• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • На палях Генасамблеі ААН прайшоў сайд-івэнт «Беларусь: саўдзельнік вайны Расіі супраць Украіны і пагроза міжнароднай бяспецы»

    22 верасня, 2026

    21 верасня ў Нью-Ёрку на палях Тыдня высокага ўзроўню 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН адбылося міністэрскае мерапрыемства, прысвечанае сітуацыі ў Беларусі, яе ролі ў вайне Расіі супраць Украіны і наступствам палітыкі рэжыму Лукашэнкі для рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі.

    Сустрэчу арганізавалі Латвія і Еўрапейскі саюз пры садзейнічанні Офісу Святланы Ціханоўскай. Акрамя таго, удзел у арганізацыі прынялі прадстаўнікі Украіны, Літвы, Эстоніі, Ірландыі, Швецыі і Чэхіі. 

    На івэнце выступілі генеральная сакратарка Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Кайса Олонгрэн, міністарка замежных спраў Латвіі Байба Бражэ, генеральны сакратар Рады Еўропы Ален Берсэ, міністр замежных спраў Украіны Андрый Сібіга, міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс, міністр замежных спраў Чэхіі Петр Мацінка, дзяржаўны міністр Ірландыі Ніл Рычманд, намеснік міністра замежных спраў Эстоніі Марцін Рогер, прадстаўнік МЗС Швецыі Гунар Альдэн, кіраўнік Freedom House Джэймі Флай і лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская.

    У цэнтры дыскусіі была ключавая тэма: тое, што адбываецца ў Беларусі, не застаецца ўнутранай справай краіны. Унутраныя рэпрэсіі, залежнасць ад Расіі, удзел рэжыму ў расійскай агрэсіі, транснацыянальныя рэпрэсіі і гібрыдныя дзеянні непасрэдна ўплываюць на бяспеку суседніх краін і Еўропы ў цэлым.

    У сваім выступе Святлана Ціханоўская падкрэсліла неабходнасць выразна адрозніваць рэжым Лукашэнкі ад беларускага народа, а Беларусь — ад Расіі. Паводле яе, беларусы не выбіралі гэтую вайну, а будучыня краіны павінна быць звязаная з незалежнай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларуссю, якая будзе не крыніцай пагроз, а прадказальным і мірным суседам.

    Асобным блокам абмеркавалі рэпрэсіі ўнутры Беларусі. Ціханоўская адзначыла, што вызваленне палітвязняў мае вялікае значэнне, але само па сабе не сведчыць пра сістэмныя змены. Паводле яе, рэпрэсіўная сістэма працягвае дзейнічаць: людзей пераследуюць паводле так званага «экстрэмісцкага» заканадаўства, ціск закранае сем’і і блізкіх, а вызваленыя застаюцца пад пагрозай паўторнага пераследу. Таму мэтай, паводле Ціханоўскай, павінна быць не проста скарачэнне колькасці палітвязняў, а поўнае спыненне палітычна матываваных рэпрэсій, вызваленне і рэабілітацыя зняволеных.

    Ціханоўская таксама распавяла пра нядаўна вызваленую групу з 25 палітвязняў, вывезеных у Літву. Паводле яе, пры падтрымцы ЕС і Міжнароднага гуманітарнага фонду ім арганізавалі жыллё, медыцынскую і псіхалагічную дапамогу, а таксама юрыдычную падтрымку. Літва і Польшча дапамаглі з дакументамі тым, хто быў вывезены з Беларусі без пашпартоў. Пры гэтым яна падкрэсліла, што вызваленні адбываюцца на фоне новых затрыманняў і прысудаў.

    Яшчэ адной цэнтральнай тэмай сталі транснацыянальныя рэпрэсіі. У выступе гаварылася пра завочныя суды, канфіскацыю маёмасці, ціск на сваякоў, сачэнне і пагрозы беларусам за мяжой, а таксама праблемы з пашпартамі і консульскімі паслугамі. Ціханоўская заклікала краіны шукаць практычныя рашэнні для беларусаў з пратэрмінаванымі або ануляванымі пашпартамі і асабліва ўважліва правяраць запыты беларускіх уладаў на экстрадыцыю, а таксама запыты праз механізмы міжнароднага паліцэйскага супрацоўніцтва, калі ёсць прыкметы палітычнай матывацыі.

