• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Дзень беларускай вайсковай славы, удзел у другой Еўрапейскай канферэнцыі за свабоду і дэмакратыю. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 7–13 верасня

    14 верасня, 2026

    ЧЫТАННЕ «ДЗЯДОЎ» З УДЗЕЛАМ ПРЭЗІДЭНТА ПОЛЬШЧЫ

    5 верасня Святлана Ціханоўская разам з беларусамі Варшавы далучылася да фіналу польскага «Нацыянальнага чытання», які прайшоў ля помніка Адаму Міцкевічу.

    У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі і першая лэдзі Марта Наўроцкая, а таксама вядомыя польскія акторы і музыкі. Сярод удзельнікаў — і беларускія артысты Бажэна Шамовіч і Аляксей Сапрыкін.

    ЗВАРОТ ДА ДНЯ БЕЛАРУСКАЙ ВАЙСКОВАЙ СЛАВЫ

    З нагоды 8 верасня Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў і нагадала пра Аршанскую бітву як частку нашай уласнай гісторыі — і пра тое, што сёння Беларусь зноў павінна думаць пра сваю бяспеку: «Я ведаю, што і ў цяперашняй беларускай арміі многія афіцэры і салдаты сёння стаяць на баку Украіны і не дазволяць уцягнуць цалкам Беларусь у вайну. Беларускае войска павінна абараняць Беларусь і беларусаў, а не служыць чужым імперскім амбіцыям»

    КАМЕНТАР ПРА ВЯРТАННЕ АНДЖЭЯ ПАЧОБУТА Ў БЕЛАРУСЬ

    8 верасня былы палітвязень Анджэй Пачобут вярнуўся ў Беларусь. Святлана Ціханоўская адзначыла: «Кожны, хто ведае яго гісторыю, разумее, колькі мужнасці стаіць за гэтым рашэннем. Але важна не рабіць з гэтага выснову, што ў краіне нешта змянілася для ўсіх. Рэпрэсіі працягваюцца. Для тых, хто мае рызыку пераследу, вяртанне па-ранейшаму можа быць небяспечным».

    ПРАЕКТ ДЛЯ БЫЛЫХ ПАЛІТВЯЗНЯЎ, ДОБРААХВОТНІКАЎ І ІХ СЕМ’ЯЎ
    8 верасня ў Італіі пачаўся двухтыднёвы аздараўленчы праект для былых палітвязняў, добраахвотнікаў і іх сем’яў. Удзельнікамі праграмы сталі 26 чалавек з Беларусі і Украіны. Для іх падрыхтавалі асаблівую праграму адпачынку і аднаўлення. Першы такі досвед быў рэалізаваны ў Венецыі, а цяперашні адпачынак праходзіць у маляўнічым запаведніку Тасканы.

    ДЫПЛАМАТЫЧНЫ БРЫФІНГ «УПЛЫЎ РАСІІ НА БЕЛАРУСКУЮ МОЛАДЗЬ»
    9 верасня ў Прадстаўніцтве беларускіх дэмакратычных сіл у Эстоніі прайшоў дыпламатычны брыфінг «Уплыў Расіі на беларускую моладзь». У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, міністэрстваў і дзяржаўных інстытуцый Эстоніі.

    Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы Маргарыта Ворыхава прадставіла даныя пра тое, як Расія разам з рэжымам Лукашэнкі выбудоўвае сістэму мілітарызацыі беларускай моладзі. Удзельнікі абмеркавалі механізмы вярбоўкі беларусаў, ваенную прапаганду і рызыкі, з якімі сутыкаюцца студэнты. 

    ДАРАДЦА СВЯТЛАНЫ ЦІХАНОЎСКАЙ ПА ПРАВАВЫХ ПЫТАННЯХ НА IMPACT 2026
    Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў выступіў у Манрэалі на Impact 2026 — буйным канадскім саміце, прысвечаным вяршэнству права, абароне дэмакратычных інстытутаў і сучасным выклікам для прававой дзяржавы. У сваім выступе Леанід Марозаў прадставіў беларускі досвед прававога дэфолту і распавёў пра масавыя парушэнні правоў чалавека і палітычна матываваны пераслед у Беларусі, палітычных зняволеных, а таксама пра спробы рэжыму Лукашэнкі пераследаваць беларусаў ужо за межамі краіны.

    КАМЕНТАР ПРА ПРЫСУД ДЗМІТРЫЮ ЛАЕЎСКАМУ
    10 верасня вынеслі прысуд адвакату Дзмітрыю Лаеўскаму — 3 гады калоніі за каментары незалежным медыя пяцігадовай даўніны. Святлана Ціханоўская адзначыла: «Дзмітрый — неймаверна мужны чалавек і прафесійны адвакат. Ён прынцыпова застаўся дома, у Беларусі, бо гэта яго краіна. Дзмітрый заўсёды дзейнічаў строга па законе, да апошняй літары. Я хачу ад усяго сэрца падтрымаць Дзмітрыя і яго сям’ю».

    СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ НАВЕДАЛА МУЗЕЙ ВОЛЬНАЙ БЕЛАРУСІ
    10 верасня Святлана Ціханоўская завітала ў Музей Вольнай Беларусі, дзе пазнаёмілася з актуальнымі выставамі сучасных беларускіх мастакоў. Падчас візіту Святлана азнаёмілася з дзвюма экспазіцыямі — «Першыя недэмакратычныя» і «Жыццё на каробках». 

