ВІЗІТ У СТРАСБУРГ
Святлана Ціханоўская з працоўным візітам наведала Страсбург, дзе сустрэлася з Генеральным сакратаром Рады Еўропы Аленам Берсэ, узяла ўдзел у пасяджэнні Камітэта міністраў Рады Еўропы і ў сустрэчы-брыфінгу амбасадараў Камітэта міністраў Рады Еўропы. Ціханоўская заклікала краіны ЕС узмацніць падтрымку беларусаў — ад рашэння візавых і дакументальных праблемаў да вызвалення палітвязняў, узмацнення санкцыяў і процідзеяння транснацыянальным рэпрэсіям.
ЗВАРОТ ЦІХАНОЎСКАЙ ДА ЧАЦВЁРТАЙ ГАДАВІНЫ ПОЎНАМАШТАБНАЙ ВАЙНЫ ВА УКРАІНЕ
24 лютага споўнілася чатыры гады з пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. З гэтай нагоды Святлана Ціханоўская ў відэазвароце адзначыла: «Мы, беларусы, на баку Украіны, а не агрэсара. Мы — як і Украіна — частка Еўропы, а не «рускага міру». І разам — мы зможам дабіцца свабоды і міру для нашых народаў. Разам — мы зможам дабіцца справядлівасці і прыцягнуць вінаватых да адказнасці». Тэкст прамовы.
Акрамя гэтага, Ціханоўская ўсклала кветкі да помніка Тараса Шаўчэнкі ў Варшаве. А беларусы па ўсім свеце далучыліся да акцыяў у падтрымку Украіны.
Офіс Святланы Ціханоўскай сабраў актуальныя зборы дапамогі добраахвотнікам, валанцёрам і ініцыятывам, якія падтрымліваюць пацярпелых.
СУСТРЭЧА З БЕЛАРУСКІМІ АДУКАЦЫЙНЫМІ АРГАНІЗАЦЫЯМІ
Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Варшаве з прадстаўнікамі беларускіх адукацыйных і навуковых ініцыятываў, каб абмеркаваць падтрымку незалежнай адукацыі і навукі, пытанні легалізацыі, акрэдытацыі і інтэграцыі ў польскую сістэму, а таксама патрэбы даследчыкаў, настаўнікаў і дзяцей у эміграцыі. Ціханоўская падкрэсліла, што захаванне беларускай мовы, школаў і навуковай супольнасці — гэта аснова будучыні краіны, і запэўніла ў гатоўнасці адвакатаваць патрэбы адукацыйных ініцыятываў на міжнародным узроўні.
СУСТРЭЧА СА СПЕЦПРАДСТАЎНІКАМІ КРАІНАЎ БАЛТЫІ Ў ВІЛЬНІ
23 лютага ў Вільні адбылася сустрэча прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі са спецпрадстаўнікамі краінаў Балтыі — Астай Андрыяўскіне (Літва), Кармэн Лаўс (Эстонія) і Гунтай Пасторэ (Латвія). Бакі абмеркавалі планы працы Офіса Святланы Ціханоўскай, прыярытэты супрацоўніцтва з балтыйскімі дзяржавамі, каардынацыю ў фармаце NB8, падтрымку палітвязняў і рэпрэсаваных, а таксама адукацыйныя, экалагічныя і сацыяльныя ініцыятывы, у тым ліку падрыхтоўку да 40-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы.
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ — ПРА ЧАРГОВЫ БЕСПІЛОТНІК У БЕЛАРУСКІМ НЕБЕ
27 лютага ў беларускім небе праляцеў чарговы расійскі ваенны беспілотнік. Святлана Ціханоўская: «Пакуль Лукашэнка лётае да Пуціна, расійская агрэсія навісае над галовамі нашых дзяцей і бацькоў. Яны скралі нашае мірнае неба і выкарыстоўваюць яго ў вайне супраць Украіны».
