Сустрэча адбылася сёння, 9 жніўня, у прэзідэнцкім палацы ў Вільні. Ціханоўская падзякавала Літве за ўсю падтрымку дэмакратычнай супольнасці, за тое, што Літва прыняла дзясяткі тысячаў беларусаў і сотні арганізацый, якія былі вымушаныя выехаць з краіны праз рэпрэсіі.
Ціханоўская заклікала прэзідэнта не ўраўноўваць абмежаванні супраць беларусаў і расіянаў. Яна адзначыла, што разумее ўсе рызыкі, звязаныя з магчымай дзейнасцю агентаў беларускага рэжыму, але гэта не павінна ўдарыць па беларусах, якія не падтрымліваюць рэжым і Расію, а такіх абсалютная большасць. Ціханоўская адзначыла, што ўраўнанне беларусаў і расіянаў толькі грае на руку расійскай і лукашэнкаўскай прапагандзе, дэмаралізуе беларусаў і абмяжоўвае працу грамадзянскай супольнасці. Ціханоўская прапанавала замест гэтага пашыраць спіс індывідуальных санкцыяў супраць памагатых рэжыму, закрываць шчыліны ў існуючых санкцыях. Абмеркавалі таксама і магчымае закрыццё межаў і неабходнасць захавання гуманітарных калідораў на выпадак эскалацыі.
Ціханоўская і прэзідэнт Наўседа таксама абмеркавалі сітуацыю са знаходжаннем вагнераўцаў у Беларусі і пагрозы, якія сыходзяць для беларускага грамадства і краінаў-суседак Беларусі, магчымыя сцэнары дзеянняў і рэакцыяў. Ціханоўская распавяла, што беларускае грамадства катэгарычна супраць знаходжання вагнераўцаў, ядзернай зброі і расійскіх войскаў на нашай тэрыторыі.
Абмяркоўвалі таксама вынікі Канферэнцыі Новая Беларусь. Ціханоўская падкрэсліла, што дэмакратычныя сілы абралі шлях да сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе, і гэта стане стратэгічным прыярытэтам працы дэмакратычнага руху. Абмяркоўвалі праект новага беларускага пашпарта, які павінен дапамагчы беларусам, якія засталіся без дакументаў і знаходзяцца пад пагрозай пазбаўлення грамадзянства.