Кіраўнік Офіса Святланы Ціханоўскай у Літве Дзяніс Кучынскі сумесна з юрыдычнай камандай Офіса сустрэліся з кіраўніком Прадстаўніцтва Freedom House ў Літве.
Ён падзякаваў арганізацыі за сістэмную падтрымку беларусаў, якія працуюць дзеля дэмакратычнай будучыні сваёй краіны і былі рэпрэсаваны на Радзіме рэжымам Лукашэнкі.
Бакі абмеркавалі дапамогу беларусам, якія былі вымушаныя пакінуць краіну і апынуліся ў Літве. Таксама абмеркаваны планы па сумесных мерапрыемствах у Злучаных Штатах і Літве. Асобная ўвага была нададзена падрыхтоўцы да магчымага прыезду вызваленых палітвязняў пасля візіту спецпасланніка ЗША Джона Коўла і іх легалізацыі.
Дзяніс Кучынскі:
«Мы вельмі спадзяемся на добрыя навіны. Пасля візіту Джона Коўла ў Літву могуць прыехаць вызваленыя палітвязні. Калі гэта адбудзецца, дапамога ім спатрэбіцца з першага дня. Таму мы ўжо цяпер узгадняем працу з камандай Freedom House і іншымі арганізацыямі: хто сустракае людзей, куды яны могуць звярнуцца і якую падтрымку атрымаюць у першыя дні. Дзякуй за гатоўнасць хутка ўключацца і дапамагаць».
Офіс Святланы Ціханоўскай, Freedom House, фонд «Краіна для жыцця», ініцыятывы «Вольныя» і Dissidentby, Літоўскі Чырвоны Крыж, Беларускі дом правоў чалавека, валанцёрская служба праваабарончага цэнтра «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН і фонд BySol гатовыя дапамагчы палітвязням, калі яны будуць вызваленыя ў выніку дыпламатычных намаганняў ЗША і перавезеныя ў Літву.
Freedom House — праваабарончая арганізацыя, якая падтрымлівае беларускіх актывістаў і праваабаронцаў, дапамагае ахвярам рэпрэсій і сочыць за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.
