СУСТРЭЧА З ЮОЗАСАМ ОЛЕКАСАМ
3 верасня ў Вільні спікер Сейма Літвы Юозас Олекас афіцыйна прыняў Святлану Ціханоўскую. Удзел у сустрэчы таксама ўзялі дэпутаты групы «За дэмакратычную Беларусь» і прадстаўнікі большасці палітычных партыяў. З беларускага боку — дарадцы Ціханоўскай Францішак Вячорка, Дзяніс Кучынскі і Анатоль Лябедзька.
Ключавыя тэмы сустрэчы:
– Старшынства Літвы ў Радзе ЕС. Святлана Ціханоўская заклікала зрабіць Беларусь адным з прыярытэтаў еўрапейскага парадку дня падчас старшынства Літвы;
– Падрыхтоўка да вызваленняў палітычных зняволеных. Ціханоўская падзякавала Літве за падтрымку ў пытаннях лагістыкі і легалізацыі;
– Магчымасць абмену беларускіх правоў кіроўцы без дадатковых экзаменаў для тых, у каго гуманітарны ВНЖ (па прыкладзе Польшчы) і ўвядзенне іспытаў на беларускай мове;
– Вяртанне Беларусі ў спіс краін, грамадзяне якіх могуць атрымліваць дзяржаўныя стыпендыі Літвы для навучання ў магістратуры, і аднаўленне гэтай магчымасці ў наборы на 2027 год;
– Абмеркавалі арганізацыю курсаў літоўскай мовы для беларусаў;
– Сацыяльныя пытанні, у тым ліку падтрымку для дзяцей з інваліднасцю;
– Будучыня Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і важнасць захавання доступу беларусаў да адукацыі;
– Атрымалі прынцыповую згоду на падпісанне Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Сеймам Літвы, арганізацыю і правядзенне пасяджэння Альянсу парламенцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь» у Вільні.
БРЫФІНГІ ДЛЯ ДЫПЛАМАТАЎ І АМБАСАДАЎ
2 верасня Святлана Ціханоўская правяла ў Вільні брыфінг для амбасадараў і дыпламатаў 17 краінаў Еўрасаюза. Сустрэчу арганізавала амбасада Ірландыі.
Ціханоўская прадставіла вынікі канферэнцыі «Новая Беларусь», распавяла пра працу дзеля вызвалення палітвязняў і супрацоўніцтва з Украінай. Асобная ўвага — захаванню ціску на рэжым і рызыцы далейшага ўцягвання Беларусі ў расійскую вайну. Таксама яна паведаміла пра падрыхтоўку ірландска-беларускай канферэнцыі, прысвечанай нацыянальнай ідэнтычнасці, культуры і медыя.
У брыфінгу ўзялі ўдзел прадстаўнікі Аўстрыі, Харватыі, Чэхіі, Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Францыі, Грэцыі, Венгрыі, Ірландыі, Італіі, Латвіі, Нідэрландаў, Польшчы, Румыніі, Іспаніі і Швецыі.
4 верасня Святлана Ціханоўская таксама правяла брыфінг для дыпламатаў краін Лацінскай Амерыкі і Еўропы пры падтрымцы амбасадаркі Іспаніі Вікторыі Артэгі Гуцьерэс. У сустрэчы ўзялі ўдзел амбасадары Бразіліі, Чылі, Панамы, Партугаліі і Іспаніі.
Ціханоўская заклікала дыпламатаў падтрымліваць Беларусь на міжнароднай арэне, у тым ліку падтрымліваць мандат Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і мандат Групы незалежных экспертаў ААН па правах чалавека ў Беларусі. Таксама яна заклікала дапамагаць беларусам, якія сутыкаюцца з праблемамі з дакументамі і прававым статусам за мяжой.
ЗБОР КАНЦТАВАРАЎ ДЛЯ БЕЛАРУСКІХ ДЗЯЦЕЙ
Каманда Офіса Святланы Ціханоўскай далучылася да збору канцтавараў для беларускіх дзяцей і сабрала школьныя рэчы для сем’яў, якім цяпер патрэбная дадатковая падтрымка.
4 верасня Святлана Ціханоўская прыехала ў Цэнтр беларускай салідарнасці і перадала ад каманды сшыткі, алоўкі, фарбы, папкі ды іншыя неабходныя рэчы да пачатку навучальнага года.
ЧЫТАННЕ «ДЗЯДОЎ» З УДЗЕЛАМ ПРЭЗІДЭНТА ПОЛЬШЧЫ
5 верасня Святлана Ціханоўская разам з беларусамі Варшавы далучылася да фіналу польскага «Нацыянальнага чытання», які прайшоў ля помніка Адаму Міцкевічу.
Сёлета для чытання выбралі «Дзяды» — твор пра народы, якія змагаліся за свабоду і права быць сабой.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі і першая лэдзі Марта Наўроцкая, а таксама вядомыя польскія акторы і музыкі. Сярод удзельнікаў — і беларускія артысты Бажэна Шамовіч і Аляксей Сапрыкін.
ДЗЕНЬ ВЕДАЎ
У Дзень ведаў Святлана Ціханоўская звярнулася да школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў і бацькоў. Яна заклікала маладых людзей захоўваць цікаўнасць і шукаць свой шлях, падзякавала настаўнікам, якія пад ціскам ідэалогіі працягваюць вучыць дзяцей думаць, а бацькам — за падтрымку і сумленныя размовы з дзецьмі дома.
Святлана Ціханоўская:
«Я ведаю, што прыйдзе час, калі беларуская школа зноў будзе месцам ведаў, развіцця і свабоды, а не страху і ідэалогіі. Таму што тое, якую адукацыю атрымліваюць нашы дзеці сёння, вызначае, якой будзе Беларусь заўтра.
З Першым верасня!»
Акрамя гэтага, дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях навукі і адукацыі Павел Церашковіч пракаментаваў заяву міністр адукацыі наконт рэпетытараў:
«Тое, што міністру не падабаюцца рэпетытары, мяне не моцна здзівіла. Гэта меркаванне чыноўніка дзяржавы, якая ўсё, што ёй непасрэдна не падначалена, лічыць аўтаматычна варожым і падазроным».
З нагоды пачатку навучальнага года Святлана Ціханоўская таксама наведала беларускую адукацыйную ўстанову ў Вільні, каб пагутарыць з камандай, якая працягвае навучаць беларускіх дзяцей у эміграцыі. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся актуальныя выклікі, з якімі сутыкаюцца педагогі: ад пытанняў патрабаванняў да ведання літоўскай мовы да пошуку падтрымкі і ўзаемадзеяння з замежнымі амбасадамі.
МЕДЫЯ: 15min (Літва).
