29 верасня падчас візіту ў Брусель Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнткай Еўрапейскага парламента Рабертай Метсолай.
Бакі абмеркавалі падтрымку беларускага дэмакратычнага руху, умацаванне супрацоўніцтва з еўрапейскімі інстытутамі і дасягнулі наступных практычных дамоўленасцяў:
– Канферэнцыя высокага ўзроўню ў Еўрапарламенце: Мерапрыемства запланавана на снежань. Раберта Метсола пацвердзіла гатоўнасць быць яе палітычнай патронкай, а таксама асабіста прыняць удзел і адкрыць канферэнцыю. Гэта дазволіць скіраваць увагу еўрапейскіх дэпутатаў, чыноўнікаў і міжнароднай прэсы на беларускі парадак дня.
– Запуск праграмы стажыровак для беларусаў: Пад апекунствам Святланы Ціханоўскай і Раберты Метсолы абмяркоўваецца адмысловая праграма, якая дазволіць 10–20 беларусам прайсці стажыроўку ў Еўрапейскім парламенце і атрымаць практычны досвед працы ў еўрапейскіх інстытутах. Праграма нацэленая на падрыхтоўку прафесійных кадраў для будучых дэмакратычных інстытуцый Беларусі. На дадзеным этапе ідзе праца па вырашэнні юрыдычных і працэдурных пытанняў.
«Еўрапейскі парламент — адзін з нашых найбольш надзейных саюзнікаў. Для нас важна не проста захоўваць увагу да Беларусі, але і ператвараць гэтую падтрымку ў канкрэтныя магчымасці для беларусаў: ад праграм падрыхтоўкі новых кадраў да супольных палітычных ініцыятыў», — Святлана Ціханоўская.
