Падзеі ў Беларусі
- Працяг рэпрэсій у акадэмічным асяроддзі.
На пачатак жніўня 2026 г. праваабарончыя арганізацыі зафіксавалі 183 выпадкі пераследу ў сувязі з абвяшчэннем Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэта экстрэмісцкай арганізацыяй. Пераслед закранае студэнтаў і выпускнікоў, іх бацькоў, выкладчыкаў, былых супрацоўнікаў Універсітэта. Вядомыя выпадкі арыштаў па адміністрацыйных справах, ператрусаў, допытаў, выклікаў на размовы ў КДБ. Фактаў ціску на самой справе можа быць больш, бо супрацоўнікі КДБ звычайна патрабуюць не разгалошваць гэтую інфармацыю.
- Абнаўленне ідэалагічных установак на пярэдадні новага навучальнага года
Напярэдадні новага навучальнага года Міністэрства адукацыі адправіла інструктыўна-метадычны ліст аб выкладанні гісторыі ў школе. У ім падкрэсліваецца, што “перыяд знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі адыграў вялікую ролю ў афармленні нацыянальнай беларускай дзяржаўнасці. Уключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі з’явілася вырашальным фактарам, які дазволіў спыніць паланізацыю беларусаў, садзейнічаў развіццю нацыянальна-духоўных традыцый”. З іншага боку, перыяд знаходжання Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай апісваецца пераважна ў негатыўным сэнсе. Перыяд сталінскіх рэпрэсій у БССР у 1930-я гг. рэкамендавана разглядаць як час, у які “будаўніцтва сацыялістычнай сістэмы адкрыла перспектыву для шырокіх народных мас”. Ацэнка саміх рэпрэсій амаль даслоўна паўтарае погляды савецкай гістарыяграфіі, згодна з якімі мелі месца толькі асобныя “скажэнні прынцыпаў справядлівасці і законнасці”.
- Узмацненне мілітарызацыі сярэдняй і прафесійнай адукацыі
Міністэрства адукацыі абвясціла аб зменах у дапрызыўнай падрыхтоўцы. Паведамляецца, што практыка правядзення 10-дзённых ваенна-палявых збораў будзе пашырана. Па словах міністра А. Іванца, калі ў 2026 г. у іх было задзейнічана 15% дзясяцікласнікаў г. Мінска, на 2027 г. пастаўленая задача давесці да 100%. Апроч гэтага, такія зборы будуць праходзіць навучэнцы прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.
Праграма курса пачатковай ваеннай падрыхтоўкі будзе дапоўнена вывучэннем кіравання беспілотнымі лятальнымі апаратамі (БПЛА) і тактычнай медыцыны. Характэрна, што пасяджэнне педагагічнай секцыі па дапрызыўнай падрыхтоўцы адбывалася на базе вайсковай часці 5448 унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.
- Анансавана стварэнне новай ВНУ
У жніўні быў абвешчаны праект стварэння Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій. Чакаецца, што гэта будзе невялікая ВНУ, разлічаная на падрыхтоўку 500 – 600 студэнтаў у галіне прыродазнаўчых навук і інжынерных тэхналогій (прыкладное матэрыялазнаўства, фізіка-хімічная інжынерыя, аэракасмічныя тэхналогіі). Адна з галоўных мэтаў — забяспечыць максімальна аператыўную абсорбцыю ўсіх новых тэхналогій, іх апрабацыю ў адукацыйным працэсе і далейшую перадачу ў традыцыйныя ўніверсальныя ВНУ. Відавочна, што шмат у чым Акадэмія будзе арыентаваная на патрэбы ваенна-прамысловага комплексу. Невыпадкова, што А. Лукашэнка паставіў перад ёй задачу “вынайсці прынцыпова новы магутны сродак барацьбы з беспілотнікамі, якія зараз ва ўсіх на слыху”. Таксама Акадэмія павінна дапамагчы вырашыць праблему недахопу кваліфікаваных выкладчыкаў, звязаную са старэннем кадраў: “вырасціць новых вучоных, выкладчыкаў, галоўных тэхнолагаў”. Сярод іншага ўзгадваецца задача перашкодзіць выезду таленавітай моладзі з краіны.