    Святлана Ціханоўская падкрэсліла: «Культура — гэта тое, што нас аб’ядноўвае. Менавіта таму так важна падтрымліваць культурныя ініцыятывы. Я ўдзячная ўсім, хто стварае гэтыя праекты і дапамагае нам памятаць пра тое, хто мы ёсць».

    СУСТРЭЧА З FREEDOM HOUSE

    Кіраўнік Офіса Святланы Ціханоўскай у Літве Дзяніс Кучынскі сумесна з юрыдычнай камандай Офіса сустрэліся з кіраўніком Прадстаўніцтва Freedom House ў Літве. Бакі абмеркавалі дапамогу беларусам, якія былі вымушаныя пакінуць краіну і апынуліся ў Літве. Таксама абмеркаваны планы па сумесных мерапрыемствах у Злучаных Штатах і Літве. Асобная ўвага была нададзена падрыхтоўцы да магчымага прыезду вызваленых палітвязняў пасля візіту спецпасланніка ЗША Джона Коўла і іх легалізацыі.

    СУСТРЭЧЫ З ЛІТОЎСКІМІ ПАРТНЁРАМІ
    9–10 верасня дырэктар віленскага Офіса Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі сустрэўся з дарадцам прэзідэнта Літвы па замежнай палітыцы Данатасам Аўгулісам і віцэ-спікеркай Сейма Літвы Вікторыяй Чмілітэ-Нільсэн. Абедзве сустрэчы прайшлі ў Офісе ў Вільні.

    Ключавыя тэмы перамоваў: аўтобуснае злучэнне з Беларуссю, курсы літоўскай мовы для беларусаў, падрыхтоўка да магчымых вызваленняў палітвязняў, якія могуць быць вывезены ў Літву, падтрымку ЕГУ, бяспеку Літвы і рэгіёну, крокі з мілітарызацыяй унутры Беларусі і старшынства Літвы ў Радзе Еўрасаюза.

    СУСТРЭЧА З ПРАДСТАЎНІЦАМІ ПАРЕ
    11 верасня Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Варшаве з дакладчыцай ПАРЕ па тэме «Разгляд культуры як асновы дэмакратызацыі Беларусі» Агнешкай Памаскай і кіраўніцай сакратарыята Камітэта ПАРЕ па культуры, навуцы, адукацыі і медыя Таццянай Тэрмачыч. Сустрэча адбылася ў межах падрыхтоўкі даклада «Addressing culture as a foundation for the democratisation of Belarus». Ціханоўская падзякавала за тое, што тэма беларускай культуры стала асобным напрамкам працы Асамблеі.

    УДЗЕЛ У CONFERENCE ON CZECH EASTERN POLICY 2026
    8–9 верасня галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка знаходзіўся з працоўным візітам у Празе. Вячорка ўзяў удзел у Conference on Czech Eastern Policy 2026, дзе выступіў на панэлі, прысвечанай аднаўленню Украіны, разам з амбасадарам Украіны ў Чэхіі Васілём Зварычам і прадстаўнікамі Чэхіі і Эстоніі.

    Галоўны мэсэдж: аднаўленне і бяспека Украіны непасрэдна звязаныя з будучыняй Беларусі. Дэмакратычная Беларусь павінна стаць бяспечным паўночным суседам Украіны, а не расійскім ваенным плацдармам.

    ЭКСПЕРТНЫ КРУГЛЫ СТОЛ ПА ЭТЫЦЫ ДЗЯРЖАЎНАЙ СЛУЖБЫ І СУПРАЦЬДЗЕЯННІ КАРУПЦЫІ

    8 верасня ў Таліне прайшоў экспертны круглы стол па этыцы дзяржаўнай службы і супрацьдзеянні карупцыі. У ім удзельнічалі эксперты, прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, палітычных партый, а таксама эстонскія і міжнародныя спецыялісты. Вынікі дыскусіі выкарыстаюць пры падрыхтоўцы канцэпцыі будучага беларускага заканадаўства ў гэтай сферы.

    УДЗЕЛ У ДРУГОЙ ЕЎРАПЕЙСКАЙ КАНФЕРЭНЦЫІ ЗА СВАБОДУ І ДЭМАКРАТЫЮ
    12 верасня Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у другой Еўрапейскай канферэнцыі за свабоду і дэмакратыю па запрашэнні Піны Пічэрны, віцэ-прэзідэнткі Еўрапейскага парламента і арганізатаркі канферэнцыі. Канферэнцыя аб’ядноўвае еўрапейскіх палітыкаў, журналістаў і актывістаў для абмеркавання супрацьстаяння аўтарытарызму, падтрымкі Украіны, еўрапейскай бяспекі і абароны грамадзянскіх правоў. У сваёй прамове Святлана Ціханоўская заклікала працягваць падтрымку Украіны, захоўваць ціск на рэжым і дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў.

    МЕДЫЯ: БелСАТ (Беларусь), Euronews Romania (Румынія), Euronews Romania (Румынія).

    Апошнія навіны