірэнні ў Тымор-Лешці, быў накіраваны на выяўленне праўды аб парушэннях правоў чалавека ў часе палітычных канфліктаў у Тымор-Лешці ў перыяд з 25 красавіка 1974 года па 25 кастрычніка 1999 года. Камісія рэкамендавала стварыць належныя ўмовы ўтрымання зняволеных, прааналізаваць зямельныя спрэчкі, якія ўзніклі ў выніку праграмаў перасялення, а таксама абвесціць нацыянальны дзень памяці ахвяраў голаду 1978-1979 гадоў.

    Важна адзначыць, што калі дзяржава ставіць сабе за мэту нацыянальнае прымірэнне, камісіямі праводзяцца публічныя слуханні, накіраваныя на прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемаў парушэння правоў чалавека, стымуляванне агульнанацыянальнай дыскусіі пра мінулае.

    Напрыклад, Камісія па выяўленні ісціны і прымірэнні ў Ліберыі правяла публічныя слуханні ў студзені і падала сваю першую справаздачу ў заканадаўчы орган і прэзідэнтцы Элен Джонсан-Серліф.

    На Еўрапейскім кантыненце не так шмат прыкладаў стварэння камісіяў па выяўленні ісціны. Вядома, што пасля некалькіх гадоў перамоваў з Саамскім парламентам урад Фінляндыі пагадзіўся стварыць камісію па выяўленні ісціны і прымірэнні з саамскім народам Фінляндыі. Таксама стваралася камісія па выяўленні ісціны ў Грузіі, вынікі яе працы былі апублікаваныя і выклікалі бурныя спрэчкі.

    Пэўнае падабенства мае Камісія па расследаванні злачынстваў супраць польскага народу. Камісія працягвае дзейнасць створанай у 1945 годзе Галоўнай камісіі па даследаванні нямецкіх злачынстваў у Польшчы, якая з моманту стварэння актыўна ўзаемадзейнічала з Камісіяй ААН па расследаванні вайсковых злачынстваў. У 1998 годзе гэтая арганізацыя была ліквідаваная, а яе архівы былі перададзеныя Інстытуту нацыянальнай памяці. У цяперашні час Інстытут нацыянальнай памяці з’яўляецца гісторыка-архіўнай установай, якая займаецца вывучэннем дзейнасці органаў дзяржбяспекі Польшчы ў перыяд 1944-1990 гг., а таксама органаў бяспекі Трэцяга Рэйху і СССР з мэтай расследавання злачынстваў у адносінах польскіх грамадзянаў, а таксама ажыццяўлення люстрацыйных працэдураў.

    Ва Украіне ў 2008 годзе па ініцыятыве В.А. Юшчанкі быў створаны Інстытут нацыянальнай памяці дзеля рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аднаўлення і захавання нацыянальнай памяці. Установа створаная ў структуры выканаўчай улады (Міністэрства культуры) з мэтамі «аднаўлення справядлівай гісторыі ўкраінскай нацыі».

    Стварэнне ўстановы па выяўленні ісціны ў Беларусі. 

    У міжнародным праве не змяшчаецца якіх-небудзь абавязацельстваў па стварэнні ў постканфліктны перыяд камісіі па выяўленні ісціны ці якой-небудзь іншай установы. Наадварот, у публікацыі УВКПЧ ААН «Інструменты забеспячэння вяршэнства права ў постканфліктных дзяржавах. Камісіі па выяўленні ісціны» адзначаецца, што камісія не з’яўляецца добрым рашэннем кожнай краіны ці кожнага пераходнага перыяду, а рашэнне аб яе стварэнні заўсёды павінны прымаць грамадзяне. У аснове гэтага рашэння павінен ляжаць працэс шырокіх кансультацыяў, у працэсе якіх павінныя быць, у прыватнасці, выяўленыя меркаванні ахвяраў і выжыўшых і праясненыя функцыі і моцныя і слабыя бакі камісіяў. Краіна можа па досыць законных прычынах вырашыць не ствараць камісію па выяўленні ісціны ці, сама меней, не ствараць яе адразу ж пасля пераходнага перыяду. Нацыянальныя меркаванні па гэтым пытанні варта паважаць31.

    Адсутнасць патрабаванняў па стварэнні камісіі не скасоўвае патрабавання па кампенсацыі шкоды ахвярам парушэння правоў чалавека. Формы кампенсацыі шкоды могуць быць умоўна падзеленыя на дзве групы: матэрыяльныя (рэстытуцыя, кампенсацыя, рэабілітацыя) і сімбалічныя (сатысфакцыя, гарантыі непаўтарэння).

    Сімвалічныя формы кампенсацыі шкоды ахвярам павінны ўключаць:

    – публічнае прызнанне дзяржавай сваёй адказнасці;
    – прынясенне выбачэнняў ахвярам грубых парушэнняў правоў чалавека і гуманітарнага права;
    – афіцыйныя заявы, якія аднаўляюць годнасць і добрае імя ахвяраў;
    – праверка фактаў і поўнае і публічнае абнародаванне праўды пра гістарычныя падзеі, факты парушэнняў правоў чалавека;
    – расследаванне фактаў грубых парушэнняў правоў чалавека і гуманітарнага права, прыцягненне да адказнасці вінаватых асобаў.

    З мэтай рэалізацыі такіх захадаў прапануецца стварэнне Інстытуту нацыянальнай памяці Беларусі.

