25 лютага ў Страсбургу адбылася сустрэча-брыфінг амбасадараў Камітэта міністраў Рады Еўропы з удзелам Святланы Ціханоўскай.
Мерапрыемства было арганізаванае місіямі Еўрапейскага Саюза і Польшчы. Лідарка падзякавала краінам Еўропы за салідарнасць з беларускім народам, падтрымку палітвязняў і прынцыповую пазіцыю непрызнання рэжыму Лукашэнкі.
Падчас сустрэчы абмеркавалі шэраг ключавых пытанняў:
• візавую палітыку і мабільнасць беларусаў у ЕС;
• праблемы з дакументамі і пашпартамі;
• падтрымку Украіны і сітуацыю з беларускімі добраахвотнікамі;
• вызваленне палітвязняў і дапамогу вызваленым і дэпартаваным;
• санкцыйную палітыку;
• прыцягненне рэжыму да адказнасці;
• транснацыянальныя рэпрэсіі і злоўжыванні праз Інтэрпол;
• падтрымку незалежных медыя і культуры.
Галоўнае з брыфінгу:
Пра новы падыход Украіны
«Я вельмі спадзяюся, што новы падыход Украіны дапаможа ўмацаваць наш рух і створыць новую дынаміку і ўнутры Беларусі. Беларускія эліты, армія і грамадства сочаць за Украінай — з надзеяй. І я лічу, што ў выпадку спынення агню роля Украіны для Беларусі стане яшчэ больш значнай».
Пра беларусаў у выгнанні
«Мы працуем з краінамі ЕС і з DG HOME, каб знайсці комплекснае рашэнне для беларусаў у Еўропе, каб людзі не станавіліся асобамі без грамадзянства. Па нашай просьбе Іспанія прызнала пратэрмінаваныя пашпарты, Данія і Нарвегія пачалі выдаваць пашпарты замежніка беларусам. У Літве дзейнічаюць дакументы на тры гады, Польшча выдае міжнародную абарону. Гэта добрыя прыклады, якія трэба пашыраць».