Гэта ўжо другая на працягу года ініцыятыва стварэння новай ВНУ. У студзені быў абвешчаны праект Адукацыйнага цэнтра па падрыхтоўцы кадраў перспектыўных напрамкаў з падобным да Акадэміі профілем падрыхтоўкі.
- Міністэрства адукацыі адмовілася ад стварэння рэестру рэпетытараў
Міністэрства адукацыі Беларусі адмовілася ад ідэі ствараць абавязковы рэестр рэпетытараў. Нагодай для адмовы стала публічнае абмеркаванне праекта і негатыўная рэакцыя грамадскасці. Планавалася, што толькі асобы, уключаныя ў рэестр, будуць дапушчаныя да гэтай працы. Замест яго плануюць запусціць адмысловую “вітрыну” фізічных асоб, якія самастойна займаюцца прафесійнай дзейнасцю па навучанні дзяцей. Удзел у “вітрыне” дабраахвотны, але адзначаецца, што асобы, асуджаныя па “экстрэмісцкіх” справах, доступу да яе не атрымаюць.
- Прыпіскі ў сферы адукацыі
Пракуратура Віцебскай вобласці паведамляе аб крымінальнай справе супраць былога рэктара ВНУ, які некалькі гадоў фіктыўна залічваў абітурыентаў на бюджэтныя месцы, каб схаваць рэальныя праблемы з наборам студэнтаў. На думку незалежных медыяў, гаворка ідзе пра Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Рэктар загадаваў супрацоўнікам падаваць у прыёмную камісію дакументы людзей, рэгістраваць іх і ўносіць у афіцыйныя дакументы загадзя ілжывыя звесткі аб прыёме і залічэнні на першы курс. Пазней фіктыўна залічаных людзей проста адлічвалі.
Ёсць меркаванне, што падобная сітуацыя характэрная для шмат якіх ВНУ, якія не карыстаюцца папулярнасцю ў абітурыентаў, але абавязаны выконваць дзяржаўныя планы набору студэнтаў.
Падзеі па-за межамі Беларусі
- Манаграфія беларускага гісторыка Уладзіміра Канановіча апублікаваная ў Вялікабрытаніі
Манаграфія беларускага гісторыка Уладзіміра Канановіча “Сацыяльная памяць і памятныя ландшафты ва ўсходняй частцы сярэднявечнай Еўропы” выйшла ў брытанскім выдавецтве ARC Humanities Press.
Гэта вынік грунтоўнага даследавання працэсу фарміравання сацыяльнай памяці ў асяроддзі арыстакратычных колаў сярэднявечнай Усходняй Еўропы, якія імкнуліся стварыць новую версію мінулага, адпаведную тагачасным рэаліям. Аўтар імкнецца адказаць на пытанне, чаму пэўныя гістарычныя падзеі і постаці, рэальныя ці ўяўныя, набывалі асаблівую папулярнасць у пэўных кантэкстах і прасторах, нават калі сувязь з імі была сумнеўнай. Гаворка ў тым ліку ідзе пра тое, як пачынаючы з XVI стагоддзя ўяўленні пра Міндоўга пачалі цесна асацыявацца з Наваградкам, а не з Вільняй.
- Дыскусія па адукацыі на канферэнцыі «Новая Беларусь»
На канферэнцыі «Новая Беларусь» 2026 г. упершыню была праведзеная асобная панэль па адукацыі. У дыскусіі ўдзельнічалі прадстаўнікі экспертнай супольнасці, студэнцтва, настаўнікаў, бацькоўскіх арганізацый. У цэнтры ўвагі апынуўся крызіс беларускай адукацыі і шляхі яго пераадолення. Удзельнікі адзначылі, што сістэма ўнутры краіны ўсё больш падпарадкоўваецца прапагандзе, мілітарызацыі, русіфікацыі і палітычнаму кантролю, а школы і ўніверсітэты губляюць кваліфікаваных настаўнікаў і навукоўцаў. Беларуская дыяспара імкнецца захаваць мову і культуру, але сутыкаецца з недахопам школ, падручнікаў і фінансавання.
