Святлана Ціханоўская завітала ў Музей Вольнай Беларусі, дзе пазнаёмілася з актуальнымі выставамі сучасных беларускіх мастакоў. Падчас візіту Святлана азнаёмілася з дзвюма экспазіцыямі:
«Першыя недэмакратычныя» — выстава, прысвечаная 25-й гадавіне прэзідэнцкіх выбараў 2001 года. Гэта экспазіцыя дазваляе зірнуць на гісторыю праз матэрыялы вулічнай агітацыі, рэчы моладзевай ініцыятывы «Зубр» і асабістыя артэфакты ўдзельнікаў кампаніі. Гэта важны напамін пра тое, як беларусы змагаліся за свае правы ва ўмовах цэнзуры і дзяржаўнага ціску яшчэ чвэрць стагоддзя таму.
«Жыццё на каробках» — праект беларускай мастачкі Ганны Мусалёвай. Гэта асабістая і шчырая гісторыя беларускай эміграцыі, расказаная праз жывапіс на кардонных каробках. Праз гэтыя прадметы, якія для многіх сталі сімвалам часовасці, мастачка разважае пра пошук дому, памяць і адзіноту ў выгнанні.
Святлана Ціханоўская:
«Культура — гэта тое, што нас аб’ядноўвае. Менавіта таму так важна падтрымліваць культурныя ініцыятывы, што захоўваюць нашу гісторыю і асэнсоўваюць сучасны беларускі досвед. Я ўдзячная ўсім, хто стварае гэтыя праекты і дапамагае нам памятаць пра тое, хто мы ёсць і за што змагаемся. Шчыра раю беларусам у Варшаве наведаць, калі будзе час. Выставы працуюць да 11 верасня — гэта тое, што варта пабачыць і адчуць кожнаму з нас».