    Прынцыпы дзейнасці Інстытуту Нацыянальнай памяці Беларусі:

    1. адкрытасць і публічнасць архіўнай інфармацыі;
    2. даступнасць архіўнай інфармацыі;
    3. аб’ектыўнасць даследаванняў;
    4. павага да права на недатыкальнасць прыватнага жыцця;
    5. забеспячэнне бяспекі персанальных дадзеных.

    Асноўныя функцыі Інстытуту Нацыянальнай памяці Беларусі:

    1. збіранне, сістэматызацыя, забеспячэнне захаванасці дакументаў, датычных палітычных рэпрэсіяў;
    2. захаванне існуючых і стварэнне новых архіваў і арганізацыя доступу да іх у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі;
    3. выяўленне і абнародаванне інфармацыі пра злачынствы і масавыя парушэнні правоў чалавека;
    4. аналіз інфармацыі пра злачынствы і масавыя парушэнні правоў чалавека, здзейсненых аўтарытарнымі, таталітарнымі рэжымамі на тэрыторыі Беларусі ў мінулым, іх наступствы і ўплыў на сучаснасць;
    5. удзел у аднаўленні гістарычнай праўды пра злачынствы аўтарытарных, таталітарных рэжымаў, здзейсненых на тэрыторыі Беларусі;
    6. вывучэнне прычынаў і наступстваў злачынстваў, здзейсненых аўтарытарнымі, таталітарнымі рэжымамі на тэрыторыі Беларусі;
    7. садзейнічанне захаванню памяці пра ахвяраў аўтарытарызму, таталітарызму, стварэнню мемарыяльных комплексаў, якія б уключалі помнікі рэпрэсаваным асобам, а таксама навуковых, інфармацыйных і асветніцкіх цэнтраў, агульнадаступных архіваў, музеяў і бібліятэк;
    8. пошук месцаў пахаванняў рэпрэсаваных асобаў;
    9. удзел у распрацоўцы і рэалізацыі праектаў і праграмаў, накіраваных на стварэнне цвёрдых гарантыяў непаўтарэння аўтарытарызму і таталітарызму;
    10.садзейнічанне пабудове свабоднага, адкрытага, прававога, дэмакратычнага грамадства ў Беларусі;
    11.асветніцкая дзейнасць:

    – экскурсіі для школьнікаў, студэнтаў і ўсіх ахвотных;
    – правядзенне семінараў па выставах і архіўных матэрыялах;
    – стварэнне выставаў (у тым ліку віртуальных);
    – лекцыі, выступы на публічных пляцоўках, у тым ліку ў адукацыйных установах;
    – стварэнне анлайн-асветніцкіх праектаў, трэнінгаў, семінараў для правайдараў фармальнай і нефармальнай адукацыі ва ўзаемадзеянні з міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

    • ДАДАТАК №1 

    Прэамбула да Акту аб кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у перыяд рэжыму А.Р. Лукашэнкі, і недапушчэнні паўтарэння сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека (Акту аб аднаўленні справядлівасці ў дачыненні да рэпрэсаваных асобаў) 

    Прымаючы да ўвагі, што пагарда да прынцыпаў дэмакратыі і вяршэнства права, а таксама міжнародна-прававых абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь па правах чалавека з боку рэжыму А.Р. Лукашэнкі пачынаючы з 20 ліпеня 1994 года па (тут будзе дададзеная дата падзення рэжыму) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прывялі да здзяйснення грубых і масавых парушэнняў правоў чалавека, уключаючы злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства;

    прымаючы да ўвагі, што дзясяткі асобаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь былі забітыя, тысячы асобаў зазналі катаванні, самавольныя затрыманні, арышты, асуджэнне і змяшчэнне ў папраўчыя ўстановы або ў дачыненні да іх былі ўжытыя прымусовыя захады медычнага характару;

    прымаючы да ўвагі, што ў працэсе нясення дзяржаўна-ўладных паўнамоцтваў, а таксама ажыццяўлення правасуддзя супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных справаў, Камітэту дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, іншых праваахоўных органаў, органаў папярэдняга расследавання, судоў і іншых органаў дзяржаўнага кіравання, сур’ёзна парушаліся правы і свабоды грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзянаў, а таксама асобаў без грамадзянства;

    разумеючы важнасць для прызнання права асобаў, якія зазналі рэпрэсіі, іх сем’яў, нашчадкаў, і грамадства ў цэлым ведаць у максімальна магчымай ступені праўду пра здзейсненыя злачынствы, у прыватнасці пра тых асобаў, хто іх чыніў, пра прычыны і факты такіх парушэнняў, а таксама абставіны, у якіх яны былі здзейсненыя;

    разумеючы важнасць захавання гістарычнай памяці адносна наступстваў недэмакратычнага і неправавога рэжыму А.Р. Лукашэнкі для асобы і грамадства;

    прымаючы адказнасць за пабудову развітой грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай прававой дзяржавы, якая выключае магчымасць вяртання да аўтарытарызму;

    прымаючы пад увагу гістарычную, юрыдычную і маральную адказнасць дзяржавы;

    Орган, асуджаючы масавы тэрор у дачыненні да насельніцтва Рэспублікі Беларусі, несумяшчальны з законнасцю і справядлівасцю, заяўляе аб стварэнні Камісіі па аднаўленні справядлівасці ў Рэспубліцы Беларусь, прымае на сябе абавязацельствы, звязаныя з прыняццем захадаў дзеля ліквідацыі наступстваў рэпрэсіяў і ўчыненых беззаконняў.

    • ДАДАТАК №2

    Апошнія навіны