5 сакавіка ў Бруселі Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўнікамі еўрапейскіх тэхналагічных кампаніяў і буйнога бізнесу. У сустрэчы таксама бралі ўдзел яе дарадца Дзяніс Кучынскі і Павел Лібер, аўтар шэрагу інавацыйных праектаў беларускай супольнасці. Сустрэча была арганізаваная еўрадэпутаткай Евай Мэйдэл.
Падчас сустрэчы беларуская лідарка падкрэсліла, што міжнародныя карпарацыі могуць сыграць ключавую ролю ў абароне дэмакратыі.
Ціханоўская адзначыла, што сёння Беларусь — гэта краіна, дзе сутыкаюцца мінулае і будучыня. Мінулае, паводле яе слоў, увасабляе рэпрэсіўны рэжым, які трыццаць гадоў трымаецца за ўладу, а будучыню — людзі, сучасная, інавацыйная і глыбока еўрапейская нацыя.
Ціханоўская нагадала, што беларусы не раз паказвалі свой талент і здольнасць да інавацыяў, аднак часта былі вымушаныя рэалізоўвацца за мяжой. Паводле яе слоў, гэтая тэндэнцыя захоўваецца і сёння: многія праграмісты і прадпрымальнікі пакінулі краіну праз рэпрэсіі. Пры гэтым кампаніі з беларускімі каранямі ствараюць тысячы рабочых месцаў, плацяць падаткі і ўмацоўваюць еўрапейскую эканоміку
Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета выказала ўпэўненасць, што пасля дэмакратычных пераменаў гэтыя людзі вернуцца дадому і сыграюць ключавую ролю ў аднаўленні эканомікі і збліжэнні Беларусі з Еўропай. І падкрэсліла, што тэхналогіі ўжо адыгралі вырашальную ролю ў дэмакратычным руху. Дзякуючы ім дэмакратычныя сілы змаглі зафіксаваць рэальную перамогу на выбарах 2020 года, Telegram дапамог каардынаваць пратэсты, Signal забяспечыў бяспечную сувязь паміж беларусамі ў краіне і за мяжой, а YouTube фактычна стаў альтэрнатывай дзяржаўнаму тэлебачанню.
Яна таксама адзначыла ўклад кампаніяў, якія падтрымалі беларускіх журналістаў і грамадзянскую супольнасць — у тым ліку Microsoft, якая дала бясплатны доступ да сваіх інструментаў, і TikTok, які прызначыў кантактную асобу для працы з беларускай тэмай.
Паводле Ціханоўскай, сёння беларусы не могуць арганізоўваць масавыя вулічныя пратэсты з-за высокага ўзроўню рэпрэсіяў, але працягваюць барацьбу ў інфармацыйнай прасторы. «З дапамогай тэхналогіяў беларусы будуюць паралельную дзяржаву — дэмакратычную і свабодную», — адзначыла яна.
Пры гэтым Ціханоўская звярнула ўвагу, што рэжым таксама выкарыстоўвае тэхналогіі — для сачэння за актывістамі, распаўсюду дэзынфармацыі і ціску на дэмакратычны рух. Яна заклікала тэхналагічныя кампаніі сачыць за тым, каб іх інструменты не выкарыстоўваліся для рэпрэсіяў.
Асобна Ціханоўская закранула праблему, калі беларускіх карыстальнікаў абмяжоўваюць у доступе да сэрвісаў і тэхналогіяў праз санкцыі. Паводле яе слоў, такія рашэнні могуць шкодзіць у першую чаргу тым беларусам, якія выступаюць супраць рэжыму.
«Блакіруйце дзяржаўныя структуры, дзяржаўныя кампаніі і прапагандысцкія рэсурсы. Але пакідайце інструменты даступнымі для беларускага дэмакратычнага грамадства. Гэтыя інструменты — наша зброя ў барацьбе за дэмакратыю», — падкрэсліла яна.
Ціханоўская таксама заклікала падтрымліваць кантэнт на беларускай мове на міжнародных платформах, адзначыўшы, што беларуская мова з’яўляецца сімвалам еўрапейскай ідэнтычнасці беларусаў і важным элементам супраціву «рускаму міру».
Яна прапанавала буйным прыватным карпарацыям падтрымліваць гуманітарныя праграмы, развіваць партнёрства з грамадзянскай супольнасцю і незалежнымі медыямі, прызначаць кантактных прадстаўнікоў для працы з беларускімі ініцыятывамі, пашыраць грантавыя праграмы для праектаў, якія ўмацоўваюць дэмакратыю, і адмаўляцца ад супрацоўніцтва з аўтарытарнымі рэжымамі.
Паводле Ціханоўскай, беларускія прадпрымальнікі і IT-спецыялісты, якія сёння працуюць у Еўропе, у будучыні змогуць дапамагчы ператварыць Беларусь у рэгіянальны цэнтр інавацыяў і высокіх тэхналогіяў.
«Калі Беларусь стане свабоднай, больш бяспечнай стане і Еўропа. І я веру, што мы зможам дасягнуць гэтага толькі разам», — адзначыла яна.
На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі кампаніяў IKEA, NVIDIA, Vodafone Group, Broadcom, Amazon, IBM, Microsoft, Meta, Airbus, Intel, OpenAI, Nscale, Anthropic і іншых.
