18–19 верасня ў Кіеве праходзіць грамадска-палітычная частка V Форуму Астрожскіх — беларуска-ўкраінскай пляцоўкі для абмеркавання двухбаковых адносінаў, рэгіянальнай бяспекі і будучага партнёрства паміж дэмакратычнай Беларуссю і Украінай.
Сёлета Форум упершыню праходзіць пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Украіны і з удзелам прадстаўніка Офіса прэзідэнта Украіны.
Офіс Святланы Ціханоўскай прадстаўлялі дарадцы Франак Вячорка і Анатоль Лябедзька. У палітычнай дыскусіі таксама ўдзельнічалі дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк, амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны Яраслаў Чарнагор, народны дэпутат Украіны Багдан Ярэменка і намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка.
Падчас дыскусіі Міхайла Падаляк пацвердзіў падтрымку Украінай дэмакратычных сіл Беларусі. Таксама было анансавана стварэнне рабочай групы па пытаннях беларусаў ва Ўкраіне. Яна можа дапамагчы ў вырашэнні практычных праблем, у тым ліку звязаных з легалізацыяй, дакументамі, і рэалізацыяй сумесных праектаў.
Багдан Яроменка таксама адзначыў неабходнасць узмацніць парламенцкую супрацу з дэмакратычнымі сіламі.
Адным з вынікаў Форуму стала прыняцце сумеснай заявы аб гвалтоўным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей у Расійскую Федэрацыю і Беларусь і садзейнічанні іх бяспечнаму вяртанню.
Заяву падтрымалі прадстаўнікі Украіны, беларускіх дэмакратычных сіл, грамадзянскай супольнасці. У дакуменце зафіксаваная гатоўнасць:
• сумесна выяўляць і дакументаваць факты дэпартацыі і гвалтоўнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей;
• вызначаць месцы іх знаходжання ў Расіі і Беларусі;
• збіраць інфармацыю пра ўмовы ўтрымання, прымусовую ідэалагічную апрацоўку і мілітарызацыю дзяцей;
• высвятляць ролю службовых асобаў і дзяржаўных структур Беларусі;
• прыцягваць міжнародныя праваабарончыя, следчыя і юрыдычныя механізмы;
• дамагацца адказнасці датычных асобаў;
• спрыяць бяспечнаму вяртанню дзяцей ва Украіну альбо ў бяспечныя трэція краіны.
У заяве асуджаецца саўдзел рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны і дамовіліся працягваць каардынацыю паміж украінскім бокам, беларускімі дэмакратычнымі сіламі, праваабаронцамі і экспертнай супольнасцю.
На Форуме таксама прэзентавалі «Індэкс беларуска-ўкраінскіх адносінаў» і вынікі новага даследавання грамадскай думкі ва Украіне. Асобныя дыскусіі былі прысвечаныя рэгіянальнай бяспецы, становішчу беларусаў ва Украіне, супрацьдзеянню ідэалогіі «рускага свету» і ролі беларускіх добраахвотнікаў у будучай архітэктуры бяспекі.
Форум арганізавалі Free Belarus Center, Рада знешняй палітыкі «Украінская прызма», Украінскі каталіцкі ўніверсітэт, Інстытут «Палітычная сфера», Цэнтр «Еўрапейскі дыялог» і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі пры падтрымцы Konrad Adenauer Stiftung, Friedrich-Ebert-Stiftung і Міжнароднага фонду «Адраджэнне».
