Напярэдадні пачатку новага навучальнага года міністр адукацыі Андрэй Іванец даў інтэрв’ю выданню «Анлайнер»,. Сярод іншага, Іванец падзяліўся меркаваннем пра рэпетытараў: «Я их органически не воспринимаю, от слова «совсем». У каждого человека есть свой потенциал, в том числе интеллектуальный. Что делает репетитор? За короткий промежуток времени пытается надуть резиновый шарик до размера автомобильной шины».
Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях навукі і адукацыі Павел Церашковіч пракаментаваў гэтую заяву:
«Тое, што міністру не падабаюцца рэпетытары, мяне не моцна здзівіла. Гэта меркаванне чыноўніка дзяржавы, якая ўсё, што ёй непасрэдна не падначалена, лічыць аўтаматычна варожым і падазроным. Іванец лічыць, што школьная праграма настолькі простая, што кожны з бацькоў павінен вырашыць задачу па матэматыцы чацвёртага класа і дапамагчы дзіцяці без якога-небудзь рэпетытара. Аднак сам міністр прызнаецца, што пры паступленні ў Ліцэй БДУ ледзь не заваліў матэматыку, бо яму «гэты прадмет быў не надта цікавы».
Выглядае на тое, што гэтая адсутнасць цікавасці захавалася і на міністэрскай пасадзе. Вось як гучыць адказ на пытанне пра недзяржаўную адукацыю: «Прыватная адукацыя ёсць. Сёння гэта шэсць прыватных школ і два прыватныя дзіцячыя садкі». Гэта ажно 0,21% ад усіх школ і 0,05% — ад усіх садкоў. За 5 гадоў колькасць такіх школ скарацілася ў 3,5 раза, садкоў — у 7 разоў. Ну ды ладна з гэтай нават не вартай статыстычнай памылкі драбязой, якую выдаюць за наяўнасць прыватнай адукацыі. Паглядзім, што з іншымі лічбамі ў тым самым міністэрстве. За 5 гадоў колькасць выхаванцаў дзіцячых садкоў скарацілася на 84,5 тысячы (на 21%). За той самы перыяд сістэма адукацыі недалічылася 13 тысяч настаўнікаў. Доля выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў са ступенямі кандыдата або доктара ўпала да 40%. І таму зусім не выпадкова, што ў сусветным рэйтынгу QS за 5 гадоў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт абрынуўся з 317-га месца на 533-е, у рэйтынгу вышэйшай адукацыі Times апынуўся па-за межамі першых 1,5 тысячы найлепшых універсітэтаў, а ў Шанхайскім рэйтынгу папросту няма такой краіны — Беларусі.
Ці цікавая такая матэматыка міністру адукацыі? Выглядае, што не. Але ёсць іншая. На апошняй калегіі міністэрства ў ліпені было агучана, што за 4 гады колькасць замежных студэнтаў у Беларусі павялічылася на 10 тыс. і дасягнула 37 тысяч. Усё гэта не пабаяліся назваць не толькі «драйверам развіцця», але і «міжнародным брэндам Беларусі». Праблема толькі ў тым, што супрацоўнікі Дзяржкамстата, якія ў матэматыцы больш абазнаныя за спадара Іванца, падаюць зусім іншую лічбу — 24 тысячы замежных студэнтаў — і сцвярджаюць, што за апошнія гады яна амаль не змянілася. Вялікай бяды тут, канечне, няма, але толькі да таго часу, пакуль не прыйдуць пахмурныя дзядзькі з нейкага Камітэта дзяржкантролю і не запатрабуюць палічыць наяўных замежнікаў пагалоўна. Не тое каб там сабраліся вялікія аматары матэматыкі, але тое, што 24 — гэта не 37, яны зразумеюць добра.
Мараль усяго гэтага наступная: не крыўдзі рэпетытара. Пазаймацца з ім карысна не толькі школьнікам, але і некаторым міністрам».
