Святлана Ціханоўская: «25 палітвязняў вызваленыя!
Я вельмі рада за кожнага і кожную, хто сёння нарэшце апынуўся на свабодзе. А таксама за іх родных і блізкіх, якія чакалі гэтага дня.
Мы таксама бачым, наколькі цяжка ідуць перамовы аб вызваленні людзей. Кожнае вызваленне патрабуе вялікіх намаганняў, і відавочна, што Лукашэнка не хоча адпускаць усіх палітычных зняволеных.
Таму я ўдзячная амерыканскаму боку за складаную перамоўную працу, якая працягваецца. Важна, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, яна прыносіць канкрэтны гуманітарны вынік — людзі выходзяць на свабоду. Менавіта таму гэтую працу нельга спыняць. Неабходна, каб Злучаныя Штаты і Еўропа працягвалі каардынаваць свае намаганні і падтрымліваць працэс вызвалення людзей.
Сёння разам з радасцю за вызваленых мы памятаем пра тых, хто ўсё яшчэ застаецца за кратамі. Іх сотні. За кожнай лічбай стаіць чалавек, яго сям’я і блізкія, якія працягваюць чакаць.
Кожны вызвалены чалавек — гэта перамога. Таму сённяшняе вызваленне — гэта чарговы гуманітарны вынік, але далёка не канец гэтага працэсу. Праца павінна працягвацца, пакуль усе палітвязні не апынуцца на свабодзе.
Мы будзем сустракаць вызваленых, дапамагаць ім вяртацца да жыцця пасля зняволення і працягваць нагадваць пра ўсіх, хто яшчэ чакае свайго дня свабоды».
