Дарагія беларусы!
Нам шмат гадоў расказвалі, што беларуская гісторыя пачалася ледзь не ў мінулым стагоддзі. Маўляў, да Савецкага Саюза ці Расійскай імперыі ў нас нібыта нічога і не было.
Але гэта няпраўда.
8 верасня 1514 года пад Оршай войска Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага пад камандаваннем Канстанціна Астрожскага разграміла маскоўскае войска. Гэта была сапраўды вялікая перамога, і беларусаў, і літоўцаў, і палякаў, і ўкраінцаў.
Пра яе даведалася ўся Еўропа. І сёння, праз больш чым пяцьсот гадоў, мы зноў вяртаем гэтую старонку нашай гісторыі.
Гэта перамога паказвае, што ў беларусаў ёсць свая дзяржаўная традыцыя. Ёсць свая вайсковая гісторыя. Ёсць свае перамогі і свае героі — і гістарычныя, і сучасныя.
І Канстанцін Астрожскі — адзін з іх.
Цікава, што сёння яго лічаць сваім і беларусы, і ўкраінцы. Ён нарадзіўся на Валыні, а ягонае жыццё было звязанае з землямі сучасных Беларусі, Украіны і Літвы.
І сёння яго постаць мае сімвалічнае значэнне, асабліва ў кантэксце вайны, якую Расія развязала супраць Украіны.
Калі ў 2022 годзе расійскія войскі пайшлі з беларускай тэрыторыі на Кіеў, многія беларусы падтрымалі Украіну.
Адны перадавалі інфармацыю пра рух расійскай тэхнікі. Іншыя спынялі цягнікі. А найбольш смелыя беларускія добраахвотнікі ўзялі зброю і пайшлі абараняць Украіну, разумеючы, што перамога Украіны адкрые шанец і для Беларусі.
Я ведаю, што і ў цяперашняй беларускай арміі многія афіцэры і салдаты сёння стаяць на баку Украіны. Цэняць нашу незалежнасць. Не падтрымліваюць дыктатуру. І не дазволяць уцягнуць цалкам Беларусь у гэту злачынную вайну.
Беларускае войска павінна абараняць Беларусь і беларусаў, а не служыць чужым імперскім амбіцыям.
І беларусы, і ўкраінцы – заслугоўваюць жыць у міры і свабодзе.
Я хачу, каб і беларусы, і ўкраінцы жылі ў міры. Каб нашым дзецям не давялося ваяваць. Каб яны раслі ў сваіх краінах, ведалі сваю гісторыю і самі вырашалі, якой будзе іх будучыня.
І мне здаецца, 8 верасня — добры дзень, каб яшчэ раз пра гэта падумаць. І проста памятаць: у нас ёсць свая гісторыя, якой мы можам ганарыцца. І свая краіна, якую мы павінны берагчы.
Жыве Беларусь!
