Беларускі пашпартны цэнтр апублікаваў кароткую справаздачу аб працы за бягучы год.
Што зроблена?
— Дзейнасць «Беларускага пашпартнага цэнтра» перанесеная з Літвы. Праведзены аўдыт, рэфармаваная структура цэнтра і аптымізаваныя некрытычныя выдаткі. Гэта павінна дапамагчы праекту ў перспектыве выйсці на самаакупнасць, паскорыць адміністрацыйныя працэсы і наладзіць больш цеснае ўзаемадзеянне з грамадзянамі і міжнароднымі партнёрамі.
— Наладжаны працэс прыёму, апрацоўкі і праверкі заявак праз афіцыйны сайт. Сістэма працуе ў штатным рэжыме. Для заяўнікаў дзейнічаюць служба падтрымкі і сэрвіс зваротнай сувязі.
— Па стане на верасень 2026 было выдадзена 600 дакументаў. Больш за 60 заявак у апрацоўцы.
— Праведзены аўдыт бяспекі пашпартнага праекта. Уцечак даных і непасрэдных пагрозаў не выяўлена. Ключавым прыярытэтам застаецца поўная абарона персанальных даных. Падрабязная інфармацыя пра новыя пратаколы бяспекі і парадак праходжання працэдуры будзе апублікаваная перад яе афіцыйным запускам.
— Арганізаваныя мабільныя пункты збору біяметрычных даных у Польшчы, Украіне, Літве і ЗША. Таксама праводзяцца выязныя сесіі ў іншых краінах Еўрапейскага Саюза, дзе жывуць беларусы.
— Беларускі пашпартны цэнтр дапамагаў у прыёме некалькіх груп вызваленых палітычных зняволеных. Цэнтр прадастаўляў памяшканне, дзе яны маглі атрымаць дапамогу ад Чырвонага Крыжа і беларускіх праваабарончых арганізацый.
— Уладальнікі дакумента мелі магчымасць узяць удзел у выбарах у Каардынацыйную Раду. Яны таксама маюць доступ да лічбавай інфраструктуры беларускіх дэмакратычных сілаў.
— Распрацоўваецца праект дыстанцыйнага збору біяметрычных даных. Яго мэта — зрабіць атрыманне дакумента бяспечным і максімальна даступным для беларусаў у розных краінах. Цяпер для здачы біяметрычных даных неабходная асабістая прысутнасць у Пашпартным цэнтры або на выязной сесіі. Гэта нярэдка патрабуе значных выдаткаў часу і сродкаў, асабліва ў краінах і рэгіёнах з невялікай беларускай дыяспарай.
— З удзелам міжнародных экспертаў у галіне ідэнтыфікацыйных дакументаў праведзены аналіз перспектыў і зроблены праект дарожнай карты для міжнароднага прызнання дакумента.
Пошук партнёраў
Праект «Пашпарт Новай Беларусі» адкрыты да супрацоўніцтва і пашырэння сваёй прысутнасці ў розных краінах.
Мы шукаем дыяспаральныя арганізацыі і беларускія супольнасці, якія могуць дапамагчы ў арганізацыі выязнога збору біяметрычных даных і інфармаванні беларусаў.
Мы таксама адкрытыя да супрацоўніцтва з праваабарончымі і юрыдычнымі арганізацыямі, тэхналагічнымі кампаніямі, а таксама партнёрамі, гатовымі падтрымаць праект фінансава.
Кожны патэнцыйны партнёр праходзіць абавязковую праверку. Давер і бяспека застаюцца базавымі прынцыпамі праекта.
Калі ваша арганізацыя зацікаўленая ў супрацоўніцтве з Беларускім пашпартным цэнтрам, дасылайце прапановы на электронную пошту: info@belarus-passport.com.
Што такое пашпарт Новай Беларусі
Праект пашпарта Новай Беларусі з’явіўся ў адказ на патрэбы беларусаў пасля прыняцця рэжымам так званага «пашпартнага дэкрэта», які пазбавіў грамадзян магчымасці абнаўляць беларускія дакументы за мяжой, а таксама на фоне ўзмацнення транснацыянальных рэпрэсій.
Стварэнне такога дакумента павінна дапамагчы захаваць і абараніць суб’ектнасць беларусаў і беларускага грамадства, зменшыць залежнасць грамадзян ад рэжыму, а ў перспектыве — вырашаць практычныя праблемы, з якімі беларусы сутыкаюцца за мяжой.
Наша мэта — стварыць дакумент, які пацвярджае асобу і беларускае грамадзянства, а ў перспектыве можа стаць прызнаным на міжнародным узроўні праязным дакументам.
Пашпарт мае фізічную і электронную формы, утрымлівае біяметрычны кампанент і распрацаваны ў адпаведнасці са стандартамі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO), якія прымяняюцца да міжнародных праязных дакументаў.
Цяпер дакумент афармляецца для беларусаў, якія жывуць за мяжой, маюць дзейны або пратэрмінаваны пашпарт Рэспублікі Беларусь, а таксама дазвол на жыхарства ці іншы дакумент, што пацвярджае законнасць іх знаходжання ў адпаведнай краіне. Заяўкі прымаюцца з лютага 2025 года.
На гэтым этапе важна дакладна разумець прававы статус дакумента. Пакуль ён служыць дадатковым пацвярджэннем асобы і беларускага грамадзянства. Кожны дакумент утрымлівае ўнікальны асабісты ідэнтыфікацыйны нумар з пашпарта Рэспублікі Беларусь і асноўныя біяметрычныя даныя. Гэта дазваляе арганізацыям і ўстановам трэціх краін праверыць асобу ўладальніка. Кожны атрымальнік дакумента таксама праходзіць базавую працэдуру верыфікацыі.
Пашпарт Новай Беларусі не замяняе дакументы краіны знаходжання, не адмяняе візавых патрабаванняў і пакуль не дае асаблівых ільгот або прэферэнцый.
Ён можа выкарыстоўвацца для доступу да электроннай інфраструктуры беларускіх дэмакратычных сілаў, у лічбавых праектах «Новая Беларусь» і «Тры сланы», а таксама для ўдзелу ў галасаваннях, у тым ліку – на выбарах у Каардынацыйную Раду.
