«Пасля 2020 года рэжым пачаў мэтанакіравана знішчаць незалежны трэці сектар у Беларусі: ліквідацыі, пераслед, ціск, забароны. Лукашэнка хацеў, каб людзі засталіся сам-насам са сваімі праблемамі і без тых, хто ўмее арганізаваць дапамогу, аб’яднаць, падтрымаць і абараніць. Бо НДА — гэта падтрымка дзяцей і старэйшых, культура і адукацыя, экалогія, правы чалавека, мясцовыя супольнасці.
За апошні месяц я сустрэлася са шматлікімі арганізацыямі і іх прадстаўнікамі, і шчыра ўражаная тым, як вы трымаецеся і працягваеце рабіць сваю справу. Я б хацела сказаць — вялікі дзякуй кожнай і кожнаму. Вы дапамагаеце тым, хто быў вымушаны з’ехаць. Падтрымліваеце палітвязняў і іх сем’і. Захоўваеце беларускую культуру і мову. Робіце адукацыйныя, сацыяльныя, гуманітарныя праекты. Дзякуй вам за тое, што не апусцілі рукі. Дзякуй за смеласць, прафесійнасць і чалавечнасць. Дзякуй за клопат, які вы дорыце людзям, і за Беларусь, якую вы захоўваеце ў сабе і іншых».