Асобную ўвагу прыцягнуў ЕГУ, які, на думку выступоўцаў, у крызіснай сітуацыі не здолеў належным чынам абараніць беларускіх студэнтаў і згубіў сваю першапачатковую місію. Удзельнікі дыскусіі прапанавалі стварыць новы нацыянальны ўніверсітэт, падтрымаць бацькоў і настаўнікаў, адукацыйныя ініцыятывы дыяспары. Галоўная мэта — не згубіць маладое пакаленне і захаваць інтэлектуальны патэнцыял для дэмакратычнай еўрапейскай Беларусі.
- Павел Церашковіч выступіў з публічнай лекцыяй у Музеі вольнай Беларусі
Гісторык, культурны антраполаг і дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Павел Церашковіч выступіў 11 жніўня ў варшаўскім Музеі вольнай Беларусі з публічнай лекцыяй пра падзеі 2020 года ў Беларусі. На яго думку, гэта былі не проста пратэсты, а сапраўдная рэвалюцыя, мэтай якой было не вырашэнне асобнай праблемы, а карэнная змена палітычнага ладу. Такое азначэнне падтрымліваюць многія беларускія і замежныя даследчыкі. Церашковіч падкрэсліў, што ў адрозненне ад іншых палітычных узрушэнняў ХІХ—ХХ ст., якія былі хутчэй рэхам з эпіцэнтру па-за межамі Беларусі, падзеі 2020 г. маюць выключна беларускае паходжанне. Гэта дазваляе іх характарызаваць менавіта як Першую беларускую рэвалюцыю. На думку лектара, 23 жніўня 2020 года пратэстоўцы былі вельмі блізкія да перамогі. Аднак ім не хапіла некалькіх соцень або тысяч людзей, гатовых зрабіць рашучы крок наперад. Новае «акно магчымасцяў» можа адкрыцца раптоўна, асабліва калі Расея аслабне з-за вайны. Галоўная выснова лектара: шлях да дэмакратыі можа быць доўгім, але трэба аналізаваць мінулае і быць гатовымі дзейнічаць больш рашуча.
- Манаграфія аб памяці пра Другую сусветную вайну ў Беларусі апублікавана ў Германіі
Манаграфія нямецкай даследчыцы Екацярыны Кедынг (Ekaterina Keding) “Памяць паміж трыумфам і траўмай. Беларусь і Другая сусветная вайна, 1942–2019 гг.” («Erinnerung zwischen Triumph und Trauma. Belarus und der Zweite Weltkrieg, 1942–2019») апублікавана ў выдавецтве Vandenhoeck & Ruprecht.
У кнізе падрабязна разглядаецца, як памяць пра Другую сусветную вайну прадстаўлена ў музеях, помніках і мемарыяльных комплексах Беларусі, у тым ліку ў матэрыялах пра партызанскі рух. Назва кнігі перадае дзве важныя тэмы: гераічны вобраз вайны — перамогу і подзвігі партызанаў — і цяжкую калектыўную траўму, звязаную з вялікімі чалавечымі стратамі, спаленымі вёскамі, Халакостам і акупацыяй. Аўтарка аналізуе, як дзяржава, лакальныя супольнасці і гісторыкі ў розныя перыяды ўплывалі на тое, як грамадства памятае вайну. Яна ставіць пад сумнеў уяўленне, што ў Беларусі існуе адзіная і нязменная версія памяці пра вайну. Архіўныя матэрыялы паказваюць, што і ў савецкі, і ў постсавецкі час гэтая памяць была разнастайнай, залежала ад абставін і нярэдка выкарыстоўвалася ў палітычных мэтах.
