8–9 верасня галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка знаходзіўся з працоўным візітам у Празе. Вячорка ўзяў удзел у Conference on Czech Eastern Policy 2026, дзе выступіў на панэлі, прысвечанай аднаўленню Украіны, разам з амбасадарам Украіны ў Чэхіі Васілём Зварычам і прадстаўнікамі Чэхіі і Эстоніі.
Галоўны мэсэдж: аднаўленне і бяспека Украіны непасрэдна звязаныя з будучыняй Беларусі. Дэмакратычная Беларусь павінна стаць бяспечным паўночным суседам Украіны, а не расійскім ваенным плацдармам.
Асобная дыскусія “From Orsha 1514 to Bakhmut & Avdiivka: Why are Belarusians at War Again?”, арганізаваная Офісам беларускіх дэмакратычных сілаў у Чэхіі, AMO і KAS Belarus, была прысвечаная беларуска-ўкраінскім адносінам і гістарычнаму супрацьстаянню расійскай экспансіі. Вячорка падкрэсліў, што беларусы сёння ваююць за Украіну не толькі з салідарнасці: перамога Украіны — у нацыянальных інтарэсах Беларусі, бо аслабленне расійскага імперыялізму адкрывае магчымасць для вызвалення самой Беларусі.
Разам з кіраўніцай Офіса беларускіх дэмакратычных сілаў у Чэхіі Крысцінай Шыянок Вячорка сустрэўся з прадстаўнікамі Офіса прэзідэнта Чэхіі і дырэктаркай Еўрапейскай секцыі МЗС Чэхіі Янай Губачкавай. Абмеркавалі палітычных вязняў, санкцыйную палітыку, падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў і беларусаў у Чэхіі.
Чэшскі бок пацвердзіў, што неўзабаве сваякі беларусаў, якія жывуць у Чэхіі, змогуць атрымліваць візы. Гэта стала вынікам сустрэчы Святланы Ціханоўскай з міністрам замежных справаў Чэхіі Пэтрам Мацінкам, а таксама намаганняў беларускай дыяспары.
Таксама абмеркавалі магчымасць падтрымкі рэпрэсаваных праз Міжнародны гуманітарны фонд, падтрымку беларускіх грамадскіх ініцыятываў і далейшую супрацу з Офісам беларускіх дэмакратычных сілаў у Чэхіі.
У Празе Вячорка таксама сустрэўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і беларускай дыяспары.