    Значная частка дыскусіі была прысвечаная ролі рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расіі супраць Украіны. Ціханоўская распавяла, што беларуская тэрыторыя і інфраструктура працягваюць выкарыстоўвацца ў інтарэсах Расіі, а ваеннае супрацоўніцтва дзвюх краін паглыбляецца. Паводле Ціханоўскай, у Беларусі будуецца новая ваенная інфраструктура. Яна таксама заявіла, што больш за 600 беларускіх прадпрыемстваў пастаўляюць расійскай арміі зброю, электроніку, паліва, оптыку і боепрыпасы. На яе думку, у выпадку новай эскалацыі беларуская тэрыторыя і інфраструктура могуць быць зноў выкарыстаныя Расіяй.

    Разам з тым Ціханоўская падкрэсліла сувязь паміж будучыняй Беларусі і вынікам вайны ва Украіне. Яна адзначыла падтрымку Украіны з боку беларусаў, у тым ліку тых, хто ваюе на ўкраінскім баку, дапамагае Украіне знутры Беларусі або быў асуджаны за такую падтрымку. 

    Асобная частка выступу была прысвечаная канкрэтным крокам, якіх беларускія дэмакратычныя сілы чакаюць ад міжнароднай супольнасці:

    «Па-першае, захоўвайце ціск пакуль мы не ўбачым сістэмных зменаў. Накіроўвайце санкцыі супраць тых, хто адказны за рэпрэсіі, і кампаній, якія падтрымліваюць вайну Расіі. 

    Па-другое, мы мусім дамагацца поўнай палітычнай амністыі. Вызваліць усіх. Спыніць арышты. Закрыць абсурдныя справы. Людзі павінны мець права бяспечна жыць дома ці вяртацца ў Беларусь без страху. І я заклікаю вас павялічыць унёскі ў Міжнародны гуманітарны фонд, каб дапамога была гатовая да наступных вызваленняў.

    Па-трэцяе, падтрымлівайце прыцягненне да адказнасці. Падтрымлівайце расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда і Міжнародную платформу па прыцягненні вінаватых да адказнасці за Беларусь. Дамагайцеся, каб роля рэжыму Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі і дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей была расследаваная.

    Па-чацвёртае, ізалюйце рэжым, а не беларусаў. Захоўвайце візы, стыпендыі і праграмы мабільнасці, працягвайце падтрымку незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці. Дапамагайце беларусам без сапраўдных пашпартоў. Уключайце дэмакратычную Беларусь у міжнародныя фарматы.

    Па-пятае, Беларусі пасля Лукашэнкі. Ужо цяпер працуйце з беларускімі дэмакратычнымі сіламі над пераходным перыядам, эканамічнай стабілізацыяй, прадухіленнем расійскага ўмяшання і правядзеннем свабодных выбараў. І дайце беларусам ясную еўрапейскую перспектыву».

    На ўзроўні ААН Ціханоўская прапанавала вярнуць Беларусь у цэнтр міжнароднага парадку дня:

    «У мяне ёсць пяць канкрэтных просьбаў:

    Вярніце Беларусь у парадак дня ААН. Пачніце працу над моцнай рэзалюцыяй па Беларусі ў Трэцім камітэце і Генеральнай Асамблеі, якая закране пытанні палітвязняў, транснацыянальных рэпрэсій і ролі рэжыму ў вайне Расіі.

    Арганізуйце сустрэчу па формуле Арыі па Беларусі з удзелам нашых экспертаў, былых палітвязняў і праваабаронцаў.

    Вынесіце транснацыянальныя рэпрэсіі ў міжнародны парадак дня. Правядзіце ў Нью-Ёрку або Жэневе сустрэчу з удзелам прадстаўнікоў урадаў, экспертаў ААН, INTERPOL, грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл.

    Знайдзіце рашэнне праблемы дакументаў. Тысячы беларусаў не могуць бяспечна абнавіць свае пашпарты. Нам патрэбнае міжнародна прызнанае рашэнне для гэтых людзей.

    Абараняйце механізмы ААН па Беларусі. Падтрымлівайце і забяспечвайце фінансаванне Спецыяльнага дакладчыка і Групы незалежных экспертаў.

    І яшчэ адна просьба на гэты тыдзень: калі вашыя лідары будуць выступаць на Генеральнай Асамблеі, згадайце Беларусь.

    І самая апошняя просьба: дайце Украіне ўсё неабходнае, каб яна магла абараніць сябе і перамагчы. Таму што сёння Украіна змагаецца за ўсіх нас».

    Галоўны пасыл выступу Ціханоўскай заключаўся ў тым, што беларускае пытанне павінна разглядацца не толькі як пытанне правоў чалавека, але і як частка больш шырокай размовы пра вайну Расіі супраць Украіны, еўрапейскую бяспеку і будучыню рэгіёну

    Апошнія навіны