Ціханоўская да дня пажылых людзей:
Сёння, 1 кастрычніка, — Міжнародны дзень пажылых людзей.
Ціханоўская да дня пажылых людзей:
«Тое, як грамадства ставіцца да старэйшых, добра паказвае яго каштоўнасці.
Клопат пра чалавека ўключае ў сябе шмат рэчаў. Калі на пенсіі не трэба выбіраць паміж ежай і лекамі. Калі побач ёсць медыцынская і сацыяльная дапамога. Калі ў сталым узросце ў людзей ёсць магчымасць атрымліваць асалоду ад жыцця, а не выжываць.
Сёння ААН і Сусветная арганізацыя аховы здароўя абмяркоўваюць, як перабудаваць пенсійныя, медыцынскія, жыллёвыя і сацыяльныя сістэмы дзеля таго, каб людзі жылі даўжэй. У Беларусі пажылых людзей працягваюць пераследаваць і затрымліваць за каментары ў інтэрнэце. Цяпер за кратамі знаходзяцца як мінімум 43 палітзняволеныя пенсійнага ўзросту. Дзевяці з іх ужо больш за 70 гадоў.
Людзі, якія дзесяцігоддзямі працавалі, гадавалі дзяцей, дапамагалі сваім сем’ям, а ў нейкі момант проста захацелі лепшага жыцця для сваіх дзяцей і ўнукаў, апынуліся за кратамі.
Старасць павінна быць часам, калі чалавек можа адчуць: усё, што ён рабіў усё жыццё, мела сэнс. Калі ён можа разлічваць на дапамогу, павагу і бяспеку незалежна ад сваіх поглядаў і жыццёвага шляху. У старэйшым узросце таксама можна падарожнічаць, вучыцца новаму, займацца спортам, сустракацца з сябрамі, займацца любімай справай, удзельнічаць у жыцці свайго горада і краіны, быць патрэбным іншым. Аднак сёння ў Беларусі людзі рэдка нават думаюць пра тое, што жыццё пасля выхаду на пенсію можа быць такім.
Пенсія не павінна азначаць, што жыццё спыняецца. Для гэтага патрэбная сістэма, якая актыўна клапоціцца пра пажылых людзей, слухае іх патрэбы і стварае ўмовы для паўнавартаснага жыцця.
Годная старасць — не прывілей. Гэта тое, што заслугоўвае кожны чалавек».
