Сёння ў Варшаве Святлана Ціханоўская разам з прадстаўніком па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вадзімам Кабанчуком правяла сустрэчу з беларускімі добраахвотнікамі і валанцёрамі, якія ваявалі на баку Украіны.
Падчас сустрэчы Святлана Ціханоўская падзякавала беларускім добраахвотнікам за іх мужнасць і прынцыповую пазіцыю ў барацьбе супраць расійскай агрэсіі:
«Беларускія добраахвотнікі зрабілі і працягваюць рабіць велізарны ўнёсак у барацьбу супраць расійскай агрэсіі. Дзякуючы вам свет бачыць: беларусы — не саўдзельнікі гэтай вайны, а народ, які змагаецца за бяспеку ўсяго рэгіёну».
Удзельнікі абмеркавалі стратэгічнае супрацоўніцтва з Украінай і візіт беларускай лідаркі ва Украіну, які адбудзецца ў бліжэйшыя месяцы.
Асобная ўвага была нададзеная пытанням легалізацыі беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.
Таксама абмеркавалі ўмовы для беларускіх ветэранаў:
– неабходнасць перагляду нормаў, якія фактычна прыраўноўваюць беларускіх добраахвотнікаў да грамадзянаў краіны-агрэсара;
– забеспячэнне выплат сем’ям загінулых;
– павелічэнне тэрмінаў легальнага знаходжання пасля завяршэння кантракта;
– спрашчэнне легалізацыі ва Украіне;
– стварэнне механізмаў рэсацыялізацыі пасля службы.
