Сёння Святлана Ціханоўская распачала працоўны візіт у Страсбург, дзе сустрэлася з Генеральным сакратаром Рады Еўропы Аленам Берсэ. У сустрэчы бралі ўдзел дарадцы Ціханоўскай Аляксандр Шлык, Дзяніс Кучынскі, Франак Вячорка, а таксама спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан.
Падчас сустрэчы абмеркавалі працу Кантактнай групы, План дзеянняў на 2026–2027 гады, адкрыццё Інфармацыйнага офісу Рады Еўропы для беларусаў у Вільні, які пачне працу ў бліжэйшыя месяцы.
Закранулі і працу беларускай дэлегацыі Каардынацыйнай Рады ў ПАРЕ.
Рада Еўропы ў межах Кантактнай групы будзе прымаць беларусаў на стажыроўкі, працягне праграму для беларускіх юрыстаў і адвакатаў, а таксама будзе працаваць над рэалізацыяй «Люксембургскіх рашэнняў», каб палепшыць сітуацыю беларусаў у выгнанні. Асобна абмеркавалі планы па падрыхтоўцы дарожнай карты па інтэграцыі Беларусі ў Раду Еўропы.
Напрыканцы сустрэчы Святлана Ціханоўская ўрачыста ўганаравала Генеральнага сакратара Рады Еўропы Крыжам Добрасуседства. Гэта ўзнагарода Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, якая ўручаецца замежным грамадзянам за асаблівы ўнёсак у развіццё стасункаў Беларусі з іншымі краінамі і падтрымку дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.
Сёння ў Ціханоўскай запланаваны выступ перад Камітэтам міністраў Рады Еўропы, брыфінг для амбасадараў, сустрэча з Генеральным сакратаром Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў, а таксама мерапрыемства з нагоды гадавіны пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