СУСТРЭЧА З ПРАДСТАЎНІКАМІ АРГАНІЗАЦЫЯЎ ДАПАМОГІ ПАЛІТЗНЯВОЛЕНЫМ
Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі арганізацыяў дапамогі палітзняволеным у Варшаве. Мэта сустрэчы — каардынацыя супрацоўніцтва паміж арганізацыямі. Удзельнікі абмеркавалі стан фінансавання экстраннай і доўгатэрміновай падтрымкі, пытанні выезду, легалізацыі і пагрозы паўторнага пераследу палітвязняў, наяўныя рэсурсы для забеспячэння жыллём, а таксама арганізацыю медыцынскай і псіхалагічнай рэабілітацыі вызваленых.
ПРЭЗЕНТАЦЫЯ «КАНЦЭПЦЫІ ЛЮСТРАЦЫІ І ІНСТЫТУТА НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ПАМЯЦІ БЕЛАРУСІ»
27 лютага ў Вільні Офіс Святланы Ціханоўскай сумесна з Цэнтрам «Еўрапейскі дыялог» прэзентаваў «Канцэпцыю люстрацыі і Інстытута нацыянальнай памяці Беларусі» з удзелам беларускіх і міжнародных экспертаў. Падчас дыскусіі падкрэслілі, што адкрыццё архіваў, устанаўленне фактаў парушэнняў правоў чалавека і падтрымка пацярпелых — гэта аснова справядлівасці і неабходная ўмова для пабудовы дэмакратычнай Беларусі.
СУСТРЭЧА З БЕЛАРУСКІМІ ДОБРААХВОТНІКАМІ І ВАЛАНЦЁРАМІ
Святлана Ціханоўская разам з прадстаўніком па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вадзімам Кабанчуком правяла сустрэчу з беларускімі добраахвотнікамі і валанцёрамі, якія ваявалі на баку Украіны. Беларуская лідарка падзякавала ім за ўнёсак у барацьбу супраць расійскай агрэсіі і падкрэсліла, што іх пазіцыя дэманструе сапраўдную ролю беларусаў у рэгіёне. Падчас размовы абмеркавалі стратэгічнае супрацоўніцтва з Украінай, пытанні легалізацыі, сацыяльных гарантый і падтрымкі беларускіх ветэранаў і іх сем’яў.
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ — ДА СУСВЕТНАГА ДНЯ НЕДЗЯРЖАЎНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ
27 лютага ў свеце адзначаюць Дзень недзяржаўных арганізацыяў. Святлана Ціханоўская з гэтай нагоды: «За апошні месяц я сустрэлася са шматлікімі арганізацыямі і іх прадстаўнікамі, і шчыра ўражаная тым, як вы трымаецеся і працягваеце рабіць сваю справу. Я б хацела сказаць — вялікі дзякуй кожнай і кожнаму».
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ НАВЕДАЛА «ДОМ ТВОРЦАЎ»
Святлана Ціханоўская наведала «Дом творцаў» у Варшаве і сустрэлася з яго заснавальнікам Сяржуком Доўгушавым і прадстаўнікамі беларускай культурнай супольнасці, каб абмеркаваць развіццё прасторы і падтрымку рэпрэсаваных творцаў. Падчас размовы закранулі пытанні супрацоўніцтва, грантавай падтрымкі і далейшых планаў, а Ціханоўская падкрэсліла важнасць такіх ініцыятываў для захавання і развіцця беларускай культуры ў выгнанні.
МЕДЫЯ
AP News (Міжнароднае), PAP (Польшча), PAP (Польшча), БелСАТ (Беларусь), БелСАТ (Беларусь), Еўрарадыё (Беларусь), Foreign Policy (Міжнароднае), Еўрарадыё (Беларусь), ARD Radio (Міжнароднае), The World (Міжнароднае), EpochTimes.sk (Славакія), LIGA.net (Украіна), The World News Radio (Міжнароднае).
