• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • 19 верасня — дзень, калі Рэспубліка Беларусь афіцыйна атрымала сваю назву, а бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» сталі дзяржаўнымі сімваламі

    19 верасня, 2026

    19 верасня — дзень, калі Рэспубліка Беларусь афіцыйна атрымала сваю назву, а бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» сталі дзяржаўнымі сімваламі. Святлана Ціханоўская — пра тое, чаму гэтая дата і сёння застаецца важнай для беларусаў:

    «19 верасня 1991 года наша краіна стала называцца Рэспублікай Беларусь. А бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» сталі яе дзяржаўнымі сімваламі.

    Проста ўявіце: бел-чырвона-белы сцяг лунаў на дзяржаўных установах, а «Пагоня» ўпрыгожвала афіцыйныя дакументы. З гэтымі сімваламі Беларусь уваходзіла ў новы перыяд сваёй гісторыі.

    Пазней рэжым пачаў прыбіраць літаральна адусюль: з дзяржаўных будынкаў, з вокнаў, адзення, машын, сацсетак. А цяпер за бел-чырвона-белыя колеры людзей затрымліваюць і судзяць.

    Некалькі дзён таму палітвязень Павел Белавус пасля вызвалення расказаў, што ў калоніі яго прымусілі пазбавіцца татуіроўкі з бел-чырвона-белым сцягам. Рэжым настолькі не прымае частку нашай гісторыі, што спрабуе сцерці яго нават з чалавечага цела.

    І ўсё ж сцерці не атрымалася. Я бачу наш сцяг у Варшаве і Вільні, у Кіеве і Вашынгтоне, на вялікіх маршах і маленькіх сустрэчах беларусаў. Ён едзе з намі ў валізках, вісіць у пакоях, трапляе на вокладкі кніг. З «Пагоняй» носяць худзі, значкі і ўпрыгожванні.

    За гэтыя гады рэжым зрабіў усё, каб беларусы пачалі баяцца ўласных сімвалаў. А атрымалася наадварот: для вельмі многіх яны сталі яшчэ больш блізкімі.

    І асабліва мне хочацца, каб пра 19 верасня ведала нашая моладзь. Каб яны ведалі: Беларусь не заўсёды выглядала так, як сёння. У нашай найноўшай гісторыі ўжо быў момант, калі краіна вярнула сабе сваё імя, свой сцяг і свой герб. Гісторыю можна перапісваць у падручніках. Можна здымаць сцягі з будынкаў і забараняць сімвалы. Але значэнне ім усё роўна надаюць людзі. І беларусы свой бел-чырвона-белы сцяг і сваю «Пагоню» не забылі».

    Апошнія навіны