Сёння, 23 лютага, прайшла сустрэча прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў са спецпрадстаўнікамі краінаў Балтыі — Астай Андрыяўскіне (Літва), Кармэн Лаўс (Эстонія) і Гунтай Пасторэ (Латвія). З беларускага боку ўдзельнічалі:
дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай у Вільні Дзяніс Кучынскі, а таксама дарадцы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Павел Церашковіч, пазаштатны дарадца па пытаннях экалогіі Дзмітрый Кучук і прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Зазулінская.
Офіс у Вільні застаецца дыпламатычным цэнтрам працы беларускіх дэмакратычных сілаў, і працягвае сістэмную працу і каардынацыю з партнёрамі.
Падчас размовы бакі абмеркавалі планы працы Офіса на бліжэйшы перыяд, прыярытэтныя напрамкі супрацоўніцтва з балтыйскімі дзяржавамі, а таксама каардынацыю ўзаемадзеяння ў межах фармату NB8 (Nordic-Baltic Eight). Закранулі таксама бягучыя сумесныя праекты і кантакты з Літвой, Латвіяй і Эстоніяй, у тым ліку — працяг дыялогу пасля сустрэчаў і абмеркаванняў у Сейме Літвы. Асобна абмеркавалі кампанію па Чарнобыльскім шляху да 40-й гадавіны трагедыі на Чарнобыльскай АЭС.
Сустрэчу адкрыў Кучынскі, які падзякаваў Літве, Латвіі і Эстоніі за паслядоўную падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя. Ён праінфармаваў пра бягучую сітуацыю ў Беларусі, міжнародную дзейнасць Офіса і асноўныя напрамкі працы на найбліжэйшы перыяд.
Дзмітрый Кучук прадставіў планы ў сферы экалагічнай палітыкі, у тым ліку падрыхтоўку мерапрыемстваў да 40-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы, падкрэсліўшы важнасць міжнароднай увагі да пытанняў ядзернай бяспекі і экалагічнай адказнасці ў рэгіёне.
Павел Церашковіч распавёў пра актуальныя адукацыйныя праекты, падтрымку беларускіх студэнтаў і навукоўцаў, а таксама ініцыятывы па развіцці беларускамоўнай адукацыйнай прасторы. Асобная ўвага была нададзеная актуальнай сітуацыі ў беларускай адукацыі — дарадца падзяліўся актуальнай статыстыкай пра стан сістэмы адукацыі. Абмеркавалі пытанне падтрымкі беларускамоўнай школы ў Літве і шырэйшай культурніцка-адукацыйнай прасторы для беларусаў за мяжой.
Вольга Зазулінская прадставіла сацыяльныя прыярытэты, над якімі працуе Аб’яднаны Пераходны Кабінет, і адзначыла асноўныя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца беларусы ў краінах пражывання — ад легалізацыі да доступу да сацыяльных і адукацыйных паслугаў. Была падкрэсленая важнасць сістэмнай падтрымкі з боку балтыйскіх партнёраў.
Міжнародная каманда Офіса падзялілася планамі знешняй працы на бліжэйшы перыяд і напрамкамі каардынацыі з партнёрамі. Юрыдычная каманда Офіса распавяла пра актуальную сітуацыю з правамі чалавека, праблемы беларусаў у Літве, Эстоніі і Латвіі, а таксама пра запыты, з якімі звяртаюцца беларусы і беларускі.
Напрыканцы сустрэчы дыпламаты змаглі атрымаць адказы на бягучыя пытанні і абмеркаваць далейшыя крокі каардынацыі.
«Мы вельмі ўдзячныя Літве, Латвіі і Эстоніі. Пазіцыі краінаў Балтыі па падтрымцы беларускіх дэмакратычных сілаў застаюцца нязменнымі і скаардынаванымі — як і іх прынцыповая пазіцыя адносна рэжыму Лукашэнкі», — адзначыў Дзяніс Кучынскі па выніках сустрэчы.
«Я шчыра дзякую краінам Балтыі за нязменную падтрымку і салідарнасць з беларусамі. Для нас важна адчуваць не толькі палітычную, але і чалавечую падтрымку — ведаць, што правы чалавека і лёсы беларусаў застаюцца на парадку дня.
На сустрэчы мы дэталёва абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі і рэпрэсаванымі, улучаючы тых, хто быў змушаны з’ехаць і хто сёння мае патрэбу ў абароне. Таксама пазначылі, якая дапамога цяпер найболей патрэбная — гуманітарная, праўная, інстытуцыйная і фінансавая.
Асобна дзякую за ўдзел у вылучэнні сродкаў у Міжнародны Гуманітарны Фонд і за практычныя крокі падтрымкі пацярпелых — гэта наўпрост уплывае на лёсы людзей.
Мы абмеркавалі найбліжэйшыя планы і дамовіліся пра далейшае ўзаемадзеянне. Гутарка атрымалася адкрытай, змястоўнай і накіраванай на працяг супольнай працы», — Вольга Зазулінская.
